Спявачку Анастасію Рыдлеўскую збілі ў цэнтры Гданьска

Спявачка і мастачка Анастасія Рыдлеўская паведаміла, што стала ахвярай нападзення ў цэнтры Гданьска. Паводле яе слоў, інцыдэнт адбыўся падчас запісу відэа для TikTok: невядомы мужчына тройчы ўдарыў яе па галаве, піша reform.news.

Anastasija Rydleŭskaja Анастасія Рыдлеўская. Скрын кліпа «Dance on my own» Дар’і Загорскай

«Здымала я для TikTok песню. І тут пачаў гарлапаніць нейкі мужчына, што я «на солях». Я ў адказ крыкнула нешта кшталту: «Ты што нясеш? Што за трызненне?», — распавяла яна ў Telegram. — Я не падумала — гэта была тупая ідэя — падышла да яго бліжэй, і ён мяне ўдарыў. З усёй сілы, адзін раз у галаву. Пасля яшчэ раз. І потым трэці раз. І гэта было ўвогуле страшна».

У момант здарэння побач знаходзіўся яе муж Аляксей, паміж ім і тым, хто нападаў, адбылася бойка, пасля чаго мужчына ўцёк, а Аляксей патэлефанаваў у паліцыю. Да месца інцыдэнту падышлі мінакі і паспрабавалі падтрымаць Насту.

Пасля нападзення артыстка звярнулася па медыцынскую дапамогу. Па выніках камп’ютарнай тамаграфіі сур’ёзных пашкоджанняў выяўлена не было, урачы рэкамендавалі спакой і багатае пітво. Пры гэтым, як зазначае пацярпелая, ёй давялося правесці каля сямі гадзін у аддзяленні неадкладнай дапамогі.

Муж спявачкі патэлефанаваў у паліцыю. Пазней Наста падзялілася гутаркай, якая адбылася ўжо непасрэдна ў аддзяленні.

«Калі сцісла перадаць сутнасць таго, што нам сказалі, атрымліваецца, што:

— Ну, вас не парэзалі? Не парэзалі. Жадаеце, падавайце грамадзянскі пазоў. (Нешта там аб парушэнні цялеснай недатыкальнасці). Заплаціце за грамадзянскі пазоў тысячу злотых, але хутчэй за ўсё вы нічога не выйграеце. Я вам дакладна скажу, што вы нічога не выйграеце.

— Ну, добра, але ў мяне ёсць відэа гэтага чалавека, і ўвогуле там ёсць відэакамеры, і ёсць твар яго. Хочаце, я вам перадам, каб вы ведалі, што калі чалавек, ён побач з маёй хатай...

— Не.

— Добра, а што мне рабіць тады? Ён жа каля майго дома тусуецца, я баюся зараз выходзіць з дому.

— Ну ты да яго не падыходзь.

— Дык я да яго не падыходзіла, гэта ён да мяне падыходзіў.

— Ну ты ад яго бяжы. Але пярцовы балончык можаш выкарыстоўваць».

«Вопыт адстой, нікому не рэкамендую. На будучыню: калі да вас падыходзіць неадэкватны чалавек, то, напэўна, не абараняйцеся — проста бяжыце. Вам ніхто не дапаможа. (...) Нікуды пісаць не хачу. Я зараз раскіну проста відос, яго твар, у якія-небудзь паблікі, каб, можа, нехта яго ўбачыў, а больш я нічога не хачу», — рэзюмавала артыстка.