Кожны год Фестываль SONCAHRAJ вандруе па гарадах і мясцовасцях Падляшша. Усё для таго, каб як мага большая колькасць людзей сустрэлася з беларускай музычнай традыцыяй: хтосьці — упершыню з ёй пазнаёміўся, хтосьці — прыгадаў яе сабе, і кожны — упэўніўся, што традыцыя жыве. Сёлета канцэрты ў межах фестывалю адбудуцца 7-га і 8-га чэрвеня.
Фестываль SONCAHRAJ — гэта сустрэча са спеўнай і музычнай традыцыяй беларусаў, а таксама нагода пазнаёміцца з рознымі элементамі творчай ды культурнай спадчыны нашых продкаў.
У межах фестывалю пройдуць варштаты, канцэрты і патанцоўкі, дзе загучаць аўтэнтычныя беларускія спевы і традыцыйная музыка.
7 чэрвеня ў мясцовасці Случанка (гміна Гарадок)
8 чэрвеня ў мясцовасці Тафілаўцы (Гміна Дубічы Царкоўныя)
Сярод запрошаных гасцей — «Kasary», «Капэля Трыградская», «Żemerwa».
«Kasary» — гурт, які яе адраджае беларускую мужчынскую спеўную традыцыю. Хлопцы спяваюць традыцыйныя беларускія мужчынскія песні: ваярскія, касарскія, бяседныя, лірычныя, валачобныя. Частку песень суправаджае каларытны гук колавай ліры, дудак, бубна, жалейкі і акарыны.
Żemerwa са Студзіводаў — праўдзівы голас Падляшша. То не проста гурт, але сапраўдная школа жывой традыцыі, што ўжо больш за 20 гадоў адраджае аўтэнтычны беларускі фальклор сваёй малой радзімы — з павагай, дакладнасцю і любоўю.
Удзельнікі і ўдзельніцы Żemerwa не толькі выступаюць з музыкай, спевамі й танцамі, але і праводзяць абрады ў натуральным асяроддзі — падляшскіх вёсачках, дзе гэтыя традыцыі нарадзіліся.
«Капэля Трыградская» — беларускі фальклорны гурт, што базуецца ў Гданьску і рэгулярна ладзіць фальклорныя танцавальныя вечарыны, дзе грае і вучыць танцам пад акампанемент дуды, акардэона, бубна і іншых народных інструментаў.
Гурт стварае прастору, дзе можна не толькі быць назіральнікам, але і ўдзельнічаць — бо танец заўсёды быў спосабам быць разам.
Ніякіх сцэн, ніякіх межаў паміж артыстамі і гасцямі, — толькі цудоўная магчымасць пабыць разам у коле жывой культуры.
Далучайцеся!