• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
15.03.2023 | Грамадства Беларуская мова

«У Беларусі і так страшна жыць, а калі ты яшчэ ўжываеш беларускую мову, то адчуваеш дадатковую рызыку»

Аліне (імя зменена) 22 гады, тры гады таму яна цалкам перайшла з рускай на беларускую мову. Цяпер дзяўчына працуе прадаўцом-кансультантам ў адной са сталічных крамаў, дзе быць незаўважанай, як яна кажа, немагчыма. Аліна распавяла «Салідарнасці», як гэта — быць беларускамоўным спецыялістам у Беларусі.


331.jpg

Цалкам Аліна перайшла на беларускую мову ў 2019 годзе, хаця больш яе ўжываць стала ў 2017-м.

— У дзяцінстве ў мяне было разуменне, што беларуская мова ёсць толькі на ўроках беларускай мовы ў школе, а навошта яе вывучаць, не ведала. У падлеткавым узросце я пачала вучыцца граць на гітары, хутка даведалася пра спявачку Рэспубліка Паліна, у якой былі песні на беларускай мове. Я падумала: ваў, гэта так прыгожа гучыць. Тады я адчула ўсю прыгажосць нашай мовы, і ў мяне з’явілася да яе зацікаўленасць.

У 17 год я патрапіла ў адно месца (дзеля бяспекі мы не раскрываем яго назвы — С.), дзе мае аднагодкі размаўлялі выключна на беларускай. Я была ў шоку, што ёсць такія маладыя людзі. Пачала цікавіцца гісторыяй Беларусі, нашай літаратурай, музыкай — і ўсё гэта пацягнула за сабой. Я зразумела, што наша мова вельмі прыгожая, але было вельмі шкада, што на ёй мала хто размаўляе.

Мне стала страшна за яе існаванне і я падумала: што я магу зрабіць, каб беларуская мова працягвала існаваць? Самае маленькае і самае вялікае — ужываць яе ў паўсядзённым жыцці.

Але Аліна прызнаецца, што гэта быў даволі доўгі працэс: проста захацець і перайсці ў яе выпадку было немагчыма. Спачатку дзяўчына размаўляла на беларускай з сябрамі, валанцёрыла на розных беларускамоўных імпрэзах — наогул, фарміравала беларускамоўнае асяроддзе. І толькі потым пачала ўжываць беларускую ў сям’і і на працы.

Ужо больш за год суразмоўніца «Салідарнасці» працуе прадаўцом-кансультантам у адной з мінскіх крам:

— Шчыра кажучы, я ўжо стамілася ад сітуацый, калі кліенты просяць перайсці на рускую мову. Калі пытаю, ці не разумее чалавек беларускую і ён адказвае «так, не разумею», кажу, што мая задача — дапамагчы яму, таму я буду карыстацца больш простай мовай, але ўсё адно беларускай. Калі ёсць нейкая негатыўная сітуацыя, я проста пераключаю на рускамоўнага спецыяліста.

Кожны дзень я атрымліваю шмат рэакцый на тое, што размаўляю на беларускай. Большасць з іх — станоўчыя. Людзі кажуць: «Дзякуй вам за беларускую мову», ці «Ваў, вы размаўляеце па-беларуску». Спачатку гэта прыемна, адчуваеш, што робіш важную справу. Але з часам гэта пачынае раз’юшваць: я ведаю, што ў людзей гэта натуральна, але ад гэтага вельмі стамляешся, бо такая сітуацыя ў краіне.

Самая крутая рэакцыя для Аліны — нейтральная: калі чалавек чуе беларускую мову і або пераходзіць сам на яе ж, або працягвае гаварыць на рускай, не даючы ніякіх каментароў пра яе беларускую. Але час ад часу даводзіцца сутыкацца і з негатывам.

— Калі такое адбываецца, размову з кліентамі працягваюць мае калегі. У асноўным гэта нешта накшталт: «Я размаўляю з вамі на рускай, чаму вы са мной — па-беларуску?» ці «Я ваш кліент, размаўляйце са мной на рускай мове». Могуць гучаць нейкія непрыемныя словы.

Была ў мяне яшчэ такая дзіўная сітуацыя: трэба было пацвердзіць замову, я тэлефаную жанчыне з вёскі. Цягам размовы яна пытае: «О, а вы размаўляеце па-беларуску?», а следам: «Гэта так класна, а вы ж за нашага прэзідэнта, так?». Я адказала, што на працы не размаўляю на палічныя тэмы, на што яна сказала, што ўсё ж такі я супраць, а жаль, бо ён жа такі харошы.

Нават у 2019-м, калі суразмоўніца «Салiдарнасцi» перайшла цалкам на беларускую мову, яна адчувала небяспеку. Але пасля 2020 года гэта адчуванне павялічылася:

— Я заўсёды адчуваю ўвагу, якая можа прывесці не да дабра. Калі раней я ехала на маршрутцы, магла сказаць: «Спыніце мне на прыпынку», а апошнія часы мне проста страшна казаць гэта на беларускай, бо я не ведаю, хто са мной едзе. Тое ж самае на працы: ніколі не ведаеш, які кліент да цябе трапіць і куды ён можа паведаміць, што тут працуе беларускамоўны чалавек.

Нават калі я іду па вуліцы, і мой сябра гучна размаўляе на беларускай, мне няёмка і страшна. Тут і так страшна жыць, а калі ты яшчэ хочаш, каб твая мова развівалася і ўжываеш яе — то адчуваеш дадатковую рызыку.

На пытанне, чаму паводле нядаўняга сацыялагічнага апытання толькі 16% беларусаў лічаць, што адзінай дзяржаўнай мовай у краіне павінна быць беларуская, Аліна адказвае: мабыць, і не дзіўна, што такі адсотак, бо ёсць страх.

— Рускамоўныя людзі, верагодна, думаюць, што павінны будуць гвалтоўна перайсці на беларускую. Але ж гэта не так. Тут справа ў тым, што справаздачнасць і дакументы ў краіне будуць на беларускай мове, і калі гэта пачнецца на дзяржаўным узроўні, потым можа перайсці і на нацыянальны. Але ніхто не павінен увогуле пераходзіць на беларускую мову цалкам.

Мне здаецца, сярод людзей ёсць шмат неразумення, што будзе, калі дзяржаўная мова будзе адна — беларуская. Было б класна, каб распавядалі, як выглядае такі пераход, каб гэта не ўспрымалася, як нешта гвалтоўнае.

Таксама важна паказваць, якія наступствы могуць чакаць, калі такога пераходу не будзе. І наадварот, як добра гэта можа паўплываць на Беларусь.

Але тут я б падкрэсліла: па сваіх уласных назіраннях заўважыла, што стала чуць больш беларускай мовы ў Мінску. Нават зараз сярод кліентаў можа быць 10 чалавек на месяц беларускамоўных.

Дзяўчына таксама распавядае, што да яе ў краму часта прыходзяць расіяне, і калі яны просяць перайсці Аліну на рускую мову, яна кліча рускамоўнага прадаўца.

— Асабліва іх стала шмат пасля таго, як аб’явілі мабілізацыю ў Расіі. Нядаўна да нас таксама прыходзілі расійскія ваенныя з пазнакамі Z на рукаве. Мы абмяркоўвалі з калегамі, што рабіць у такіх сітуацыях, бо калі ім адмовіць, могуць быць праблемы і ў цябе, і ў крамы.

Мы вырашылі, што часам можна неяк «зліваца», сказаць, што ў нас такога тавару няма. У такой сітуацыі я адчуваю сябе так: разумею, што не прадаю зброю і што мая мэта як прадавачкі — дапамагчы кліенту, але у гэтым выпадку маральна складана быць добрым прадаўцом, таму я або шукаю выйсце, каб «зліцца», або абслугоўваю з мінімальнай кансультацыяй і размовай.

Напрыканцы гутаркі Аліна дзеліцца сваімі перажываннямі аб жыцці ў Беларусі ў апошні час і планамі.

— Тут страшна кожны дзень. Як бы жудасна не гучала, але ўвечары думаеш, што гэта быў яшчэ адзін дзень на волі. Але я стараюся рабіць тое, што мне важна: рэалізую свой музычны праект і ўвогуле займаюся музыкай. Стараюся развівацца і дапамагаць людзям.

Я чакаю, калі ў мяне скончыцца размеркаванне. Потым планую паехаць кудысьці на валанцёрства ці на вучобу, каб перастаць адчуваць небяспеку і крышачку паслабіцца.

Відавочна, пакуль я ў Беларусі, думаю, што абавязкова вярнуся. Было б добра набрацца досведу ў важных для сябе рэчах. Напрыклад, мне цікавая музыкатэрапія. У нас такому не вучаць, але я хацела б даведацца пра гэта і прывезці сюды, каб дапамагаць беларусам у Беларусі.

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

У Варшаве распачынаецца цыкл дзіцячых праграм «Чароўны край»

У Варшаве распачынаецца цыкл дзіцячых праграм "Чароўны край«з вядомымі беларускімі музыкамі Сержуком Доўгушавым і Андрэем...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Беларусы распачалі флэшмоб памяці Ларысы Геніюш пасля знікнення яе помніка ў Зэльве

Навіна пра таямнічы дэмантаж помніка Ларысе Геніюш на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы ў Зэльве абурыла...

valiancina_shauchenka
Літаратура Асоба

Кастусь Цвірка: «Буду жыць, пакуль не выдам усе 200 тамоў «Беларускага кнігазбору!»

Калі ў 1996 годзе ў свет выйшаў першы том амбіцыйнай кніжнай серыі «Беларускі кнігазбор», мала хто верыў, што яна выжыве...

valiancina_shauchenka
Афіша

Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў 1-2 красавіка

На гэтых выходных беларусы ў розных краінах свету будуць гукаць вясну. Таксама будуць беларускія канцэрты, цікавыя...

Апошнія навіны

    Грамадства
    У Варшаве распачынаецца цыкл дзіцячых праграм «Чароўны край»
    Грамадства
    Беларусы распачалі флэшмоб памяці Ларысы Геніюш пасля знікнення яе помніка ў Зэльве
    Літаратура Асоба
    Кастусь Цвірка: «Буду жыць, пакуль не выдам усе 200 тамоў «Беларускага кнігазбору!»
    Афіша
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў 1-2 красавіка
    Грамадства
    1 красавіка ў Рызе распачынаецца «Мова Нанова»
    Грамадства
    «Адчайныя часы патрабуюць адчайных крокаў». Як беларуска Наталля Сайед стала спявачкай у Гішпаніі
    Тэатр
    У Юрмале пройдзе прагляд вiдэазапiсу спектакля «Свабодных Купалаўцаў» «Сфагнум»
    Кніжны сакавік: навінак мала але шмат анонсаў
    Грамадства
    Чаму нас не вучылі ў школе: 5 прынцыпаў эфектыўнага запамінання
    Грамадства
    Частку затрыманых полацкіх музейшчыкаў вызвалілі, канфіскаваўшы тэхніку і прызначыўшы суды
    Асоба
    Як «Слоўнік крывіцкай мовы» стаў «Слоўнікам беларускай гаворкі»
    Грамадства
    У Зэльве знік помнік Ларысе Геніюш
    «Музыка»
    «За Сашу Саладуху большай звязды няма». Бард Віктар Шалкевіч пра самагонку ў вёсцы, 4000 пласцінак і пярсцёнак ад Бенэдыкта XVI
    Культура Мастацтва
    Ніна Бохан: самабытная мастачка, якая малявала дываны і грошы
    Грамадства Музыка
    Балючая рэфлексія пра сон і абуджэнне краіны. Гурт «ДОМ Сувязі» выпусціў кліп на песню «Спи»

Афіша

  • 31.03 — 16.04

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Выстава мастачкі Цемры «LAZARET» адкрываецца ў Варшаве

  • 31.03 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 31.03Выстава, прысвечаная мастаку кіно Яўгену Ганкіну, у Мінску
  • 31.03«У краіне мар». Выстава, прысвечаная Канстанцыі Буйло, у Мінску
  • 31.03 — 30.04Выстава «Ян Вермеер» у Мінску
  • 31.03 — 02.04Выстава Усевалада Швайбы і Тамары Дзяменцьевай «Узы меж нами» ў Гродне
  • 31.03 — 30.04 «Партрэт часу»: калекцыя жывапісу Белгазпрамбанка ў Магілёве
  • 31.03Выстава Дзіны Лявонавай «Вясна» ў Варшаве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Пагоня» не з’яўляецца «экстрэмісцкім» сімвалам
    • Топ-3 смешных выпадкаў з Якубам Коласам
    • «Беларусьфільм» здыме экранізацыю рамана Караткевіча. Сталі вядомыя падрабязнасці
    • Гурт VOLSKI выступіў з вялікім канцэртам да Дня Волі. Фотарэпартаж
    • У Вязынцы вясну гукалі. І нагукалі! Шмат фота
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип