Род Агінскіх быў адным з самых уплывовых і багатых у Вялікім Княстве Літоўскім і ў Рэчы Паспалітай. Ці не таму пасля падзелу “Рэспублікі Абодвух Народаў” паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй нашчадкі герба “Агінец” пацярпелі больш за іншых. З аднаго боку, новым уладарам хацелася абагаціцца за кошт яснавяльможных літоўскіх і польскіх князѐў, а з другога – выбіць у іх з пад ног глебу, на якой маглі прарасці зярняты супраціву.
Як бы ні вар’яцелі сквапныя царскія асобы, а пазней іх магільшчыкі, праз стагоддзі захаваліся для тутэйшых народаў яркія ўзоры плѐннага жыцця Міхала Клеафаса і яго нашчадкаў, што знаходзяць адлюстраванне ў музыцы, мастацтве, архітэктуры. У юбілейны год кампазітара і грамадскага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага ў друку з’яўляецца шмат матэрыялаў пра яго жыццѐ і творчасць. Мне хочацца расказаць пра нашчадкаў уладара “Паўночных Афінаў” – сына Ірэніўша і ўнукаў Багдана і Міхала-Мікалая, што стварылі свой маленькі “рай на зямлі” на перыферыі, удалечы ад сталіц і буйных гарадоў. Расказаць хачу на падставе сваіх уражанняў пасля наведвання Жамойціі (гістарычнай часткі Літвы) і мясцін, дзе ўшаноўваюць памяць пра славуты род.
Задоўга да першай “лямпачкі Ільіча”, яшчэ ў 1892 годзе, успыхнулі сто лямпачак на жырандолі касцѐла Міхаіла Архангела ў невялікім паселішчы Рэтаў. Першая ў Жамойціі электрастанцыя была пабудавана ўнукам Міхала Клеафаса ад малодшага сына Ірэніўша Багданам Агінскім. Дарэчы, менавіта Багдан стаў спадчыннікам беларускага смаргонскага Залесся і літоўскага Рэтава пасля смерці свайго бацькі Ірэніўша. А першая ў Літве электрастанцыя забяспечвала святлом не толькі касцѐл і панскія маѐнткі, але і суседнія сялянскія гаспадаркі.
Пашчасціла жыхарам Рэтава з панам і ў іншым. Напрыклад, яшчэ ў 1838 годзе, прыехаўшы на пастаяннае месцажыхарства ў Жамойцію, Ірэніўш Агінскі адмяніў тут прыгонны лад. Але адмяніў не такім чынам, як у Расійскай імперыі праз 40 гадоў пасля яго, пакінуўшы сялян ні з чым. Яшчэ 13 гадоў Ірэніўш разам з камандай спецыялістаў распрацоўваў і ўкараняў праграму, якая дапамагала былым прыгонным пачынаць самастойную гаспадарскую дзейнасць. Пры ім пачалі дзейнічасць сістэма ашчадных кас, крэдытныя саюзы для кожнага сектара работнікаў. Пазней была адчынена першая ў Літве Сельскагаспадарчая бясплатная школа, выкладанне ў якой вялося на мове мясцовага насельніцтва. Ірэніўш паспрыяў адукацыі жамойцінаў, пры ім навучаліся грамаце 90 працэнтаў жыхароў. Яго сыны Багдан і Міхал-Мікалай працягвалі справу, мадэліравалі той узор устройвання грамадства, які б даваў найбольшы плѐн усім і кожнаму.
На вялікі жаль, толькі на гравюры Напалеона Орды можна сѐння пабачыць той цудоўны палац, што пабудаваў калісьці ў Рэтаве (па-сучаснаму Рэтавасе) Ірэніўш Агінскі. Ад цудоўна-казачнай сядзібы захаваліся толькі вялікая ўваходная брама са скульптурамі львоў, старажытны англійскі парк, ставы, злучаныя штучнымі ручаямі, некалькі гаспадарчых пабудоў.
Будынак колішняй музычнай школы, па словах дбайнага мясцовага краязнаўцы і энтузіяста-адраджэнца спадчыны Агінскіх Вітаса Руткаўскаса, у прамым сэнсе давялося адкопваць з-пад завалаў будаўнічага смецця.
Вітас Руткаўскас – дырэктар гісторыка-культурнага музея Агінскіх у Рэтавасе
япер тут знаходзіцца гісторыка-культурны музей Агінскіх. У першай зале на ўсю сцяну вялікае пано з радаводам Агінскіх, на якім, можа, толькі дзясятую частку займаюць адгалінаванні роду Міхала Клеафаса Агінскага. Але астатнія экспазіцыі прысвечаны пераважна яго сыну Ірэніўшу, унукам Багдану і Міхалу-Мікалаю, а таксама асобам, блізкім ім па духу і перакананням. А яшчэ тут на месцы ўваходу ў былы палац энтузіястамі ўзведзена каланада.
А яшчэ тут на месцы ўваходу ў былы палац энтузіястамі ўзведзена каланада.
Каланада на месцы былога палаца Агінскіх у Рэтавасе
Сѐлета побач з ѐй у гонар юбілею Міхала Клеафаса будзе ўсталяваны помнік князю-лібералу, змагару, музыканту, сапраўднаму грамадзяніну.
У 1822 годзе, адпраўляючы сына на вучобу ў Італію, Міхал Клеафас напісаў яму наказ. У гэтым бацькоўскім запавеце няма павучанняў меркантыльна-карыслівых. Ёсць тое, што ў часы суровых выпрабаванняў давала моц і сілу духу прадстаўнікам арыстакратыі, якія заставаліся верныя Богу і Айчыне. Своеасаблівай падзякай бацьку і ўшанаваннем яго памяці стала збудаванне ў Рэтаве касцѐла Міхаіла Архангела, які з’яўляецца паменшанай копіяй фларэнтыйскага храма ў Санта-Крочэ, дзе пахаваны славуты аўтар паланэза “Развітанне з Айчынай”. У гэтым касцѐле знайшоў апошні спачын Ірэніўш Агінскі і яго жонка Вольга. Асаблівасцю рэтаўскай святыні з’яўляецца тое, што за іканастасам размешчана своеасаблівая аркестравая пляцоўка, дзе часта выконвалі духоўныя творы музыканты мясцовага аркестра. Пра гэты цікавы аркестр вельмі любіць апавядаць Вітас Руткаўскас, асабліва пра тое, як яго ратавала Марыя Патуліцкая-Агінская, жонка Багдана. Ці не з амбіцыйных зайздрослівых і помстлівых інтарэсаў самадзержац расійскі выдаў загад мабілізаваць музыкантаў і перакінуць іх на японскі фронт. Ратуючы артыстаў, усіх да аднаго вывезла графіня Марыя Агінская ў свае спадчынныя сядзібы ў Прусіі. Другі падобны аркестр існаваў у суседнім Плунге.
Палацава-паркаваму комплексу ў Плунге больш пашчасціла. Як жартуе наш экскурсавод Анджэй Пілецкі, ці не таму, што на ўваходнай браме тут не львы, а мядзведзі. У мяне пасля гэтай заўвагі так і напрошваецца аналогія са смаргонскім мядзведзем і ўратаванай залескай сядзібай. Але ж, пабудаваны малодшым сынам Ірэніўша Міхалам у стылі неарэнесансу цудоўны палац ні ў якое параўнанне не ідзе са сціплым збудаваннем у Залессі.
Жамойцкі “Версаль” у Плунге
Адны параўновываюць яго з французскім Версалем, іншыя – з Пецяргофам. Сѐння ў яго сценах мастацкі музей, мяркуецца стварэнне аранжарэі з экзатычнымі раслінамі накшталт тых, што ў палацы Тышкевічаў у недалѐкай Крэцінге. Уражваюць тут добраўпарадкаваныя газоны, дагледжаныя клумбы, ставы з ружова-белымі вадзянымі лілеямі. Выдатна захаваліся панскія канюшні з чырвонай цэглы. Ці не ў гэтых стайнях, дзякуючы панам Агінскім, была выратавана чысціня жамайційскай пароды – баявых коней, вядомых з пісьмовых крыніц VI стагоддзя. Менавіта на такім кані ліцвінскі князь Вітаўт браў удзел у бітве пад Грундвальдам.
А яшчэ недалѐка ад уваходнай брамы з мядзведзямі – трохпавярховая бібліятэка, колішні домік ці то садоўніка, ці то вартаўніка. Шмат каму захацелася, гледзячы на гэты будынак, папрацаваць вартаўніком у пана Агінскага. Побач з палацам – будынак музычнай школы і інтэрната для яе вучняў. Вядома, што тут вучыўся таленавіты сын арганіста з Друскенікаў Мікалаюс Чурлѐніс. Дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы Агінскіх Чурлѐніс атрымаў адукацыю ў Варшаве і ў рэшце стаў славутым кампазітарам і мастаком…
Згаданы мной вышэй палац у Крэцінге быў створаны сумеснымі намаганнямі паноў Агінскіх і Тышкевічаў. Аранжарэя з экзатычнымі раслінамі, чарапахамі, рыбамі ўражвае не менш, чым векавыя дубы пры ўваходзе ў парк. Толькі ўпецярох мы маглі абхапіць гэтыя магутныя дрэвы, што трывала ўраслі ў жамойцкую глебу, як сімвал трыўмфу справядлівасці над цемрашальствам.
Ала Страшынская, zalesse.by