Музычна-паэтычная вечарына, прысвечаная 100-годдзю Ларысы Геніюш, адбылася ў Ракаве Валожынскага раёну Мінскай вобласці 30 чэрвеня.
«На роднай зямельцы ўсе мы не госці…»: спявае Алесь Камоцкі. Злева — Язэп Янушкевіч.
На сустрэчу з вандроўнікамі прыехалі паэт і даследчык творчасці Ларысы Геніюш Міхась Скобла, бард Алесь Камоцкі і літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч.
На імпрэзе прысутнічала больш за 50 чалавек.
Кнігу Л. Геніюш «Ад родных ніў» і сувеніры ад кампаніі «Будзьма беларусамі!» з рук Міхася Скоблы атрымлівае студэнтка Вольга Няфёдава.
Міхась Скобла:
«Дом культуры быў запоўнены пераважна студэнцкай моладдзю, хоць у Ракаве — мястэчку знаным, з багатай гісторыяй, — свайго універсітэта пакуль няма. Аказалася, гэта былі студэнты гістфака Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы, якія на двух аўтобусах вандравалі па мястэчках Заходняй Беларусі».
Міхась Скобла расказаў пра нядаўнюю ўсебеларускую талаку ў Жлобаўцах — на радзіме паэткі, пачытаў прысвечаныя ёй вершы і падараваў студэнтам кнігі Ларысы Геніюш.
Алесь Камоцкі выканаў некалькі песняў на геніюшаўскія вершы, расказаў аб працы над новым альбомам.
Зала цёпла прымала выступоўцаў
Язэп Янушкевіч падзяліўся сваімі літаратурнымі знаходкамі ў архівах Кракава і Вільні, прыгадаў свае сустрэчы ў Ракаве з Уладзімірам Караткевічам.
Творчая вечарына адбылася ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!»