Наперадзе вялікія выходныя і актуальнае штогод пытанне, дзе і як сустракаць Новы год. Тым, хто ўжо стаміўся бавіць час за сталом, прапануем скіравацца ў вандроўку. «Будзьма», як заўжды, дапаможа з маршрутам. Прапануем рушыць на ўсход ад Мінска. Там нас чакаюць два часткова адноўленыя сядзібна-паркавыя комплексы, якія памятаюць славуты род Агінскіх, кампазітара Станіслава Манюшку, мастакоў Парыжскай школы жывапісу Хаіма Суціна і Файбіша-Шрагу Царфіна і іншых выбітных месцічаў. Такім чынам, наведаем Смілавічы і Дукору.
Палац Манюшкаў-Ваньковічаў, Смілавічы. Фота planetabelarus.by
Смілавічы
Смілавічы знаходзяцца ў 30 хвілінах язды ад Мінска, на рацэ Волма. Упершыню ў пісьмовых крыніцах Смілавічы згадваюцца ў XV стагоддзі як частка Бакштаў — уладанняў роду Бакштанскіх у складзе Менскага ваяводства ВКЛ. Назва Смілавічы ад татарскага імя Сміл замацавалася толькі ў XVII стагоддзі, калі на ўскрайку паселішча пасяліліся татары.
Вядома, што з канца ХVIII стагоддзя Смілавічы належалі Станіславу Манюшку, дзеду знакамітага кампазітара, які нарадзіўся ў суседнім маёнтку Убель. Сёння ў вёсцы Убель ад роднай сядзібы славутага кампазітара засталіся толькі рэшткі парку. Станіслаў Манюшка быў ахрышчаны акурат у смілавіцкім касцёле Святога Вінцэнта. На жаль, храм не захаваўся да нашых дзён. Як ён выглядаў, можна пабачыць на малюнку Напалеона Орды.
Смілавічы. Малюнак Напалеона Орды
Палац Манюшкаў-Ваньковічаў
У Смілавічах захаваўся цэлы палац Манюшкаў-Ваньковічаў, які знаходзіцца ў стане рэстаўрацыі. Тут можна наведаць музей, прысвечаны двум знакамітым ураджэнцам Смілавічаў, прадстаўнікам Парыжскай школы жывапісу мастакам Хаіму Суціну і Файбішу-Шрагу Царфіну.
Палац Манюшкаў-Ваньковічаў, Смілавічы. Фота re.kufar.by
На пачатку ХХ стагоддзя Смілавічы былі тыповым шматнацыянальным, шматканфесійным беларускім мястэчкам з хрысціянскімі храмамі, мячэтам і 5 сінагогамі. Каля 70% насельніцтва Смілавіч складалі юдэі. Падчас Другой сусветнай вайны больш за 2000 мясцовых яўрэяў былі знішчаны нямецкім войскам, і ад шматвекавой мясцовай традыцыі не засталося і следу. Але з 2005 года пачалося аднаўленне гісторыі яўрэйства Смілавічаў. Турыстычны гайд па мястэчку знойдзеце тут:
Асноўным вартым наведвання аб’ектам у Смілавічах з’яўляецца сядзіба Манюшкаў — помнік архітэктуры канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Сядзіба была канчаткова завершана ўжо Лявонціем Ваньковічам, які ажаніўся з Паўлінай Манюшкай. Будынак узведзены ў неагатычным стылі з элементамі мадэрнізму. Лічыцца, што сядзібна-паркавы ансамбль у Смілавічах быў пабудаваны на месцы старога замчышча XVI стагоддзя.
Палац Манюшкаў-Ваньковічаў, Смілавічы. Фота 34travel.me
Першапачаткова архітэктурны комплекс уключаў два палацы, шэраг гаспадарчых пабудоваў і пейзажны парк, які часткова захаваўся. Ацалеў і архіў, уключна з дакументамі Агінскіх, Манюшкаў, Ваньковічаў ды карцінная галерэя палаца, у складзе якой быў знакаміты партрэт Міцкевіча на скале Аю-Даг пэндзля Валенція Ваньковіча, што захоўваецца ў Нацыянальным музеі Варшавы.
Міцкевіч на скале Аю-Даг
Музей «Прастора Хаіма Суціна»
Сёння ў сценах колішняй сядзібы Манюшкаў варта наведаць народны музей «Прастора Хаіма Суціна». Музей, прысвечаны выбітным месцічам, прадстаўнікам знакамітай Парыжскай школы жывапісу Хаіму Суціну і Файбішу-Шрагу Царфіну, адчыніў свае дзверы ў 2008 годзе.
Першая зала музея распавядае пра дзяцінства і юнацтва Суціна, яго жыццё і навучанне ў Смілавічах ды Вільні. Другая зала, стылізаваная пад парыжскую кавярню, раскрывае атмасферу творчага асяродку ў Парыжы, дзе адбывалася станаўленне Суціна як мастака. Трэцяя зала прысвечана Файбішу-Шрагу Царфіну, жывапісцу, дызайнеру па тканіне, паэту, кніжнаму ілюстратару. Чацвёртая зала адведзена пад выставы сучасных мастакоў.
У музеі «Прастора Хаіма Суціна». Фота planetabelarus.by
Да сярэдзіны студзеня ў музеі адбываецца рамонт. Пазней наведаць музей можна толькі па папярэдняй дамоўленасці па нумарох +375(17)142-32-46, +375(29)769-83-85.
Уваходны квіток каштуе 9 BYN. У кошт уваходзіць 2 гадзіны экскурсіі з мясцовым экскурсаводам па трох асноўных залах музея ды кава. З усімі падрабязнасцямі можна азнаёміцца на сайце музея.
У музеі «Прастора Хаіма Суціна». Фота soutine-smilovichi.by
Дукора
Са Смілавічаў прапануем рушыць у колішні маёнтак Дукора, што ў дзесяці кіламетрах ад нашай папярэдняй кропкі.
Дукора вядомая ў пісьмовых крыніцах з XVI стагоддзя як частка маёнтка Бакшты, што належаў Завішам, Шэметам, а апошнім уладальнікам Бакштаў быў гетман Міхал Казімір Агінскі. У 1791 годзе мястэчка перайшло да Францішка Аштропа — сына аселага на Літве пасля Паўночнай вайны шведскага жаўнера арміі Карла XII. У першай палове XIX стагоддзя сын Францішка Леў Ашторп пабудаваў у Дукоры мураваны палац.
Палац Аштропа ў Дукоры, малюнак Напалеона Орды
Музейны комплекс «Дукорскі маёнтак»
З 2015 года на тэрыторыі колішняга маёнтка працуе музейны комплекс «Дукорскі маёнтак». З аўтэнтычных аб’ектаў, што належалі да сядзібна-паркавага ансамблю, захавалася няшмат: незвычайная па канструкцыі брама, флігель і парк з парай сажалак.
Дукорскі маёнтак, прысада. Фота planetabelarus.by
У адноўленай падчас рэканструкцыі пяціўзроўневай браме сёння месціцца адна з музейных экспазіцый.
Дакладная дата пабудовы брамы невядомая. Але найбольш верагодна, што яна была закладзена акурат Францішкам Аштропам, які ўзвёў тут сядзібу напрыканцы XVIII — пачатку ХІХ стагоддзяў.
Дукорскі маёнтак, брама. Фота dukora.by
Уласна музей мае два пакоі. Экспазіцыя першага прысвечана ранняй гісторыі Дукоры і яе ўладальнікам, другі пакой распавядае пра гісторыю сядзібнага комплексу ў ХХ стагоддзі. У музеі экспануецца аб’ёмны макет страчанага будынка сядзібы ў стылі класіцызм, партрэты, генеалагічныя дрэвы і гербы ўладальнікаў маёнтка. У іншых залях месцяцца часовыя выставы, шляхецкія строі ды прадметы побыту.
Дукорскі маёнтак. Фота planetabelarus.by
На тэрыторыі музейнага комплексу шмат цікавых аб’ектаў: адноўленая стайня, страчаная за савецкім часам, бровар, дзе наладжаны тэхналагічны працэс вырабу гарэлкі, за якім можна назіраць праз панарамныя вокны, вуліца майстроў, якая складаецца з ганчарнай майстэрні, кузні, майстэрні вышыўкі і інш. Адной з улюбёных турыстамі цікавостак з’яўляецца «перакулены дом», дзе можна зрабіць канцэптуальны фотасэт.
Перакулены дом. Фота dukora.by
На навагодні перыяд, дакладней, 2 студзеня, з 12:00 «Дукорскі маёнтак» прапануе наведаць святочную праграму «Пад ялінкай». Абяцаюць шэраг анімацыйных экскурсій з улюбёнымі героямі: Пан Маршалак, Дзед Мароз і Снягурка, калядныя Дзед і Каза, нават Чорт.
У праграме плануецца калядаванне, спевы, танцы, дэгустацыя традыцыйных напояў, зімовыя гульні на свежым паветры, калядныя майстар-класы і падарункі. Папярэдні запіс на імпрэзу не патрэбны, квіткі можна набыць у касе ў дзень мерапрыемства.
Кошт квіткоў: дзеці да 7 год — бясплатна; дзеці 7–18 год — 10 BYN; дарослыя — 20 BYN.
Усе падрабязнасці па спасылцы.
Дукорскі маёнтак. Фота planetabelarus.by
Яшчэ некалькі варыянтаў вандровак на выходныя
Вандроўка аднаго дня: едзем у Жылічы — беларускі Версаль на 100 пакояў
Будынак захаваўся да нашага часу з ХІХ стагоддзя, сёння якасна адрэстаўраваны і чакае наведнікаў. Тут можна пабачыць маштабны архітэктурны прыклад позняга класіцызму на сто пакояў, рэстаўрацыяй якога займаўся Алесь Пушкін, заночыць на борце плавучай базы адпачынку ды сустрэць па дарозе шмат іншых цікавостак.
Вандроўка аднога дня: палац Валовічаў у Свяцку
Прапануем завітаць у адноўлены палацава-паркавы ансамбль Валовічаў XVIII–XIX стагоддзяў, які сёлета адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў. Сёння на тэрыторыі комплексу «Вялікі Свяцк Валовічаў» прапануюць паслугі гасцініца, якая месціцца ў адноўленых флігелях палаца, рэстарацыя «Свяцкі бровар», ёсць экскурсіі, SPA, карпаратывы і іншае.
Вандроўка аднога дня: едзем у Красны Бераг
У вёсцы Красны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці з ХІХ стагоддзя захаваўся маляўнічы сядзібна-паркавы ансамбль роду Козел-Паклеўскіх. Будынак сядзібы якасна адрэстаўраваны і чакае наведнікаў. Тут можна пабачыць унутраныя аздабленні пакояў у розных стылях: гатычным, барочным, ракако, а таксама прагуляцца па прысядзібнаму парку ды наведаць мемарыял на месцы дзіцячага канцлагеру.
Язэп Вараніцкі, budzma.org