Гадзінка на “Слінг Area” — і пачынаеш думаць, што ў гэтым горадзе і ў гэтым жыцці ўсё проста “зэ бэст”. Вось нехта маленькі і кірпаты цягне маці за валасы, ягоны калега па слінгу смокча мамчына малако, нехта поўзае, а хтосьці чамусьці расплакаўся. У гэтую суботу ў Loft cafe сабралася велізарная слінгатусоўка бацькоў, галоўнымі ўдзельнікамі якой сталі, канечне ж, самі пупсы.
Не паспелі карэспандэнты Budzma.org зайсці і агледзецца, як тут жа сустрэлі ўдзельніцу гурта “Нагуаль” і маладую маму па сумяшчальніцтве Анаку Шапашнікаву з дачкой Евай, якая салодка спала ва ўтульным слінгу. Еве ўсяго 1 месяц і 3 тыдні — нават не вызначыш, да каго яна падобная больш — да мамы ці да таты, музыкі Леаніда Паўлёнка. Гэткі немаўлёнак ад Паўлёнка.
“Імя выбралі такое, бо яно азначае “жыццё”, — патлумачыла Анака. — Дачка нас з татам вельмі натхняе ў плане творчасці. Напрыклад, цяпер мы рыхтуем новую музычную праграму песняў на вершы дзіцячых паэтаў Рэнаты Мухі, Ціма Сабакіна і…Леаніда Паўлёнка. Спадзяюся, неўзабаве зробім цудоўнае музычнае свята для самых маленькіх”.
Пакрысе на дзіцяча-бацькоўскую тусоўку ў Loft Cafe збіраецца столькі малых, што мімаволі пачынаеш “плыць” па гэтых яшчэ невыразных “агу” і нават губляцца — так шмат дзетак і ўсе такія розныя… Арганізатар “Слінг Area” Наста Хоміч-Базар праводзіць маленькі экскурс па падзеі. Вось, напрыклад, кірмаш, дзе мамы могуць набыць слінгі, цацкі, слінгапацеркі, а таксама розныя хэндмэйдаўскія вязаныя штукі. Далей — фотазона, дзе можна зрабіць цудоўнае сямейнае фота. Ёсць тут і свая маленькая ўтульная прастора для кармлення і поўзання. Кожныя паўгадзіны – міні-лекцыі па розных відах слінгаў і намотак.
Некаторыя мамы прыйшлі на кансультацыю вядомага спецыяліста па грудным выкормліванні Наталлі Разахацкай. Сама Наталля прыйшла з малодшай дачкой Марынай (4,5 месяцаў). З Марынкай у гэтай мамы ажно тры дачкі, і ўсе яны раслі ў слінгах.
“Існуе міф, што насіць дзіцятка ў слінгу шкодна для пазваночніка, — расказвае Наталля. — Але гэта няпраўда. У слінгу малое знаходзіцца ў такой жа паставе, як калі б мама проста трымала яго на руках. Толькі слінг зручнейшы. Мама можа рухацца больш свабодна”.
А ў нас яшчэ адна цікавая навіна. Неўзабаве ў Беларусі з’явіцца газета пра так званае натуральнае бацькоўства — “Яблыка ля яблынкі”. “У выданні, якое на шляху да рэгістрацыі, — кажа адна з ініцыятараў газеты Марыя Пятрашына, — мы будзем даваць шмат карыснай інфармацыі для бацькоў. Плануем ахапіць цэлы шэраг тэмаў: здаровы лад жыцця, натуральнае нерадыкальнае бацькоўства, грудное выкормліванне, харчаванне малога і мамы. Таксама плануем арганізаваць у Мінску прастору для мам і дзяцей, дзе б ім было цікава бавіць вольны час. Гэта будуць і музычны клуб, і майстар-класы па маляванні для самых маленькіх, і лекцыі для бацькоў”.
І, нарэшце, галоўная і самая відовішчная падзея “Слінг Area” — дэфіле слінгалуку. Калі хтосьці думае, што слінг — гэта кавалак матэрыі са шпількай, ён моцна памыляецца. Тут свая мода, свае трэнды. Ёсць слінгі з колцамі, а ёсць слінгі-шалікі. Сапраўдны хіт — слінгі-заплечнікі. Гэта проста знаходка для актыўных бацькоў, якія нават са з’яўленнем дзіцяці не могуць сядзець на месцы: пасадзіў малога ў заплечнік — і можна хоць горы скараць. Расцэнкі на слінгі розныя. Самыя просценькія мадэлі можна прыкупіць літаральна за Br200 тыс., а брэндавыя рэчы (кшталту Didymos — прасунутыя мамы ведаюць!) могуць пацягнуць і на 100 USD. Але хіба для маленькага сонейка можа быць чагосьці шкада?
Кася Кірпацік
Фота: Зарына Кандрацьева