Калі паглядзець на малюнкі з выявамі беларускіх сялян, шляхцічаў ці ваяроў XVI—XІХ стагоддзяў, то міжволі закрадаецца сумнеў — на старой гравюры відавочна лета, дрэўцы з лісцем, зялёныя палі, а селянін абавязкова апрануты ў суконную світку, цёплая шапка на галаве. А шляхта, дык, здаецца, і зімою і летам футраў не здымала. І насамрэч усё гэта праўда і цалкам адпавядае рэчаіснасці, паколькі клімат у тыя часы быў намнога халаднейшы, чым цяпер. Распавядаем, як асаблівасці клімату ўплывалі на штодзённае жыццё нашых продкаў, якія сведчанні тагачасных халадоў засталіся ў вайсковай і палітычнай гісторыі, а таксама ў матэрыяльнай культуры.
Сяляне на літаграфіях першай паловы XIX ст. заўжды апрануты вельмі цёпла
Што такое «малы ледавіковы перыяд»
Час з канца XIV–XIX ст. у гісторыі планеты называюць «малым ледавіковым перыядам». Вучоныя, як правіла, звязваюць малы ледавіковы перыяд з шэрагам вывяржэнняў вулканаў па ўсёй экватарыяльнай зоне Зямлі ў тыя стагоддзі.
Шляхціц заўжды мае накінутую на жупан дэлію, кунтуш ці капяняк з футравай падкладкай
Маўляў, вулканы выкідвалі ў атмасферу шмат попелу, той надоўга завісаў у паветры, і сонца проста не магло награваць зямлю. Далей станавілася больш лёду, а лёд сам па сабе сонечныя промні адбівае. А далей глабальнае пахаладанне вельмі замаруджвае рух цёплых цячэнняў у акіянах — напрыклад, Гальфстрым не даходзіць да Еўропы так хутка, як раней. І за вокнамі ўсё халадней і халадней. Словам, ланцужковая залежнасць...
Сведчанні прыроднага катаклізму ці Божага гневу
Пра падзеі 1453 г. «Хроніка Быхаўца» сціпла паведамляе: «29 траўня туркі ўзялі Царград». Хрысціяне звязвалі падзенне Канстанцінопаля з гневам Божым, аднак сучасныя даследчыкі бачаць прычыну таксама і ў прыродных фактарах. Абаронцы горада не мелі дастаткова запасаў збожжа, якога збіралі занадта мала ў папярэднія халодныя гады. Але асаблівую важнасць мела тое, што сонца на небе над горадам пастаянна мела выражаны бардовы колер — колер крыві. Гэта моцна ўплывала на маральны стан абаронцаў сталіцы Візантыі, паколькі ў такім колеры сонца яны бачылі немінучыя знакі паразы. Яны не маглі ведаць, што сонца стала чырвоным ад вялікіх мас попелу, якія ўзняліся ў зямную атмасферу пасля выбуху вулкана недзе на другім баку планеты.
Узяцце Канстанцінопаля асманамі ў 1453 г. Сучасны малюнак
Дарэчы, беларускія летапісы адзначалі, што год узяцця Канстанцінопаля туркамі адзначыўся непагаддзю і на нашых землях.
Выбух далёкага вулкана
Першае моцнае еўрапейскае пахаладанне, яўна звязанае з выбухам вулкана, адбылося ў самым пачатку XVII ст. 16 лютага 1600 г. за тысячы кіламетраў ад нашых земляў, у Паўднёвым Перу, выбухнуў вулкан Уайнапуціна. Ні да, ні пасля паўднёваамерыканскі кантынент не бачыў такога магутнага вывяржэння, аднак яго наступствы вельмі хутка адчуліся паўсюль.
Адзін са шматлікіх вулканаў экватарыяльнага поясу зямлі
Наступныя некалькі гадоў у Еўропе фактычна не было лета — снег мог выпасці нават у чэрвені, пастаянна ішоў халодны дождж. У некаторых беларускіх хроніках пісалася, што Балтыйскае мора замярзала да «Гоцкага вострава» (цяпер Готланд), і да яго можна было даехаць ледзь не на санях. Тое было вялікай праблемай для балтыйскага гандлю, а таксама для забеспячэння Еўропы самай спажыванай у тыя часы рыбай — вяленай траскою ды салёнай сялёдкай. Караблі не плавалі, рыбу не лавілі і не перавозілі. Факт замярзання Балтыкі і глыбокага прамярзання беларускіх рэк, асабліва Нёмана і Дзвіны, вельмі турбавалі мясцовых купцоў, для якіх гэтыя рэкі былі асноўнымі гандлёвымі шляхамі, а Готланд — найважнейшай гандлёвай пляцоўкай. Дарэчы, у пачатку XVII ст. у нашых гарадах згадваюцца лядовыя кірмашы, калі гандаль выходзіў па-за межы гарадскіх рынкаў і размяшчаўся проста на лёдзе. Тое было прывольна, навокал рынка можна было будаваць лядовыя крэпасці і кідацца сняжкамі.
Менавіта з пачатку XVII ст. паходзяць маляўнічыя палотны шматлікіх нідэрландскіх мастакоў, на якіх паказаныя замёрзлыя рэкі і азёры, на якіх людзі гандлююць, коўзаюцца на каньках ды санках або займаюцца якой іншай справай. Заснежаны сумны пейзаж з «Паляўнічых» Брэйгеля — вялікая рэдкасць для сучасных Нідэрландаў.
Карціны Пітэра Брэйгеля Старэйшага створаны да 1569 г. і паказваюць такую колькасць снегу, што сучасныя галандцы і не бачылі
Хроніка размешчанага недалёка ад Быхава Баркулабаўскага манастыра падае жудасныя карціны прыроднай і гуманітарнай катастрофы, якая ахапіла Рэч Паспалітую.
«У 1601 г., 10 кастрычніка, цэлы дзень ішоў моцны ды густы снег, выпаў на паўгалёнкі. Была і моцная бура. Тады пшаніцу, ярыну, авёс, грэчку, гарох ды ўсю гародніну, усё, што было на палях несабранае, а таксама зжатыя копы пазамятала снегам, было балюча і страшна глядзець і чуць уздыхі і плач людзей убогіх, аратаяў бедных...»
Падобная катастрофа здарылася і ў 1602 г.: «На дзясятым тыдні таго ж 1602 г. быў страшны мароз. Усе кветкі памарозіла. Пачатак быў грозны, а канец слёзны. Усю агародніну — капусту, буракі, цыбулю, мак, гарох, ячмень, яравую пшаніцу — мароз пабіў. Вялікае гора было глядзець на тых людзей галодных».
Голад прывёў да распаўсюджання хваробаў. Аслабленыя голадам людзі былі змушаныя бадзяцца па ваколіцах, выпрошваючы сабе ежу, стоячы пад плотам у багацейшых людзей, і часта там паміралі.
Дарэчы, з магутным пахаладаннем і яго наступствам — голадам 1601–1603 гг. — звязваюць пачатак Смутнага часу ў Расіі і прыход да ўлады дынастыі Раманавых у 1613 годзе.
Холад як прычына ваенных паразаў і перамог
У пачатку XVIII ст. магутнае пахаладанне працягвалася. Самыя халодныя зімы былі ў 1709 і 1710 гадах. Пра глабальную халадэчу ў нашым рэгіёне згадваюць многія ўдзельнікі Паўночнай вайны, напрыклад афіцэры шведскай, саксонскай ці расійскай армій. «У 1709 годзе была лютая зіма, стаяла доўга, снягі былі невыносныя і нечувана вялікія, што не толькі звяр’ё, птаства, але і людзі на дорогах мёрзлі», — згадвае «Магілёўская хроніка». Даследчыкі прыйшлі да высновы, што фактар амаль арктычнай зімы 1709 г. ва Украіне скараціў войска шведскага караля Карла XII ледзь не на траціну, што моцна паўплывала на яго паразу ад цара Пятра І у бітве пад Палтавай і прадвызначыла ўздым Расійскай дзяржавы, якая неўзабаве стала імперыяй.
Многія бітвы Паўночнай вайны праходзілі на заснежаных палях нашай часткі Еўропы
Ад холаду пацярпела не толькі Беларусь, але і ўся Еўропа. Напрыклад, у Лондане і Парыжы ў пачатку 1709 г. тыднямі тэмпература трымалася ніжэй за −15 градусаў па Цэльсію. У выніку ад наступcтваў неўраджаю толькі ў Парыжы ў 1710 г. памерла каля 20 тысяч беднякоў.
Усе гэтыя катаклізмы суправаджаліся незвычайнымі прыроднымі з’явамі. Таксама як і ў час падзення Канстанцінопаля ў 1453 г., «Віцебская хроніка» пад 1709 г. згадвае, што 7 студзеня «на захадзе былі бачныя тры сонцы», а 19 студзеня «на поўдні былі бачныя два слупы, а сонца было пасярэдзіне». Калі ўлічыць, што 6 студзеня пачаліся вялікія халады па ўсёй Еўропе, то таямнічыя тры сонцы над Віцебскам 7 студзеня — яўнае сведчанне нейкага прыроднага катаклізму.
Памяць пра малы ледавіковы перыяд — бульба ў Беларусі і скрыпкі Страдзівары
Апошняе вялікае еўрапейскае пахаладанне адбылося пасля выбуху інданезійскага вулкана Тамбора ў 1815 годзе. Наступны 1816 г. еўрапейскія публіцысты назвалі «годам без лета». Нават у летнія месяцы пастаянна было пахмурнае неба, ішоў халодны дождж і часта нават снег. Беларускія сяляне галадалі, аднак менавіта пасля халодных і галодных 1816–1817 гг. на нашых землях пачала імкліва распаўсюджвацца бульба. Гэтая больш прывычная да холаду культура раней вырошчвалася ў нас толькі ў агародах шляхты і магнатаў (чыста як кампанент для салаціка), аднак акурат тады пачалася эпоха яе пераўтварэння ў «другі хлеб» беларусаў, паколькі яна проста аказалася больш надзейнай за збожжавыя культуры. А пераход на бульбу пацягнуў за сабою вялізныя перамены ў штодзённым жыцці жыхароў тагачаснай Беларусі. Распаўсюджанне бульбы прывяло да развіцця вінакурэння, а таксама да шырокага выкарыстання коней. Паступова коні замянілі цягавітых валоў, якія аднак не маглі ўзараць зямлю дастаткова глыбока.
Сведчанні тых халодных гадоў засталіся не толькі ў вайсковай і палітычнай гісторыі і старых летапісах, але і ў матэрыяльнай культуры. Напрыклад, знакамітыя скрыпкі Антоніа Страдзівары (1644–1737) былі зроблены з дрэва, якое вырасла пры больш халоднай тэмпературы і мае іншую структуру і шчыльнасць. Менавіта таму рэдкія цяпер скрыпкі гэтага сусветнавядомага майстра маюць такое непараўнальнае гучанне, якое нельга аднавіць ніякім сучасным інструментам.
Іван Пласкавец, budzma.org