Прадпрымальнік і актывіст Зміцер Завадскі вядзе з Германіі працу над стварэннем маркеплэйса, дзе можна будзе знайсці шырокі асартымент тавараў з беларускай мовай і сэнсамі. Калі чакаць запуску пляцоўкі і чаму ён ўпэўнены ў вялікім патэнцыяле беларускацэнтрычнага бізнэсу, Зміцер распавёў budzma.org.
Зміцер Завадскі
— Зміцер, як Вам у галаву прыйшла думка стварыць беларускі маркетплэйс?
— Ідэя з’явілася даволі натуральна. У эміграцыі я сутыкнуўся са складанасцямі набыцця беларускіх кніг, якія вельмі люблю, таму першапачаткова задумаўся аб стварэнні інтэрнэт-крамы беларускай літаратуры.
Разважаючы над гэтым, я прыйшоў да высновы, што ў Беларусі такая пляцоўка можа быць прызнана «экстрэмісцкай», таму пачаў шукаць спосабы стварэння большай колькасці кропак уваходу-выхаду беларускіх тавараў. Так з’явілася ідэя стварэння маркетплэйсу, якая хутка перарасла ад сферы кніжных выданняў да больш шырокага асартыменту тавараў. Коратка кажучы, я ўбачыў складанасці з рэалізацыяй і набыццём беларускіх тавараў за мяжой і шукаў найбольш эфектыўны спосаб іх вырашэння.
Гэтая ідэя была падмацавана маім захапленнем талентамі беларусаў, якія жывуць як унутры краіны, так і за яе межамі.
Я ствараю платформу, дзе беларускія творцы, выдаўцы, вытворцы змогуць прадаваць свае тавары, дзе можна сабраць усе нашы ўнікальныя прадукты і зрабіць іх даступнымі ва ўсім свеце. Гэта важна не толькі для таго, каб распаўсюджваць беларускую прадукцыю, але і для падтрымкі беларускага прадпрымальніцтва, духу свабоды, беларушчыны.
— То бок Вы спадзяецеся, што ваш маркетплэйс будзе гандляваць не толькі таварамі, якія вырабляюцца беларусамі за мяжою, але і ўнутры краіны?
— Мы абсалютна адкрыты для тавараў, якія вырабляюцца як беларусамі за мяжой, так і ўнутры краіны. У тым ліку, мы плануем уключыць у асартымент тавары дзяржаўных прадпрыемстваў, калі на іх прадукцыі будзе змешчана беларуская мова, будуць выкарыстоўвацца нацыянальная тэматыка, сімвалы, каштоўнасці.
— На якім этапе зараз знаходзіцца праца па стварэнні маркетплэйса?
— Мы вядзем працу ўжо амаль паўтара гады. Гэта складаная задача, асабліва ўлічваючы, што мы не маем фінансавай падтрымкі, акрамя маіх сціплых асабістых сродкаў, і абапіраемся ў асноўным на валанцёраў. Мы таксама прысвячаем час перакладу некаторых убудоў WordPress на беларускую мову. Напрыклад, WooCommerce дазволіць інтэрнэт-крамам у адзін пстрык дадаць на свае сайты беларускую мову, беларускамоўны функцыянал. З гэтай працай дапамагаюць больш за два дзясяткі валанцёраў, і цяпер яна амаль завершана. Гэты пераклад, як і некаторыя іншыя, мы апублікуем у вольным доступе.
Прадказаць дакладныя тэрміны запуску маркетплэйсу даволі складана, але мы спадзяемся, што гэта адбудзецца ў бліжэйшыя месяцы. Цяпер у нас у камандзе не хапае журналіста для артыкулаў аб нацыянальных каштоўнасцях, дызайнера для дапрацоўкі сайта, перакладчыка на англійскую.
Таму будзем удзячныя за любую дапамогу — ад гэтага залежыць хуткасць запуску праекта.
— Якія тавары могуць прадавацца на маркетплэйсе? Ці будзеце імкнуцца да такой жа ўсеахопнасці як Amazon, AlịExpress ці расійскі Wildberries у Беларусі?
— Наша мэта — прадставіць на маркетплэйсе самы шырокі спектр тавараў розных катэгорый: адзенне, кнігі, прадукты, тавары для дому, рамонту, тавары для дзяцей, творы мастацтва і нават электроніка, калі ў ёй будзе беларуская мова.
Мы імкнемся зрабіць пляцоўку месцам, дзе можна будзе знайсці больш за ўсё тавараў з беларускай мовай і сэнсамі, а таксама любых тавараў, зробленых беларускімі прыватнымі прадпрыемствамі, зарэгістраванымі як на радзіме, так і за яе межамі.
Мы не імкнемся капіяваць Amazon і AliExpress, але хочам стварыць па-свойму ўнікальную пляцоўку, пры гэтым універсальную, як гэтыя буйныя сайты.
— Як у цэлым ацэньваеце стан беларусацэнтрычнага прадпрымальніцтва ў сферы гандлю — як анлайн так і афлайн?
— Зрабіць гэта мне даволі складана без канкрэтных статыстычных звестак. Аднак можна сцвярджаць, што ўнутры Беларусі гэтая сфера сутыкнулася з сур’ёзнымі праблемамі з-за палітычнай сітуацыі, рэпрэсій, цэнзуры і складанага фінансава-прававога становішча. І ў Еўропе ёсць цяжкасці з рэалізацыяй беларускай прадукцыі, асабліва ў выпадку афлайн-гандлю.
Нягледзячы на гэта, я ўпэўнены ў вялікім патэнцыяле беларускацэнтрычнага бізнэсу. Беларусы валодаюць талентам ствараць унікальныя і якасныя тавары, а цікавасць да нацыянальных каштоўнасцяў і культуры цяпер перажывае ўздым. Спадзяюся, што наш маркетплэйс зможа стаць часткай рашэння гэтых праблем, дапамагаючы беларускім прадпрымальнікам пераадолець згаданыя перашкоды.
— На якіх мовах будзе працаваць маркетплэйс?
— Асноўная мова сайта, безумоўна, беларуская. На першым этапе плануюцца таксама англійская і руская, наступная ў чарзе — нямецкая. Мы хочам зрабіць нашу платформу даступнай для максімальна магчымай колькасці людзей, але перавага, безумоўна, у беларускай мовы.
— Ці быў у Вас прадпрымальніцкі досвед?
— Я быў прадпрымальнікам у сферы будаўнічых паслуг на працягу васьмі гадоў — кампанія Zapavet. Нягледзячы на тое, што будаўніцтва — гэта дастаткова спецыфічная вобласць, мы заўсёды імкнуліся падтрымліваць і прасоўваць беларускія нацыянальныя каштоўнасці: актыўна выкарыстоўвалі беларускую мову, сімволіку, ладзілі акцыі да нацыянальных святаў. У выніку ўся наша каманда зараз на эміграцыі, у розных краінах, але мы працягваем удзел у нацыянальна-дэмакратычнай барацьбе, кожны ў сваёй сферы.
— Ведаю, што пасля ўдзелу ў Плошчы-2006 Вы некалькі гадоў правялі ў Польшчы. А пасля падзеяў 2020-га з-за адміністравання тэлеграм-каналу «Лебяжий 97%» вымушаны былі экстранна пакінуць Радзіму і пераплыць на маторнай лодцы мяжу паміж Беларуссю і Расіяй, каб трапіць ва Украіну. Але чаму Вы ўсё ж вырашылі асесці ў Германіі, а не Польшы ці Украіне, якую пакінулі яшчэ да пачатку паўнамасштабнай вайны?
— Так, у мяне быў вопыт эміграцыі ў Польшчу пасля падзеяў 2006 года, але з-за пэўных асцярог, звязаных з бяспекай, я не разглядаў гэтую краіну як месца для сталага пражывання на гэты раз.
Украіна — краіна, якую я вельмі паважаю і лічу блізкай па духу. Але, нягледзячы на сваю любоў да яе, я не змог адчуць сябе ў ёй камфортна. Высокі ўзровень карупцыі і праблемы з заканадаўствам, асабліва ў галіне легалізацыі, ствараюць пэўныя перашкоды. Я заўсёды імкнуўся прытрымлівацца законаў у сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці, усе замовы выконвалі па дамовах, без хабараў і шэрых схем, і мне здаецца складаным захаваць такую лінію ва Украіне.
У выніку я прыехаў у Германію. Гэта краіна з добрымі магчымасцямі для развіцця, стабільнага і бяспечнага жыцця.
Зміцер Завадскі ў Лебядзіным за дзень да выезду з Беларусі, у месцы, дзе штодзень праводзіліся пратэстныя мерапрыемствы
— Вы поўны цёзка вядомага журналіста, які знік у Беларусі ў 2000-м годзе. Гэта неяк адбівалася на Вашым жыцці?
— Нягледзячы на агульныя імя і прозвішча, мы не сваякі. Знікненне Змітра Завадскага безумоўна пакінула некаторы след у маім жыцці. Я не раз удзельнічаў у акцыях, прысвечаных памяці зніклых у тыя гады людзей і, на маю думку, гэтая гісторыя надала мне крыху больш сілы для барацьбы за свабоду.
— Зараз вы жывяце ў Кёльне. Якія ў вас уражанні ад Германіі?
— Мне падабаецца жыць у Германіі. Найбольш мяне ўразіла падтрымка, якую тут аказваюць дзяржава і грамадства тым, хто імкнецца нечага дасягнуць ці рэалізаваць. Тут табе прадастаўляюцца канкрэтныя інструменты і магчымасці для дасягнення пастаўленых мэт, што рэзка кантрастуе з сітуацыяй у Беларусі.
Зміцер Завадскі
Як палітычны ўцякач, я атрымаў значную падтрымку: моўныя курсы, дапамогу на перыяд інтэграцыі. Калі я выказаў у цэнтры занятасці жаданне адкрыць маркетплэйс, мне аплацілі індывідуальнага коуча. Гэты спецыяліст на працягу некалькіх месяцаў штодзень дапамагаў мне з асновамі вядзення бізнесу ў Германіі, з падаткаабкладаннем, падрыхтаваць бізнес-план. Я вельмі цаню гэтую падтрымку і ўдзячны за прадстаўленыя магчымасці.
— А ці ёсць для Вас негатыўныя моманты жыцця ў Германіі?
— Недахопы, безумоўна, таксама ёсць. Пэўным бар’ерам з’яўляецца ўласцівы немцам менталітэт, які адрозніваецца ад беларускага і нават славянскага. Часам даводзіцца змяняць свой погляд на рэчы, развіваць новыя звычкі. Дарэчы, у Нямеччыне вельмі дрэнна ходзіць грамадскі транспарт: цягнікі, аўтобусы часта спазняюцца ці не прыходзяць зусім. Кожная краіна мае свае мінусы, але я гляджу на цяжкасці не як на перашкоды, а як на выклікі, якія стымулююць маё развіццё.
— Што скажаце пра славутую нямецкую бюракратыю?
— Першапачаткова яна зрабіла на мяне даволі негатыўнае ўражанне. Я не быў гатовы да таго, што амаль штодзень буду атрымліваць лісты ад розных арганізацый, на якія абавязаны адказваць. Бюракратыя праяўляецца не толькі ў афармленні дакументаў, але і ў зносінах: неабходнасць дамаўляцца загадзя, запісвацца, праходзіць праз розныя фармальнасці. Але сёння, праз паўтара гады знаходжання тут, я не бачу ва ўсім гэтым праблем. Я зразумеў падыход і адчуваю сябе дастаткова камфортна. Усе гэтыя правілы і рэгуляванні створаны для падтрымання парадку.
Мне складана ацаніць, наколькі лёгка ці цяжка адаптавацца іншым беларусам у Германіі, паколькі ў мяне няма шмат часу для стасункаў: увесь час ідзе на вучобу, вывучэнне мовы, працу над маркетплэйсам. Але тыя беларусы, з якімі я размаўляў, хацелі б вярнуцца ў Беларусь: гэта тычыцца не толькі тых, хто прыехаў пасля 2020 года, але і тых, хто жыве тут ужо 8-12 гадоў.
Я, безумоўна, таксама планую вярнуцца. Не таму, што мне нешта тут не падабаецца, а таму, што люблю Беларусь.
— Вяртаючыся да стварэння маркетплэйса: на рынку прысутнічаюць гіганты, якія сканцэнтравалі ў сябе велізарную аўдыторыю. Чаму Вы бачыце перспектыву ў беларусацэнтрычнай пляцоўкі?
— Сапраўды, рынак электроннай камерцыі знаходзіцца пад кантролем гігантаў, якія маюць велізарную колькасць карыстальнікаў. І калі б яны прапаноўвалі эфектыўныя інструменты для прасоўвання беларускіх тавараў, то я, безумоўна, не пачынаў бы гэты праект. Аднак гэтыя платформы не спецыялізуюцца на беларускай аўдыторыі. Гэта праяўляецца не толькі ў адсутнасці падтрымкі беларускай мовы, але і ў тым, што пошук і дастаўка беларускіх тавараў на гэтых платформах часта — задача не з простых.
З іншага боку, наш маркетплэйс спецыялізуецца менавіта на папулярызацыі беларускіх тавараў. Наша платформа распрацоўваецца з улікам зручнасці для беларусаў і нацэлена на задавальненне адпаведных патрэб.
Я перакананы ў тым, што наша платформа будзе папулярная. Таксама яна садзейнічае падтрымцы і развіццю беларускай мовы і культуры. Упэўнены, што беларусы, як унутры краіны, так і за яе межамі, гэта ацэняць. Нашай галоўнай мэтай з’яўляецца не столькі заробак, хаця і ў яго патэнцыял мы, безумоўна, верым, а ўмацаванне незалежнасці і нацыянальнага статусу Беларусі.
Антон Навумчык, budzma.org
Фота з архіва Змітра Завадскага
Чытайце яшчэ:
Кацярына Пікірэня: Тое, што мы ствараем і назапашваем па-за Беларуссю, абавязкова спрацуе ў роднай краіне