Сусветнавядомая фатографка Соф’я Хамянтоўская нарадзілася ў мястэчку Парахонск, што пад Пінскам, але ў Беларусі, на жаль, яе імя амаль нікому не вядомае. Фотамастачка пражыла доўгае і насычанае жыццё. Аднагодка ХХ стагоддзя, яна бачыла на ўласныя вочы амаль усе яго галоўныя гістарычныя падзеі. Яна атрымала сусветнае прызнанне за сваю творчасць і зведала забыццё ў эміграцыі, знала, што такое фінансавая незалежнасць і поўнае безграшоўе. Аб’ехала амаль увесь свет, але заўжды любіла свой маленькі ўтульны Парахонск і марыла пра Варшаву.
Працяг. Пачатак чытайце па спасылцы.
Жанчына, якая здолела
Соф’я Хамянтоўская была прафесіяналкай, фатографкай, якая не хавала сваю гендарную прыналежнасць. Яна мела не толькі яркі талент, але і характар, і самапавагу. Бо адна справа — мець талент, і зусім іншая — не баяцца яго праяўляць і карыстацца ім напоўніцу. Да пачатку Другой сусветнай вайны яна прыняла ўдзел у 37 буйных фотавыставах, у тым ліку персанальных. У якасці сябра Польскага фатаграфічнага таварыства дэбютавала на выставе ў Варшаве яшчэ ў 1932 годзе і з таго часу ўдзельнічала ў найважнейшых нацыянальных фатаграфічных мерапрыемствах. Калі б яна пакінула свае шыкоўныя здымкі ў сямейных фотаальбомах — ніхто б пра яе і не даведаўся. Але ў Хамянтоўскай быў іншы характар.
Краявіды на здымках Соф'і Хамянтоўскай, 1930-1936 гг.
Соф’я Хамянтоўская з камерай 1936 г.
У 1936 годзе, ва ўзросце 34 гадоў яна падала заяўку і выйграла адкрыты ананімны конкурс на пасаду галоўнага фатографа Міністэрства камунікацыі Польшчы. Задачай гэтага спецыяліста павінна была стаць прамоцыя Польшчы як прывабнай краіны для знешняга і ўнутранага турызму.
Старшынём камісіі конкурса быў прафесар Мечыслаў Арловіч, заслужаны дзеяч развіцця польскага турызму. Зараз складана ўявіць, наколькі ён быў здзіўлены, калі даведаўся, што так высока ацэненыя ім за яркі мастацкі погляд і якасць друку фотаздымкі зрабіла жанчына. Па ўспамінах Хамянтоўскай, Арловіч нібыта прастагнаў: «Што? Жанчына? Пані не здолее!». «Паглядзім», — адказала Хамянтоўская. Гэтая праца сапраўды была вельмі складанай, і не толькі з тэхнічнага боку, але і таму, што звязана з пастаяннымі раз’ездамі па краіне. Толькі за 1938-мы і палову 1939-га Хамянтоўская наведала 70 месцаў: буйныя і малыя гарады, вёскі, курорты і санаторыі, краявіды па ўсёй Польшчы. Пра гэта яна напіша ва ўспамінах: «Апошнія гады я жыву ў такім хуткім тэмпе. Апошнія некалькі месяцаў былі асабліва насычанымі: індывідуальныя выставы, выстава „Варшава сёння і заўтра“, потым праца і фатаграфічныя паездкі для Міністэрства камунікацыі. Усё гэта мяне цалкам стаміла».
Польскае грамадства тых часоў мела даволі кансерватыўнае ўяўленне пра тое, чым павінна займацца жанчына: гадаваць дзяцей і займацца сямейнымі справамі, а ўжо ніяк не спаборнічаць з мужчынамі ў іх прафесійных занятках, у тым ліку — фатаграфіі. Аднак у Хамянтоўскай на гэта былі свае погляды, якіх яна і прытрымлівалася. Паралельна з працай у Міністэрстве яна адкрыла сваю фотастудыю, займалася рэкламнымі здымкамі і на працягу года была арт-дырэктаркай часопіса «Жанчыны ў працы». Так яна цалкам самастойна фінансава забяспечвала сябе і дзяцей.
Хамянтоўская каля аўто, лета-восень 1936 г.
У 1937 годзе, у супрацоўніцтве з мэрам Варшавы Стэфанам Старжыньскім і прафесарам Станіславам Лорэнцам Хамянтоўская пачала падрыхтоўку фатаграфічнага боку вялікай выставы «Варшава ўчора, сёння і заўтра» («Warszawa wczoraj i dziś i jutro»). Аўтарка зрабіла захапляльную творчую фотадакументацыю сталіцы, паказаўшы яе шматбаковасць, разнастайнасць і веліч. Выстава была прымеркавана да адкрыцця Нацыянальнага музея ў новым будынку на Ерусалімскіх алеях. Яна адкрылася ў 1938 годзе і мела найвялікшы поспех — выставу наведалі больш за мільён чалавек.
На ганарар, атрыманы за працу над фотаэкспазіцыяй, Хамянтоўская набыла сабе новы Фіят «Simca», які сама называла «Simleica», аб’ядноўваючы назву аўтамабіля і любімай 35-міліметровай фотакамеры Leica. Па ўспамінах дачкі Габрыэлы, матуля заўжды любіла кіраваць аўтамабілем, і яшчэ на Палессі ў яе быў асобны Dodge, які можна пабачыць на здымках фатографкі ў сярэдзіне 30-х гадоў.
З сябрамі на Палессі, 1938 г.
Адзіны з базавых момантаў захавання незалежнасці — гэта не баяцца быць тым, кім з’яўляешся, і адстойваць гэта права. Хамянтоўская безумоўна была вельмі моцнай па духу жанчынай і вольнай ад меркаванняў людзей пра тое, якой яна «павінна» быць. Яе цікаўнасць да жыцця і актыўны творчы пошук прывялі яе да прафесійнай фатаграфіі, а тая дала ёй шырокую вядомасць і дазволіла заставацца незалежнай.
ФАТОГРАФ — ЛЕТАПІСЕЦ ГІСТОРЫІ. ФАТАГРАФІЯ — ДАКУМЕНТ ЭПОХІ
Малафарматны фотаапарат Leica Хамянтоўская набыла сабе яшчэ ў восень 1927 года. Менавіта ім былі зроблены шматлікія выдатныя кадры Палесся, а пасля даваеннай і пасляваеннай Варшавы. Камера была вельмі зручнай, а за кошт невялікага памеру дазваляла фатографцы быць максімальна мабільнай і выбіраць амаль любое месца для здымкі: ад панарамных краявідаў да вузкіх вуліц гарадоў. У адным з інтэрв’ю прафесійнаму фатаграфічнаму выданню «LEICA W POLSCE» яна потым скажа:
«Апошнім часам я шмат займаюся турыстычнай і прэс-фатаграфіяй. Не магу ўявіць, што ў тых умовах, у якіх я часам працую, я змагу насіць з сабой фотаапарат 13×18 (см), штатыў адпаведнай вагі, пласціны і зменныя аб’ектывы.
Практычнасць і спрыт Leica незаменныя. Робячы фатаграфіі зверху, знізу або пад вуглом, я часта апынаюся ў нязручным ці нават небяспечным становішчы. З гэтай камерай я не рызыкую страціць раўнавагу, таму што яе невялікі памер і зменныя аб’ектывы не патрабуюць складаных падрыхтоўчых працэдур».
Старонка з часопіса LEICA W POLSCE, 1939, nr. 2, p 13-16
Варшава — горад, які Хамянтоўская любіла і добра ведала. У сталіцы ў яе было шмат сваякоў і доступ у самыя высакародныя дамы і дыпламатычныя прадстаўніцтвы. Па палескай звычцы яна працягвала здымаць для сябе святы і адпачынак свайго кола. Ужо пазней, падчас працы фатографкай у Міністэрстве камунікацыі, новай тэмай яе цікаўнасці стала прафесійная здымка ўбранства інтэр’ераў палацаў, апартаментаў заможных сем’яў і дзяржаўных устаноў. Менавіта гэты фотаархіў і стаў асновай для архітэктараў і рэстаўратараў, калі зруйнаваную Варшаву пачалі аднаўляць.
Вяселле Ізабэлы і Эдмунда Радзівілаў, 1934 г.
У першыя месяцы вайны яна яшчэ асцерагалася фатаграфаваць, бо на тое была афіцыйная забарона з боку ўладаў, але потым, паступова разумеючы маштабы падзей і бачачы на ўласныя вочы непапраўныя разбурэнні, яна здымала паўсюль, дзе толькі магла на працягу ўсёй вайны. Часам з небяспекай для ўласнага жыцця.
У тым жа верасні 1939 года яна запісала ў дзённіку: «Яшчэ досыць светла, таму раблю некалькі фотаздымкаў, хаця на пачатку вайны фатаграфаваць было забаронена. Я думаю, што такія руіны больш не з’яўляюцца ваенным аб’ектам і не думаю, што мяне чакае смяротнае пакаранне. Фатаграфую вельмі мала, і абавязкова пашкадую, мне проста „не хапае духу“, як кажуць французы. Аднак я раблю гэта амаль што выпадкова, і многія фотаздымкі абавязкова не атрымаюцца, а шкада, бо з часам яны могуць стаць каштоўнымі, адзінымі ў сваім родзе дакументамі. Сёння прыгожы заход, аблокі і некалькі ацалелых белых дамоў адлюстроўваюцца ў рацэ Буг».
Тое, што фатаграфія — гэта не проста адлюстраванне, выява ці імгненная «копія» рэчаіснасці, а яшчэ і паўнавартасны дакумент — Хамянтоўская ведала даўно. Яе адметнасць як фатографкі была ў тым, што яна не проста здымала, а рабіла творчую дакументацыю жыцця. Свой выпрацаваны гадамі падыход яна захоўвала ў любых абставінах. Інтуіцыя не падвяла. Здымкі ваеннага часу сталі не толькі асновай вялікай фотавыставы, але і падмуркам для фонда фатаграфіі ў Музеі Варшавы.
Заканамернае пытанне: адкуль у фатографкі ў ваенны час былі фотаматэрыялы? Можна выказаць здагадку, што стужку і паперу яна мела дзякуючы даўняму сяброўству з Казімірам (Казімеж?) Франашакам, сям’я якога валодала Фабрыкай абіўкі і каляровай паперы (Fabryka Obić Papierowych i Papierów Kolorowych «J. Franaszek S. A.») у Варшаве. Сам Казімір неаднойчы бываў у яе ў Парахонску яшчэ да вайны. Магчыма, нейкія фотаматэрыялы засталіся і пасля працы ў Міністэрстве камунікацыі.
Серыя «Вяртанне варшавянаў», сакавік-красавік 1945 г.
3 траўня 1945 г. у сталічным Нацыянальным музеі (Muzeum Narodowe) адкрылася фотавыстава «Варшава абвінавачвае!» («Warszawa oskarża!»). Яе сааўтарамі былі Соф’я Хамянтоўская і Тадэвуш Пшыпкоўскі (Tadeusz Przypkowski). Звярніце ўвагу на дату — трэцяга траўня. Яшчэ да афіцыйнага сканчэння Другой сусветнай вайны ў Варшаве ўжо была падрыхтавана маштабная паўнавартасная фотавыстава, са здымкамі вялікага фармату і якасным друкам. Для палякаў была вельмі важнай дакументацыя наступстваў вайны, і яны прыклалі ўсе намаганні, каб гэта не прайшло незаўважна для свету. Гэтая выстава была паказана ў Варшаве, Парыжы, Лондане і Нью-Ёрку.
Серыя здымкаў зруйнаванай Варшавы, С. Хамянтоўская, 1944-1945 гг.
Навошта Хамянтоўская ўвогуле здымала руіны? Гэта не была дзяржаўная замова ці ўпэўненасць, што негатывы потым абавязкова пераўтворацца ў надрукаваную выставу. Шматлікія фотаздымкі яна рабіла таму, што лічыла гэта важным, нават неабходным. То была яе ўласная ініцыятыва, і ў такім падыходзе ў чарговы раз праявіўся моцны характар фатографкі. Нягледзячы на яўную небяспеку яна хадзіла па бязлюдных вуліцах, падымалася на руіны дамоў, заходзіла ў разбураныя будынкі. У гэтых вандроўках яе суправаджаў стрыечны брат Эдвард Фалькоўскі, які забяспечваў ахову. Хамянтоўская была вельмі дальнабачнай і глядзела далёка за гарызонт актуальнага часу. Яе здымкі вельмі ўразілі гледачоў.
Хамянтоўская ў Лондане каля афішы выставы «Варшава абвінавачвае!», 1945 г.
Жыццё ў эміграцыі
Летам 1946-га, пасле вяртання з Лондана з адкрыцця выставы, амаль за два месяцы яна прыняла рашэнне пакінуць краіну, бо не бачыла для сябе жыцця ў камуністычнай Польшчы. Некалькі гадоў яна жыла ў Францыі і Італіі, бо чакала, пакуль родныя атрымаюць новыя пашпарты і дазвол на выезд. У верасні 1948 года, роўна праз дзевяць гадоў пасля ўцёкаў з Парахонска, разам з сям’ёй яна эмігравала ў Аргенціну. Часта пішуць, што там яна амаль перастала здымаць і была незапатрабаваная як фатографка. Гэта не зусім так.
З аднаго боку, новае жыццё ў эміграцыі на другім канцы свету не было лёгкім. Яно патрабавала сацыяльнай і эканамічнай адаптацыі, вывучэння іспанскай мовы, мясцовых традыцый, прывыкання да новага клімату. З іншага, у Хамянтоўскай змяніўся фокус накіравання сваіх сіл і разумення, што важна для яе самой тут і цяпер. Фатографка зноў пераключыла сваю ўвагу на сям’ю і родных: на матулю і сястру, дарослых ужо дзяцей, а потым і на ўнукаў. Яна шмат фатаграфавала і жыццё польскай дыяспары ў Аргенціне. У Буэнас-Айрэсе знаходзіцца вялікі архіў яе работ, і тыя здымкі не саступаюць па важнасці таму, што яна здымала на Палессі.
У 1975 годзе, амаль праз 30 гадоў пасля ад’езду з Польшчы, Хамянтоўская на некалькі тыдняў прыехала ў Варшаву. Нагодай стала жаданне мясцовых уладаў аднавіць Каралеўскі палац (Zamek Królewski), і яна падаравала гораду свае даваенныя здымкі інтэр’ераў. Вынікам той паездкі яшчэ праз некалькі гадоў стала фотавыстава «Паўстагоддзя Варшавы ў фатаграфіі Соф’і Хамянтоўскай» («Pół wieku Warszawy w fotografii Zofii Chomętowskiej»), якую адкрылі ў сталіцы 12 ліпеня 1979 года ў Гістарычным музеі (сёння — Музей Варшавы). На ёй былі паказаны яе даваенныя здымкі, зруйнаваны горад і новая, сучасная адбудаваная сталіца, знятая за некалькі вандровак. Гэта была яе трэцяя знакавая выстава ў жыцці і кульмінацыя фатаграфічнай творчасці. Дзякуючы гэтай падзеі да яе значна павялічылася цікавасць з боку журналістаў у Аргенціне. Там жа яна паказала і сваю варшаўскую выставу. Хамянтоўская памерла ў 1991 годзе ў Буэнас-Айрэсе.
Соф'я Хамянтоўская, 1979 г.
Адкрываючы шлях да сваіх каранёў
Гісторыя жыцця Соф’і Хамянтоўскай — насычаная і непаўторная. Гэта яскравы прыклад таго, на што можна накіраваць свой талент, энергію і творчасць, нягледзячы на любыя абставіны.
Дакументальная і творчая спадчына, якую нам пакінула Соф’я Хамянтоўская, вельмі разнастайная. Разглядваючы сёння яе здымкі, мы не адчуваем дыстанцыі часу, а наадварот паглыбляемся ў падзеі мінулага. У яе атрымалася перакінуць візуальны мост па-над часам, які дазваляе нам сённяшнім адчуць датычнасць да важных пластоў гісторыі і культуры. Праз яе здымкі мы не толькі бачым прыгажосць і драму мінулага, але лепш разумеем свае карані і культурныя коды. Вучымся бачыць незвычайнае ў штодзённым, шанаваць кожнае імгненне і разумець, што гісторыя — гэта не толькі вялікія падзеі, але і маленькія, паўсядзённыя радасці і нягоды.
Адзіны з найгалоўнейшых вынікаў, які можна зрабіць — ніколі не спыняцца, даследаваць і фіксаваць гэты свет і ствараць сваю ўнікальную гісторыю. Каб выява не была проста мёртвым дакументам, а стала асобным мастацкім творам, «трэба толькі крыху паразважаць, укласці пэўную долю цярплівасці, канечне, крыху густу таксама спатрэбіцца, а астатняе можна паступова развіваць».
***
Што датычыцца вяртання імя Соф’і Хамянтоўскай ў гісторыю беларускай фатаграфіі, то гэта праца ўжо пачалася і вядзецца. Зараз вы чытаеце гэты артыкул і можаце з лёгкасцю знайсці яе здымкі на прасторах інтэрнэту. Любая гісторыя ажывае толькі тады, калі пра яе гавораць.
Аўтарка: Марыйка Арлова
Фота аўтаркі, Фундацыі археалогіі фатаграфіі і з адкрытых крыніц
________
Шматбаковае даследаванне, падрыхтоўка і напісанне гэтага артыкула сталі магчымымі дзякуючы рэзідэнцыі прадастаўленай Праграмай PERSPECTIVES Journalists-in-Residence.
Публікацыя гэтага артыкула з’яўляецца часткай Праграмы PERSPECTIVES — новай маркі незалежнай, канструктыўнай і шматперспектыўнай журналістыкі. Праект рэалізуецца сямю рэдакцыйнымі камандамі з Цэнтральна-Усходняй Еўропы пад кіраўніцтвам Goethe-Institut. Аўтарка гэтага артыкула ўдзельнічала ў рэзідэнцыі Праграмы PERSPECTIVES Journalists-in-Residence у Goethe-Institut Warszawa.