Спорт і спартыўныя заняткі могуць быць месцам для рэалізацыі дзецьмі іх натуральных памкненняў да спаборніцтва і самарэалізацыі. Разам з тым пры непрафесійным і несучасным падыходзе парушэнне правоў дзяцей часцяком ператварае спорт з вясёлага і карыснага занятку ў нелюбімую павіннасць.
Асабліва небяспечныя такія тэндэнцыі, калі спорт выкарыстоўваецца як выхаваўчы і прафілактычны сродак у супольнасцях з распаўсюджанай практыкай экстрэмальных асацыяльных паводзін сярод дзяцей і падлеткаў.
Пакуль што матэрыялаў спецыялістаў у гэтай галіне ў Беларусі бракуе. Таму варта звярнуцца да даследавання, праведзенага ў Швецыі. Краіне, дзе выкананне правоў чалавека агулам і дзяцей у прыватнасці знаходзіцца на высокім узроўні.
У працы Inger Eliasson з Umea University адзначаецца, што большасць дзяцей у Швецыі ацэньвае спорт як станоўчы досвед. Але таксама паведамляюць пра негатыўныя ўражанні ў выглядзе: эмацыйнага гвалту (75%),сэксуальных дамаганняў (29%), жорсткага фізічнага абыходжання (24%) і жорсткага сэксуальнага абыходжання (3%).
Варта ўлічваць, што навукоўцы і даследчыкі дасюль не ў стане акрэсліць аб'ектыўныя межы, калі пачынаецца прымус дзяцей і парушаюцца іхнія правы. Таму і апытанні і інфармацыя ад дзяцей можа разыходзіцца з рэальнымі фактамі парушэння правоў.
Тым не менш даследчыкі робяць выснову: спорт – настолькі неадназначная сфера, што некаторыя дарослыя дагэтуль ігнаруюць правы дзяцей, нават імкнучыся быць карыснымі і тактычнымі.
Дасягненні ў спорце патрабуюць інтэнсіўнай падрыхтоўкі і імкнення да паляпшэння вынікаў, што можа стварыць рызыку фізічнага ці эмацыйнага гвалту ў дачыненні да дзяцей.
Замацавалася практыка, калі дзеці перастаюць адчуваць сябе паўнавартаснымі ўдзельнікамі спартыўных заняткаў праз эмацыйны ціск з боку дарослых (трэнераў і бацькоў), што можа не толькі адмоўна ўплываць на ўсведамленне правоў, але і на спартыўныя вынікі.
Адзначаецца, што нават у Швецыі захоўваецца тэндэнцыя эмацыйнага падаўлення з боку дарослых. Што, на думку даследчыкаў, з'яўляецца прычынай адсутнасці магчымасці ў дзяцей рэалізоўваць свае правы ў поўнай меры, а тым больш патрабаваць іх.
Разгледзім асноўныя правы дзяцей ў спорце
У канвенцыі ААН аб правах дзяцей акцэнт робіцца на першачарговасці выканання правоў падчас любога адукацыйнага, спартыўнага ці іншага працэсу.
Адмыслоўцы бачаць галоўную задачу спартыўных настаўнікаў у матывацыі дзяцей да заняткаў з дапамогай гульнявых, сацыяльных і псіхалагічных практык, уцягванні ў працэс выкарыстоўваючы дзіцячае імкненне даведацца пра новыя асабістыя выклікі, спаборніцтвы з сабою і іншымі дзецьмі-спартоўцамі.
Трэнер і бацькі павінны быць прыкладам станоўчага досведу, а не дыктаваць неабходнасць, эмацыйна падаўляючы дзяцей.
Даследчыца са шведскага ўніверсітэта ў сваёй працы адзначае некалькі асноўных, на яе думку, правоў з каментарамі, атрыманымі падчас сацыялагічных апытанняў выхаванцаў спартыўных клубаў і іх трэнераў.
Інтарэс дзяцей – галоўны аспект пры правядзенні любых мерапрыемстваў з удзелам дзяцей і для дзяцей.
Большасць удзельнікаў апытанняў не здолела вызначыцца, ці парушаецца гэтае права. Праз неадназначнасць фармулёўкі і адсутнасць аб'ектыўных межаў для ацэнкі "інтарэсу".
Права дзяцей выказваць сваё меркаванне, якому варта надаць увагу ў залежнасці ад узросту
Невялікая частка апытаных дзяцей адзначала, што здараюцца выпадкі, звязаныя з заняткамі спортам, калі ім цяжка выказваць сваё меркаванне ці яны абмежаваныя ў такіх магчымасцях. Альбо іх меркаванням не надаецца належнай увагі.
Недапушчэнне любых форм фізічнага ці псіхалагічнага гвалту
Меркаванні дзяцей і трэнераў наконт фізічнага гвалту як недапушчальнай з'явы супадаюць, чаго нельга сказаць наконт ацэнак і вызначэння псіхалагічнага.
Даследчыца робіць выснову, што і трэнеры, і дзеці не маюць аб'ектыўных межаў для паўнавартаснага прымянення на практыцы гэтага права.
Дзеці схільныя перабольшваць негатыўны аспект псіхалагічнага ўздзеяння, якое неабходнае, на думку трэнераў, для падтрымання спартыўнай дысцыпліны, прафілактыкі пашкоджанняў падчас трэніровак ці спаборніцтваў і г.д.
У сваю чаргу трэнеры нячаста даюць аб'ектыўную ацэнку псіхалагічнаму кірунку іх працы з дзецьмі. Сацыяльныя ролі дыктуюць ім неабходнасць усебаковага дамінавання над дзецьмі. Што можа прыводзіць да адмоўных вынікаў не толькі ў стасунках з юнымі спартоўцамі, але і да псіхалагічных і фізічных траўм.
Адзначаецца, што дзеці і дарослыя не заўжды разумеюць межы правоў і ўвогуле цяжка ўспрымаюць асобныя пункты дэкларацый.
У той жа час здараецца, што дзеці не могуць аб'ектыўна ацэньваць парушэнне іх правоў, што можа быць абумоўлена недастатковай інфармаванасцю альбо сацыяльнымі акалічнасцямі, калі маладыя людзі не ў стане пазбавіцца адчування негатыўнага кантролю з боку дарослых ці, наадварот, перабольшваюць адмоўныя аспекты.
Простага рашэння не існуе
У еўрапейскай практыцы створана шмат дакументаў і праграм па рэалізацыі правоў дзяцей ва ўсіх сферах жыцця.
Але на думку некаторых адмыслоўцаў, дагэтуль існуюць праблемы з прымяненнем у першую чаргу прафілактычных мадэляў у сферы абароны правоў дзяцей.
Шведская даследчыца ў сваёй працы адзначае, што неабходны пошук шляхоў па ператварэнні зместу ў практычнае поле разумення сутнасці правоў і іх інтэграцыі ў "рэальнае" жыццё.
Падкрэсліваецца адсутнасць простага рашэння па ліквідацыі разрыву паміж фармалізаванымі ў дакументах правамі і рэальным правапрымяненнем. У тым ліку ў спартыўным жыцці дзяцей.
Акрамя рэалізацыі адукацыйных еўрапейскіх праграм для дзяцей і дарослых неабходна распрацаваць механізм па ўключэнні прафілактычных практык на ўсіх узроўнях сацыяльнага жыцця.
Адзначана, што, паводле вынікаў даследавання, большасць апытаных дзяцей і трэнераў не лічыць неабходным надаваць вялікае значэнне прафілактыцы парушэнняў.
Дзеці і дарослыя пачынаюць цікавіцца правамі і адзначаць іх вартасць толькі ў выпадку атрымання негатыўнага досведу, ці прамога іх парушэння.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!