Па-першае, як аказалася, кінематографу ў Беларусі стукнула не сто гадоў, а на некалькі дзесяцігоддзяў больш. Па-другое, ёсць сумнеў, ці быў ён сапраўды беларускім. Фабулярныя фільмы, беларускія не толькі па месцы вытворчасці, за сто гадоў дзейнасці кінастудыі «Беларусьфільм» можна пералічыць на пальцах.
Юбілей, які адзначае не толькі афіцыёз, але і незалежныя мас-медыя, фактычна юбілей не нацыянальнага, а рэгіянальнага савецка-расійскага кіно. Гэтаксама можна святкаваць, напрыклад, юбілей уральскага кіно, паводле дзейнасці Свярдлоўскай кінастудыі.
Студыя Беларусьфільм. Крыніца: Bobrlife.png
Найлепшым сярод сапраўды беларускіх фільмаў лічу «Чужую Бацькаўшчыну» Валерыя Рыбарава паводле твораў Вячаслава Адамчыка. Быў на прэм’ерным паказе ў Мінску ў кінатэатры «Вільнюс» і не раз потым пераглядаў. Узровень Феліні. Дакладнае выяўленне гістарычнага кантэксту, атмасферы міжваеннай Заходняй Беларусі. Вопратка на героях сапраўдная, абношаная, аднаўленне матэрыяльнага антуражу на ўзроўні Аляксея Германа. Мова, дыялогі, рэплікі актораў і занятых на здымках звычайных вяскоўцаў дакладныя, натуральныя. Але ў гарадскім пракаце ў БССР паказвалі расійскамоўную версію...
Рэжысёр Валерый Рыбараў
Бальшавікі дакладна пралічылі, што з усіх відаў мастацтва найважнейшае для іх кіно па прычыне яго моцнага ўздзеяння на масы. Ад самага пачатку сваёй улады яны ўзялі кінапрадукцыю пад апеку і шчыльны кантроль, пачаўшы ад сцэнароў і да пракату, у тым ліку адбору замежных фільмаў. Укладалі ў кінематограф вялікія сродкі, між іншым, закуплялі за валюту стужку «Кодак» (прадукцыі хімкамбіната «Свема» было да яе як да Месяца).
Пра тое, якім татальным быў кантроль, сведчыць разбудаваная сетка цэнзурных установаў на ўзроўні абласных камітэтаў кінематаграфіі (у Беларусі ацалелі да сёння, толькі назву змянілі). Само сабой, савецкае кіно абслугоўвала і адлюстроўвала ўсе меандры палітыкі камуністычнай партыі.
У нацыянальных рэспубліках кінематограф, акрамя таго, меў рэалізоўваць палітыку ўніфікацыі савецкай імперыі праз русіфікацыю. Цікавае пытанне, а як у такіх умовах дзейнічалі і тварылі нацыянальныя кінадзеячы? На падставе асабістых дзіцячых і юнацкіх успамінаў (яны трывалыя, бо кіно на мяне моцна эмацыйна ўздзейнічала), адразу адкажу, што ў нас у БССР усё ішло ў звычайным стылі і трэндзе — нашыя манкурты самыя манкуртавыя. У іншых рэспубліках магло быць інакш. Творцы імкнуліся і часам прарываліся праз ідэалагічна-цэнзурную заслону. Здымалі нацыянальныя фільмы на мове, потым рабілі расійскамоўную версію для справаздачы і агульнасавецкага ўжытку.
Калі глядзеў фільм, створаны ў Грузіі або Літве, адразу было відаць, што гэта фільм грузінскі ці літоўскі (кажу пра добрыя фільмы). «Карáлі для маёй каханай», ці галосны ў часы перабудовы фільм «Пакаянне» таго ж Тэнгіза Абуладзе або літоўскія «Ніхто не хацеў паміраць», «Геркус Мантас».
Прадукцыя «Беларусьфільма», наадварот, старанна вычышчалася ад усяго нацыянальнага і прывівала гледачу адчуванне адвечнага адзінства і еднасці беларусаў з расійцамі. Так як і ва ўсёй бэсэсэраўскай культуры. Кантроль над беларусамі быў надзвычай шчыльны, напэўна, не выпадкова зрабіць нешта вартае ці масавае на аснове беларускай культуры ўдавалася часцей прыезджым, вось як расійцу Мулявіну з «Песнярамі» ці таму ж расійцу Рыбараву, гісторыю беларускай архітэктуры напісаў грузін Чантурыя (як ён сам казаў, беларусу ніколі б не дазволілі).
Разумею Васіля Уладзіміравіча Быкава, які не прыняў аніводнай экранізацыі сваіх твораў, нават выдатнае «Узыходжанне» Ларысы Шапіцька. Для яго (як і для нас усіх) было важным выяўленне агульначалавечага праз нацыянальнае беларускае, як беларускі ўклад у сусветную культурную скарбонку, чаго акрамя нас ніхто не зробіць. Быкаў уводзіў свайго героя ў трагічную сітуацыю вайны і паказваў рэакцыю на яе менавіта беларуса. Але які з Любшына Цярэшка ў «Альпійскай баладзе»?! Ці караткевічаў князь Гальшанскі з Васільева ў «Чорным замку Альшанскім», або дудараўскі Хвядос з Санаева ў «Белых Росах»?!
Асабліва агідна тое русіфікатарства выглядае на «Беларусьфільме» сёння ва ўмовах нацыянальнай дзяржавы. Вось як нядаўні «На том берегу», дзе палякі гавораць па-польску, расійцы па-расійску, а беларускія сяляне... таксама па-расійску. Уяўляю рэакцыю Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча на найноўшы беларуска-расійскі «Черный замок»!
Сярод пяцідзесяці лепшых беларускіх фільмаў за ўсю гісторыю, выбраных «кінаэкспертамі і дзейнымі фільммэйкерамі» ў апытанні па ініцыятыве Беларускай незалежнай кінаакадэміі (BIFA), няма ні «Чужой Бацькаўшчыны», ні «Жыве Беларусь», затое ёсць пра прыгоды Бураціна і інш.
Афіша фільма «Жыве Беларусь»
Тэлебачанне таксама засмечанае расійскімі фільмамі і серыяламі і нават незалежныя медыя пра іх пішуць, некаторыя адабраюць і рэкамендуюць. Паволі прывыкаем, хáваем (прабачаюся за грубасць), што даюць, ды яшчэ часам пахвальваем.
Сцяпан Сарока, budzma.org
Чытайце яшчэ:
10 экранізацый беларускай літаратуры, каб зразумець беларуса ў сабе