У папярэдні раз Валера Руселік разважаў у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл», ці можа абараніць беларушчыну дзяржава, якая хоць і называецца Беларусьсю, але насамрэч зьяўляецца антыбеларускай. Сёньня ж аўтар працягвае свае развагі, ставячы новае пытаньне: а які сэнс беларусам бараніць дзяржаву, якая... ваюе з усім беларускім?
Валера Руселік — на здымках фільму «Defiance» (Вільня, 2007 г.). Фота з архіву аўтара
А вы зьвярталі ўвагу на тое, што часьцяком людзі церпяць ад... сваіх? Да прыкладу, калі адкласьці нашыя эўрапейскія і хрысьціянскія эмоцыі, то сухая статыстыка сьведчыць: найбольшую колькасьць ахвяраў радыкальных ісламістаў складаюць... мусульмане. А савецкіх грамадзянаў ніхто гэтак ня нішчыў, як уласна Саветы, ну і плюс вялікія сябры і хаўрусьнікі Сталіна — гітлераўцы. Ну альбо вазьмеце сучасную Беларусь: хто пляжыць усё беларускае цягам апошніх вось ужо больш як трыццаці гадоў?
Пытаньне толькі ў тым, наколькі ўсе гэтыя вылюдкі — свае?
Труба ЦЭЦ у Берасьці з намаляваным чырвона-зялёным сьцягам, каб не была занадта бела-чырвона-белая. Паводле заканадаўства, прамысловыя трубы зьяўляюцца аэрадромнымі перашкодамі і мусяць быць пазначаныя строга акрэсьленымі белымі і чырвонымі палосамі. Але калі ў кагосьці ад гэтага спалучэньня колераў надта падгарае, то «иногда не до законов»... Фота brestcity.com
А задумаўся я пра вось гэта вось усё, пабачыўшы навіну пра тое, што на беларуска-польскай мяжы хтосьці зноўку пашкодзіў цяперашні герб РБ на памежным слупе. На месца здарэньня — у Пружанскі раён, што на Берасьцейшчыне — прыяжджала сьледча-апэратыўная група, якая зафіксавала пашкоджаньні і знайшла мэталёвыя кулькі, якімі, імаверна, і быў абстраляны знак. У выніку распачатая крымінальная справа — за зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў (арт. 370 КК РБ).
Хто стрэліў — афіцыйна невядома, хоць акцэнтаваньне ўвагі на тым, што абстраляны герб вісеў на баку слупа, павернутым у бок Польшчы — намёк больш як празрысты.
Падобная гісторыя на беларуска-польскім памежжы, дарэчы, мела месца і раней. Тры гады таму, у 2022-м, таксама ў студзені (гэта нейкая каляндарная фішка ў зламысьнікаў, ці што?) быў абстраляны зноўку ж памежны слуп, на якім вісеў герб РБ. Аналягічна — з боку Польшчы. І тады, і цяпер на месцы інцыдэнту былі знойдзеныя аднолькавыя мэталічныя кулькі.
Дэжа вю на ўсе сто!
Вось толькі самае цікавае, што папярэднім разам польскія памежнікі адказалі на намёкі калегаў з-за калючага дроту на ўсходзе: маўляў, пашкоджаньне герба — гэта правакацыя, якую ўчынілі самыя беларусы. Пры гэтым палякі распавялі, што незадоўга да інцыдэнту беларускія памежнікі былі зьнялі шыльдачку са сваім гербам і сышлі зь ёю ў лес, а празь некалькі гадзінаў вярнуліся і пачалі фатаграфаваць «месца здарэньня». Сваю вэрсію палякі падмацавалі фота- і відэадоказамі.
Вось вы тут каму верыце?
Зьлева — фота пашкоджанага герба РБ, прадстаўленае Сьледчым камітэтам РБ. Справа — фота яшчэ не абстралянага памежнага слупа са зьнятым зь яго гербам РБ, прадстаўленае Памежнай аховай Польшчы. Калаж аўтара
Добра, можаце не адказваць: гэта было рытарычнае пытаньне. Насамрэч уся гэтая гісторыя з расстрэлам цяперашняга герба РБ на беларуска-польскай мяжы (а яшчэ раней — і на беларуска-ўкраінскай уздымае пытаньне ня толькі пра тое, каму ў ёй варта верыць і на якое днішча трэба праваліцца, каб абстрэльваць уласныя сымбалі.
Давайце на хвіліначку ўявім, што насамрэч герб РБ й сапраўды абстраляў хтосьці з тых, на каго намякаюць памежнікі РБ. І? Якія ў вас пачуцьці? Захацелася бегчы бараніць зьняважаны дзяржсымбаль? А калі я дадам, што якія б у каго ні былі палітычныя погляды, але ж маем самы што ні ёсьць замах на нашую дзяржаву? І што іншай дзяржавы ў нас няма, таму — нашая, неістотна пад якім сьцягам! І што свае ўнутраныя беларускія спрэчкі мы разьвяжам самастойна, але зьневажаць нашую дзяржаву нікому звонку не дазволім!
Ну як, цяпер захацелася бараніць той расстраляны герб?
Вось асабіста мне — не.
Ну бо гэта ня мой герб. І дзяржаву, якая топча бела-чырвона-белы сьцяг і кідае ў турму за «Пагоню» (каторая, на хвіліначку, сёньня мае афіцыйны статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі), назваць сваёй у мяне асабіста язык не паварочваецца.
Памятаеце, як на пратэстах у 2020-м людзі напачатку прыносілі і бела-чырвона-белыя, і чырвона-зялёныя сьцягі. Несьлі іх разам, сымбалізуючы памкненьне захаваць нацыянальнае адзінства незалежна ад палітычных поглядаў тых ці іншых грамадзянаў. І ніхто ў натоўпе да носьбітаў абодвух сьцягоў ня меў аніякіх прэтэнзіяў. Але потым чырвона-зялёныя сьцягі дэманстранты ўздымаць перасталі — пасьля таго, як карнікі пачалі іх вешаць на аўтазакі, у якія кідалі і ў якіх катавалі затрыманых мірных грамадзянаў.
Аўтазак з чырвона-зялёным сьцягам у часе пратэстаў у цэнтры Менску. Фота eurobelarus.info
Вось і я памятаю. І таму не магу прыняць гэтай татальнай непавагі да мяне з боку дзяржавы, грамадзянінам якой я зьяўляюся.
Урэшце, бараніць можна й варта тую дзяржаву, якая бароніць цябе. Не хапае цябе з надуманых прычынаў, не перасьледуе за тваю беларускую мову, ня ставіць перад выбарам «альбо эміграцыя, альбо турма», не пазбаўляе цябе тваіх грамадзянскіх правоў нават у замежжы, ня топча дарагія твайму сэрцу сымбалі і г.д. А — бароніць. Ну бо не народ для ўраду, а ўрад для народу. А калі не, то нахалеру гэткі ўрад наагул? І нахалеру яго бараніць ад каго-кольвечы?
Беларускія добраахвотнікі палку імя Кастуся Каліноўскага. Фота ПКК
Валера Руселік, Budzma.org