У Варшаве пакажуць спектакль пра лёсы мастачак Алены Кіш і Тамары Лемпіцкай

22 лютага ў Варшаве пакажуць спектакль «Po co babie sztuka?», прысвечаны мастачкам Алене Кіш і Тамары Лемпіцкай. Гэта спектакль-развага пра сутнасць творчасці, унутраную свабоду і межы, якія грамадства, гісторыя і абставіны накладаюць на чалавека — асабліва на жанчыну. Рэжысёрка Юлія Шаўчук.

po-co-babie-sztuka.jpg

У цэнтры аповеду — лёсы дзвюх мастачак: беларускай Алены Кіш і польскай Тамары Лемпіцкай. Два жыцці, два погляды на мастацтва, дзве дарогі — і адно агульнае пытанне: што вызначае мастака? Сацыяльны статус, паходжанне, прызнанне? Ці, магчыма, унутраная патрэба тварыць — насуперак усяму?

Стваральніцы спектакля праводзяць паралель паміж асабістымі гісторыямі гераінь і гісторыяй дзвюх краін — Польшчы і Беларусі. Краін, якія маюць агульнае мінулае, але ідуць рознымі шляхамі. Гэта не толькі партрэты мастачак, але і развага пра культурную памяць, ідэнтычнасць, расколіны і пункты судакранання.

У спектаклі таксама закранаецца тэма эміграцыі — як знешняй, так і ўнутранай. Што выбірае творца: застацца ў сваёй краіне і змагацца з нябачнасцю ці з’ехаць і спрабаваць заявіць пра сябе ў чужым свеце? Дзе заканчваецца свабода і пачынаецца выгнанне? Дзе дом мастака — там, дзе ён нарадзіўся, ці там, дзе яго чуюць?

«Po co babie sztuka?» — гэта дыялог паміж эпохамі, паміж жанчынамі і грамадствам, паміж краінамі і лёсамі. Гэта спроба знайсці ўласны голас — і захаваць яго.

Удзельнікі:

Кацярына Ермаловіч — актрыса
Рэжысура — Юлія Шаўчук
Тэкст — Шаўчук / Ермалоўіч
Музыка — Вольга Падгайска
Рэжысура святла — Даніла Ганчароў
Касцюмы — Алена Лукіна

Квіткі на спектакль можна ўзяць па спасылцы.