З кіраўніцтвам моладзевай суполкі — Ульянай Працкевіч і Уладзіславам Пісаравым — мы сустрэліся ў новым будынку Беларускага моладзевага хаба на Дажынкавай, 6А ў Варшаве. Гэта прыватны чатырохпавярховы дом, дзе цяпер месцяцца ўсе ініцыятывы Хаба. Сярод іх і моладзевая суполка, якая так і называецца — «Суполка», бо мае на мэце аб’яднаць беларускую моладзь, што апынулася ў Варшаве апошнім часам. Як прыйшла ідэя стварэння суполкі? Якія планы на яе развіццё? Чаго цяпер бракуе моладзі і чым «Суполка» можа быць карыснай беларускай моладзі ў Варшаве? Паразмаўлялі пра гэта з Ульянай і Уладзем.
«Суполка»: гісторыя стварэння
«Суполка» існуе ў Беларускім моладзевым хабе ўжо другі год. Яе стварыла маладая актывістка Ульяна Працкевіч, якая ад пачатку была валанцёркай Хаба.
— Я прыйшла дапамагаць на фестывалі «Прадмова» (заўвага budzma.org: фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» ў 2022 годзе адбываўся ў Беларускім моладзевым хабе) — расказвае Ульяна. — Потым таксама на валанцёрскіх пачатках дапамагала адміністратарцы Хаба. У нейкі момант кіраўнікі Хаба запыталі, чым бы мне самой было цікава займацца. Я сказала, што хацела б рабіць нешта для моладзі.
Ульяна Працкевіч. Фота прадаставаіла Ульяна Працкевіч
Па словах Ульяны, хоць арганізацыя і называлася Моладзевым хабам, большасць наведвальнікаў былі значна старэйшыя за яе.
— На мерапрыемствах 80% людзей — гэта людзі старэйшыя за 30, — прыгадвае Ульяна, — то-бок, на 10 год старэйшыя за мяне. Кіраўніцтва Хаба прапанавала мне зрабіць нешта для маіх равеснікаў. Разам з каляжанкай мы распрацавалі квэст па Хабе, каб пазнаёміць маладых людзей з арганізацыяй.
Як успамінае Ульяна, на квэст тады прыйшлі чалавек 10 — хлопцы і дзяўчаты 18–19 год. На наступныя мерапрыемствы прыходзілі і больш юныя ўдзельнікі і ўдзельніцы — 15–16 год.
— Спачатку з’явілася назва ініцыятывы «Teenage Club» (падлеткавы клуб), — кажа Ульяна. — Аднак хутка аўдыторыя перастала быць падлеткавай. Непаўналетнія дзяўчаты і хлопцы не ўпісваліся ў кампанію, дзе большасць магла, напрыклад, сабрацца ў бар на выходныя.
— Калі я пачуў назву «Teenage Club», падумаў, што дакладна не хачу туды ісці, — смяецца Уладзь.
Уладзіслаў Пісараў. Фота прадаставіў Уладзіслаў Пісараў
Уладзь жыве ў Варшаве з 2021 года. Да гэтага хлопец вучыўся ў Беларускай Акадэміі мастацтваў, аднак атрымаць дыплом хлопец не даў рады: пасля пратэстаў 2020 года двух сяброў Уладзя адлічылі. Уладзь зразумеў, што не можа вучыцца ў інстытуцыі, дзе дэкан прасоўвае дзяржаўную прапаганду, а студэнтаў адлічваюць за погляды.
У Варшаве хлопец працаваў SMM-спецыялістам: займаўся прасоўваннем беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх бізнесаў у сацыяльных сетках. Аднак пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну давялося змяніць спецыяльнасць. Уладзь працаваў у прадуктовай краме і кур’ерам у дастаўцы, а потым адбыўся фестываль «Прадмова».
— Я ўпершыню патрапіў у Хаб, — успамінае Уладзь, — і зразумеў, што тут змагу знайсці сяброў. Так здарылася, што я быў у Варшаве адзін, і камунікацыі моцна бракавала.
Я сачыў за афішамі Хаба, больш за ўсё імкнуўся патрапіць у тэатральны гурток, але яго чамусьці ўвесь час пераносілі.
Аднойчы Уладзь прыехаў у Хаб якраз на тэатральны гурток, які хоць і не адбыўся, затое Уладзь пазнаёміўся з Ульянай, якая распавяла пра ініцыятыву для моладзі. Тады суполка яшчэ называлася «Teenage Club».
— Мне якраз споўнілася 20, — усміхаецца Уладзь, — і хадзіць на нейкі гурток для падлеткаў зусім не хацелася.
Аднак Уладзь усё ж пачаў хадзіць на сустрэчы, патрапіў у чат удзельнікаў і хутка пачаў прапаноўваць свае ідэі для мерапрыемстваў, а «Teenage Club» перайменаваўся ў «Суполку». Праз некалькі месяцаў валанцёрства Уладзь атрымаў прапанову стаць SMM-менеджарам Моладзевага хаба, а потым — івэнт-менеджарам. Стаў часткай каманды Хаба.
Трэнінг па акцёрскім майстэрстве ініцыятывы «Суполка». Фота прадаставіў Уладзіслаў Пісараў
Тым часам дзейнасць «Суполкі» з’яўляецца валанцёрскай, асобнага праекта і фінансавання пакуль няма. Тым не менш Хаб падтрымлівае ініцыятыву, як можа: бясплатна прадастаўляе памяшканне, усю патрэбную тэхніку, рэквізіт для імпрэз, каву, пячэнькі і іншыя прысмакі на сустрэчы.
— «Суполка» ўвесь час так існавала, — кажа Уладзь. — Да таго ж, валанцёры ад суполкі заўсёды дапамагаюць Хабу. Напрыклад, калі мы пераехалі ў гэты новы будынак, было шмат працы, а каманда Хаба сама па сабе даволі малая. Таму ўдзельнікі і ўдзельніцы ініцыятывы прыходзілі сюды дапамагаць: нешта фарбавалі, прыбіралі, мылі.
Як жыве «Суполка»
Як кажуць Уладзь і Ульяна, «Суполка» мае лаяльнасць, бо дае магчымасці для моладзі і адукоўвацца, і проста весела бавіць час у кампаніі равеснікаў, і знайсці сяброў ды сябровак.
— Ад пачатку мы мелі ідэю рабіць нефармальную адукацыю для моладзі, — успамінае Уладзь. — Але потым зразумелі, што ўсе ўжо моцна стаміліся ад адной адукацыі. Не хапае проста новых знаёмстваў і адпачынку ў прыемнай кампаніі.
У выніку «Суполка» пачала рабіць два мерапрыемствы на тыдзень. Па чацвяргах адбываюцца адукацыйныя імпрэзы: лекцыі і майстар-класы, а па нядзелях — нефармальныя сустрэчы. Сачыць за мерапрыемствамі можна ў календары падзей на сайце Моладзевага хаба ў Варшаве.
— Мы падзяляем імпрэзы па блоках на пэўныя тэматыкі, — тлумачыць Уладзь. — Напрыклад, улетку мы мелі экалагічны блок і, суадносна, мерапрыемства на тэматыку, звязаную з экалогіяй. Цяпер у нас праходзіць літаратурны блок.
— На мінулым тыдні была лекцыя па беларускай літаратуры, — дадае Ульяна. — Але гэта было не як «белліт» у школе, а цікава і простай мовай: «літаратура нармальнага чалавека». Лектаркай была літаратуразнаўца Марына Казлоўская.
Лекцыя па літаратуры. Фота прадаставіў Уладзіслаў Пісараў
Каб даць моладзі прастору проста сустрэцца з сябрамі і адпачыць, «Суполка» пачала рабіць «Нядзельны варушняк». На «варушняках» Уладзь і Ульяна ладзяць кінапрагляды фільмаў па-беларуску, настольныя гульні і музычныя «кватэрнікі».
— Мой улюбёны фармат — гэта якраз кватэрнікі, — дзеліцца Уладзь. — На кватэрніках заўсёды збіраецца больш за ўсё людзей. Аднойчы да нас завітаў хлопец-паляк, які цікавіцца беларускімі традыцыямі і размаўляе на беларускай мове. У яго ёсць свая ініцыятыва па навучанні беларускай тэхналогіі пляцення паясоў. Ён напісаў песню пра паясы на беларускай мове. Выйшаў да мікрафона і пачаў проста акапэльна яе спяваць. У зале адразу з’явілася неверагодная атмасфера: адзін мужчына пачаў наігрываць на флейце, потым маракасы падлучыліся, гітара, перкусія. Народ пачаў пляскаць у далоні. Такая ўтульнасць адразу з’явілася з ніадкуль.
Святкаванне Хэлоўіна ў ініцыятыве «Суполка». Фота прадаставіў Уладзіслаў Пісараў
Аўдыторыя «Суполкі»
Кватэрнікі — самыя папулярныя імпрэзы ў «Суполцы». Па словах Уладзя, на кватэрнікі заўсёды прыходзіць не менш за 50 чалавек.
— Насамрэч складана палічыць, колькі чалавек у сярэднім прыходзіць на сустрэчу, — кажа Уладзь. — Напэўна — гэта чалавек восем, але ўсё моцна залежыць ад тэмы імпрэзы.
— Зараз наша аўдыторыя — маладыя людзі ад 18 год, — дадае Ульяна, — але касцяк — хлопцы і дзяўчаты 22–24 год. Падаецца, менавіта ў гэтым узросце чалавек ужо пачынае цікавіцца культурай і ідэнтычнасцю. Да таго ж, у 22–24 гады маладыя людзі ўжо скончылі ўніверсітэт, ім не трэба разрывацца паміж вучобай і працай, ды з’яўляецца час хадзіць на імпрэзы. Хаця зноў жа ўсё моцна залежыць ад тэмы: на майстар-клас па тайм-менеджменце, напрыклад, да нас прыйшлі хлопцы старэйшыя за 30. Мы ніколі нікога не абмяжоўваем па ўзросце і ўсім радыя.
Уладзь і Ульяна адзначаюць, што на імпрэзы звычайна ходзяць маладыя людзі, якія самі былі рэпрэсаваныя, ці рэпрэсаваныя былі іх бацькі. Толькі невялікая частка — проста студэнты і студэнткі, якія з’ехалі на вучобу.
— Апошнім часам беларускай моладзі ў Варшаве яшчэ пабольшала, — кажа Уладзь. — Таму і мы плануем пашырацца. Разам з тым зараз такі момант, калі моладзь перастае цікавіцца беларускай павесткай і сачыць за навінамі. Гэта, можа быць, і не дрэнна, бо людзі мусяць адпачываць, вучыцца. Аднак гэта і крышку страшна, бо я адчуваю, што моц беларускай моладзі менавіта ў адзінстве. Каб гэтага адзінства не ставала меней, мы прыдумляем нешта крэатыўнае. Зараз плануем рабіць рэкламную кампанію, каб падцягнуць і зацікавіць новую аўдыторыю.
Уладзь і Ульяна плануюць працягваць рабіць адукацыйныя імпрэзы і нядзельныя сустрэчы. Таксама хочуць паспрабаваць фармат вялікіх фестываляў. У бліжэйшы час будзе некалькі калядных мерапрыемстваў.
— Таксама мы плануем запусціць стэндап, — дзеліцца Ульяна. — Ёсць такі фармат: «кот Бродскага». Гэта літаратурны стэндап, калі людзі чытаюць кніжку, а потым жартуюць над яе зместам і тым, як яна напісана. Мы будзем арганізоўваць майстар-клас, каб паказаць усім, хто жадае, як можна падаваць такі матэрыял. Потым адбудзецца сам стэндап-канцэрт. Паглядзім, ці «зойдзе» такі фармат.
Уладзь лічыць, што калі людзі прывыкнуць да новай лакацыі, то наведвальнікаў стане болей.
Унутраны двор Беларускага моладзевага хаба. Фота прадаставіў Уладзіслаў Пісараў
— Трэба нейкі час, каб людзі зразумелі, што новая лакацыя — гэта насамрэч не так далёка, як падаецца, — жартуе Уладзь. — Вядома, раней, калі памяшканне было на плошчы Канстытуцыі, у самым цэнтры горада, было прасцей: выйшаў з трамвая — і ты ў Хабе. Цяпер ад трамвая ці ад метро трэба крышку прайсці, але ўсяго сем хвілін. Таму, маю надзею, хутка ўсе звыкнуць і будуць хадзіць яшчэ больш актыўна.
Беларускі моладзевы хаб у Варшаве не з’яўляецца камерцыйнай арганізацыяй, таму вельмі мае патрэбу ў вашай дапамозе. Дзякуючы вашай дапамозе сотні беларусаў могуць дазволіць сабе прымаць удзел у грамадскім жыцці і рэалізоўваць свае праекты.
Дар’я Гардзейчык, budzma.org
Чытайце яшчэ: Кіраўнік Беларускага моладзевага хаба Алесь Лапко: «Беларусы ўжо купілі ідэю беларускасці ў 2020-м. Трэба дапамагчы яе распакаваць»