У 1977 годзе з ініцыятывы пісьменніка Букчына, які цягам доўгага часу апекваўся дзекабрыстамі, гарадскія ўлады вырашылі ўвекавечыць памяць Мікіты Міхайлавіча Мураўёва. Першы варыянт Расійскай канстытуцыі будучы дзекабрыст напісаў акурат у Мінску. Таму Мінск можа цалкам сабе лічыцца калыскай рускай дэмакратыі. Пісьменнік Букчын і задумаў нагадаць пра гэта суграмадзянам.
Кацярына Фёдараўна Мураўёва — “матухна” Мікіты Міхайлавіча і адрасатка яго мінскіх лістоў
Тут нельга не заўважыць, што горад наш на будучага дзекабрыста ўражанне зрабіў, як ён сам выказаўся, “не найлепшае”. Вось што ён паведамляў сваёй матухне Кацярыне Фёдараўне:
Мілая матухна, я вам яшчэ нічога не пісаў пра Мінск. Горад незайздросны — аточаны шырокімі лясамі. Мала каменных будынкаў, ды і тыя не надта добра збудаваныя… На вялікай дарозе бруд па калена… Я вам скажу, што мясцовыя дзяўчаты не мелі шчасця мне спадабацца — мала, ці лепш сказаць, няма аніводнай прыгожай — ростам усе маленькія; па-другое, крыўляюцца і даволі нязграбныя…
Ну, і гэтак далей.
Мінчанам тут бы і пакрыўдзіцца, але мінчане не такія! Замест дробных крыўдаў яны вырашылі ўсталяваць мемарыяльную шыльду з выявай дзекабрыста ды адпаведным надпісам.
За ўзор скульптар Вакар узяў знакаміты партрэт, напісаны Мікалаем Бястужавым. Паводле яго ён і выявіў першага расійскага дэмакрата спачатку ў гіпсе, а пасля і ў бронзе.
Пабачыўшы вынік творчых намаганняў скульптара, пісьменнік Букчын ахнуў: з горальефа на яго з дакорам пазіраў пажылы чалавек, які спазнаў жахі Чыцінскага астрога. Замест пышных кучараў — залысіны ды рэдзенькія бакенбарды, замест жывых клапатлівых вачэй — пабляклы погляд! Такім Мікіту Міхайлавіча зрабілі гады катаргі. Але ж у Мінску яго ведалі амаль юнаком!
Такім пабачылі Мікіту Мураўёва мастакі Мікалай Бястужаў ў 1836 годзе
і Пётр Сакалоў у 1824 годзе
Зразумеўшы памылку, скульптар Вакар укленчыў: маўляў, да ўрачыстай цырымоніі засталося некалькі дзён, перарабіць нічога нельга, ды і наогул — хто заўважыць?! Ніхто нічога і не заўважыў. Ні тое, што вісіць дошка на сучасным чатырохпавярховым доме — старадаўні, двухпавярховы домік губернатара да непазнавальнасці рэканструявалі ў 1970 годзе. Ні нават надпіс на ёй: “У 1821-1822 гг. гэты будынак наведваў кіраўнік Паўночнага таварыства дзекабрыстаў Мікіта Міхайлавіч Мураўёў”.
Дом губернатара ў ХХ стагоддзі добра змяніўся. Цяпер тут музычны каледж
Вось і думаеш: можа быць, усё не выпадкова — і партрэт, і дом? Няма чаго барыну — а хоць і дзекабрысту! — крыўдзіць наш горад і нашых дзяўчат?
Злева ад уваходу ў каледж вісіць мемарыяльная дошка ў гонар Мікіты Міхайлавіча Мураўёва
Міхаіл Валодзін
Ілюстрацыі: Дар’я Мандзік
***