Як і сёння, так і ў 1920-я — 1930-я гады, існавала безліч праблемаў, датычных асветы, адукацыі і школьніцтва. Што турбавала нашых продкаў раней? Мы пагарталі пажаўцелыя старонкі газетаў і часопісаў, каб адчуць атмасферу таго часу.
Урывак з часопіса «Шлях Моладзі», 1932 год
«Дык жа, бацькі, не шкадуйце ні грошай, ні працы дзеля сваіх дзяцей. Аддавайце іх у беларускія школы, каб яны вучыліся роднай мове, каб ведалі гісторыю і культуру свайго народа. Гэта найважнейшы абавязак перад імі і перад усёй нашай Бацькаўшчынай».
Урывак з выдання «Вольны Сьцяг», 1923 год.
Пасля Першай сусветнай вайны і Рыжскай дамовы 1921 года Беларусь была падзелена. Адна частка ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы, другая ў склад БССР, а суполкі беларусаў апынуліся ў Латвіі, Літве і іншых краінах. Гэта адразу паўплывала на развіццё беларускай адукацыі: розныя ўмовы, розныя магчымасці, але паўсюль — барацьба за сваю школу.
Артыкул «Балючая справа» пабачыў свет у выданні «Беларускае Слова» за 20 жніўня 1927 года. Ён быў напісаны як шчырая спроба данесці да беларусаў галоўны боль таго часу: пытанне пачатковай школы на роднай мове.
«Ад моманту, калі на чале Дзяржавы стаў маршалак Пілсудскі, кожны сумленны чалавек павінен прызнаць, што ў многіх галінах грамадскага жыцьця наступілі зьмены на лепшае і пэўныя палёгкі. Гэтыя зьмены з уздыхам палёгкі асабліва адчулі і нашыя занядбаныя беларускія землі. І толькі адно пытаньне, пытаньне найбольш балючае, найбольш для нас дарагое і патрэбнае, як паветра, — пытанне аб беларускай пачатковай школе, засталося неразьвязаным! Надыходзіць новы школьны год, і нашы беларускія дзеткі ня маюць сваёй роднай школы».
Абвестка з выдання «Сялянская Ніва», 1927 год
Аўтар артыкула падкрэсліваў, што народ ужо ясна выказаў сваю волю: і ў рэзалюцыях Беларускай Народнай Рэспублікі, і ў шматгадовым змаганні за права навучацца па-беларуску. Народ не раз дэманстраваў жаданне мець сваю школу, і ігнараваць гэта — значыць свядома ісці супраць гэтага жадання.
«Праўда, стары ўрад спужаўся гэтай хвалі зложаных дэклярацыяў і выслаў па ўсіх вёсках і мястэчках цэлую армію ўрадоўцаў і інспэктараў, якія перараблялі беларускія дэклярацыі на карысьць польскай школы.
Але факт застаўся фактам: беларускі народ сваю волю выявіў. І мы чакаем ад міністра асьветы ўраду маршалка Пілсудскага, што гэтае найбольш балючае пытаньне будзе разьвязана».
Галоўная думка палягала ў тым, што пачатковая беларуская школа — гэта не дробная дэталь, а найбольш балючая, жыццёва істотная справа для ўсяго народа. Калі ўлады сапраўды жадаюць паляпшэння адносінаў з беларусамі, яны павінны разумець і паважаць гэтую патрэбу. Інакш любыя размовы пра «талерантнасць» і «рэформы» будуць выглядаць, як пустыя словы.
Урывак з выдання «Вольны Сьцяг», 1923 год
Артыкул з такой назвай пабачыў свет у 1923 годзе ў газеце «Вольны Сьцяг». У тэксце знаходзім гарачыя словы:
«Яшчэ дзіця ляжыць у калысцы, а ўжо бацькі ўздыхаюць, чакаюць яго ўзросту — ці хутка стане ім у падмогу. Бо старыя і маладыя, ды як хворы ці калека, лішняя губа ў хаце — так кажа народ».
Аўтар малюе трагічныя карціны: бедныя дзеці, якія з маленства ідуць у працу, застаючыся невукамі. Ён падзяляе бацькоў на дзве групы — тых, што лічаць «навучыцца хлеба не дасьць», і тых, хто разумее, што без навукі няма будучыні. Тэкст заклікаў бацькоў ахвяраваць апошнім, але аддаваць дзяцей у беларускія школы.
«Вінаватая школа, вінаваты гаспадарчы лад. Я хачу казаць аб школе, у якой прыходзіцца вучыць нам дзяцей, хачу казаць аб буржуазнай школе. Пануючая кляса, буржуазія і клерыкалы маюць аграмадныя шкодныя ўплывы на школу. Яны сьвядома калечаць душы дзяцей, забіваючы ў іх пал да барацьбы, любоў да волі. Яны завабліваюць іх у будучыні панскімі ласкамі і раскошай на цёплыя чынадральскія пасады.
У працягу ўсяго школьнага ўзросту дзіця паступова прывучаецца да паслухмянасьці, пакоры, выхоўваецца панскі слуга, папіхач, каб умеў скакаць пад панскую дудку і пагарджаў беднату.
Урывак з выдання „Наша Праўда“, 1927 год
Дык беражыцьце сваіх дзяцей ад панскіх павуковых сетак, дамагайцеся сваёй роднай школы, працоўнай школы. Пасылаючы дзяцей у школу, бараніце іх ад яду буржуазнага выхаваньня, пільнуйце, каб не ўзрасла ў іх дзікая расьліна панскіх ўплываў, дбайце аб іх, надзяляючы роднай кніжкай, пралетарскай літаратурай.
А як наша пакаленьне будзе сьвядомым, дык і наша праўда запануе, бо ў сьвядомасьці наша моц».
Гэты артыкул быў надрукаваны ў 1923 годзе ў газеце «Вольны Сьцяг». Ён меў іншы акцэнт, у ім аўтар паказваў, як польская дзяржава маніпулявала лічбамі і законамі, каб адмовіць беларусам у школах.
Міністр асветы казаў тады ў Сойме, што ў Польшчы ёсць 44 беларускія школы. Артыкул высмейваў гэта: для палутара мільёнаў беларусаў усяго толькі некалькі дзясяткаў школ! Гэта абсурд і здзек. А яшчэ ўрад адзначаў, што ён «не абавязаны адкрываць няпольскія школы». Беларусам жа прапаноўвалі: адчыняйце свае школы за ўласны кошт.
Аўтар паказваў, што гэта не бюракратычная цяжкасць, а сістэмнае вынішчэнне беларускага школьніцтва. Польская дзяржава свядома не выконвала нават сваіх жа законаў, каб толькі не дапусціць беларускай пачатковай адукацыі.
Невялікую навіну пра стан беларусаў у незалежнай Латвіі надрукаваў у 1929 годзе часопіс «Шлях Моладзі»: «19 ліпеня Латвійскае Міністэрства Асьветы зацьвердзіла статут Таварыства Беларуских Вучыцеляў у Рызе, якое мае адчыніць у Рызе беларускую гімназію. Гэта ўжо будзе другая беларуская гімназія ў Латвіі. Дый трэба зазначыць, што ў Латвіі беларусы маюць 33 народныя беларускія школы».
У якім гаротным стане ў Латвіі праз амаль 100 гадоў знаходзіцца беларуская школа сёння.
Артыкул пабачыў свет у выданні «Маладая Беларусь» у 1923 годзе. Гэты тэкст стаў поглядам з боку моладзі. Ён апісвае, як мала беларусаў мае магчымасць вучыцца ў сваёй школе. Большасць вымушаная ісці ў польскія, дзе іх беларускасць гвалтоўна выціскаецца.
«Прыйшоў новы 1923 вучэбны год. Вялікая радасьць, а разам з тым і гора ахоплівае беларускую моладзь».
Абвестка з выдання «Грамадзкі Голас», 1925 год
Асабліва падкрэсліваецца, што нават тыя, хто трапляюць у беларускія гімназіі, не арганізаваныя, не згуртаваныя, не гатовыя весці культурную працу. А без згуртавання школа не выратуе.
Тэкст заклікаў моладзь не быць пасіўнымі, а гуртавацца, ствараць свае арганізацыі, бібліятэкі, выданні, каб школа стала жывым цэнтрам нацыянальнага жыцця.
«Толькі з наступіўшым годам як быццам лік сярэдніх беларускіх школ павялічваецца (гімназіі адчыненыя ў Радашковічах, Навагрудку, Нясьвіжы і інш.), і можна спадзявацца, што праца пойдзе хутчэйшым тэмпам».
У 1927 годзе беларусаў наступным чынам запрашалі запісвацца ў гімназію. Адпаведную абвестку знаходзім у газеце «Беларускае Слова».
«Радашкоўская васьміклясная каадукацыйная Беларуская Гімназія гуманістычнага тыпу падаець да ведама, што заявы аб прыёме ўва ўсе клясы можна складаць у канцылярыю гімназіі штодня, апрача дзён сьвяточных, з 12-й да 14-й гадзіны. Таксама іх можна дасылаць па пошце на адрас: m. Radoszkowicze, pow. Mołodeczański, Plac Kościelny 2. Да заявы трэба далучыць мэтрыку нараджэньня і, калі ёсьць, дакумэнт аб папярэдняй адукацыі. Уступныя экзамены адбудуцца ўвосень, у дні з 29 жніўня па 10 верасьня гэтага года».
Напрыканцы пазнаёмім з артыкулам з газеты «Грамадзкі Голас» за 1925 год. Гэта адзін з самых эмацыйных тэкстаў. Ён з’яўляецца крыкам адчаю пра тое, што беларуская моладзь трапляе пад «калецтва» з двух бакоў: польскага і савецкага.
«Мы пратэстуем супраць працягваньня „драпежнай“ рукі Камінтэрна з-за кардону за нашымі дзецьмі і супраць спробаў утварэньня ў Польшчы беларускага камсамолу!
Мы пэўныя, што ўсё запраўднае беларускае грамадзтва будзе з намі і што, нарэшце, супольнымі сіламі нам удасца пакласьці канец калецтву нашай моладзі».
Аўтар паказвае, што ў Польшчы дзеці губляюць сваю нацыянальную ідэнтычнасць праз польскія школы, а ў БССР становяцца аб’ектам камуністычнай прапаганды.
«Праўда, у Савецкай Беларусі цяпер ёсьць шмат беларускіх школаў, але гэтыя школы не дадуць здаровай і адпаведна выхаванай інтэлігенцыі, бо ў іх, апрача мовы і досыць слабой веды, няма тых элементаў, якія неабходны дзеля выхаваньня моладзі.
Школа павінна ўмацняць і паглыбляць прыродную любоў дзіцяці да сям’і, бо сям’я — гэта аснова кожнага нацыянальнага гаспадарства. Нарэшце, школа павінна выхаваць будучых грамадзянаў, сыноў сваёй Бацькаўшчыны і закласьці ў іх душах вялікую любоў да гэтай Бацькаўшчыны.
Бедныя, нешчасьлівыя беларускія дзеці Савецкай Беларусі! У якіх цяжкіх, дзікіх абставінах яны растуць! Толькі бязьмерная агіда самога беларускага народу да камунізму і прыродны інстынкт самазахаваньня можа выратаваць яго моладзь ад поўнага калецтва».
Беларусы стагоддзе таму дакладна разумелі, што без пачатковай школы на роднай мове няма будучыні. І гэтая думка, здавалася б, старая, але і сёння гучыць як выклік усім нам, і ў Беларусі, і раскіданым па свеце.
Павал Хадзінскі, budzma.org