Пытанне, якое не дае мне спакою вось ужо восем месяцаў, — а ці патрэбна мастацтва падчас вайны? Вось сапраўды, калі масава гіне мірнае насельніцтва. Калі руйнуюцца ўшчэнт спальныя раёны гарадоў. Калі дзеці страчваюць бацькоў, а бацькі дзяцей.
Гэтым пытаннем задаецца кінакрытык Тарас Тарналіцкі, распавядаючы пра самыя цікавыя ўкраінскія стужкі адмысловага конкурсу Адэскага кінафестывалю, які тыдзень таму прайшоў у межах кінафоруму ў Варшаве.
Сапраўды, поўнамаштабная вайна ва Украіне, што разгарэлася з новай моцаю ў самым канцы зімы, вельмі хутка даказала — антываенны кінематограф савецкага і постсавецкага часоў апынуўся нічога не варты. Усе гэтыя разважанні пра жахі вайны і пошукі чалавечнасці не змаглі выхаваць пакаленні людзей, для якіх вайна з іншым народам была б проста непрымальнай падзеяй. Тэлевізійная прапаганда гуляючы пераламіла гуманізм праз калена. Менш чым за дзесяцігоддзе яна змагла выцягнуць са сваёй аўдыторыі ўсё самае мярзотнае, стварыўшы з маленькай крыўды вялікае жаданне адпомсціць, а з агульнай гісторыі — інструмент апраўдання геапалітычных амбіцый.
Кіно на першых этапах гэтай бітвы, якая ўсё больш нагадвае барацьбу мінулага з будучыняй, прайграла ўшчэнт. Але стала зразумела, што сапраўдная місія кінематаграфістаў — не выхоўваць гледачоў, а выбудоўваць паміж імі кантакт. Распавядаць, як жывуць простыя людзі ў суседніх краінах, з якімі праблемамі яны сутыкаюцца, чаго хочуць і аб чым мараць. Ствараць глебу для паразумення.
Менавіта над гэтым зараз працуюць украінскія аўтары, якія за апошні час здабылі славу на ўплывовых кінафестывалях і прэміях: французскія Каны, італьянская Венецыя, нямецкі Берлінале, амерыканскі «Сандэнс». Адлюстраваннем іх намаганняў стаў адмысловы конкурс Адэскага кінафестывалю, які тыдзень таму прайшоў у межах кінафоруму ў Варшаве. Польскія кінематаграфісты, разумеючы важнасць салідарнасці ў перыяд баявых дзеянняў, падабралі вельмі якасную і глыбокую праграму за апошнія гады. Пра самыя цікавыя стужкі з яе зараз і пойдзе гаворка.
Відавочна, што магістральнай тэмай у творчасці ўкраінскіх рэжысёраў была і яшчэ доўгі час будзе рэфлексія аб сутнасці вайны, яе наступствах. У большай ступені гэта гісторыі не пра крыніцы бадзёрага патрыятызму, а горкі аповед пра страты і іх прыняцце, пошук сябе ў новай рэчаіснасці.
Якраз гэтым і займаецца хірург Сяргей, герой фільма Валянціна Васяновіча «Адлюстраванне». Калі толькі пачынаецца вайна на ўсходзе Украіны, медык вырашае, што на фронце яго прафесійны вопыт зараз будзе больш неабходны, чым у камфортным тыле. Але доўга папрацаваць не атрымоўваецца — падчас дастаўкі параненага медыцынскі экіпаж выпадкова трапляе на сепаратысцкі блокпост. Сяргей праходзіць праз катаванні, спробу самагубства, але жаданне жыць застаецца мацнейшым. Так мужчына фактычна становіцца магільшчыкам — аглядае фізічны стан закатаваных украінскіх жаўнераў, а потым носіць іх целы спальваць у мабільны крэматорый. У падвалах ён сустракае мужа сваёй былой жонкі, кадравага ваеннага, які гіне падчас допыту. Яго труп Сяргею атрымоўваецца прыхаваць. Хутка медыка вызваляюць з палону — і ён зноў трапляе ў родны горад, сустракаецца з былой жонкай і дачкой. Вось толькі ў былое жыццё так проста ўжо не вернешся.
Мінулая стужка Валянціна Васяновіча «Атлантыда» — апакаліптычны позірк на будучыню Украіны пасля вайны — таксама разважала аб пошуку сябе ў момант, калі былая сістэма каардынат знішчана, а новая яшчэ не адбудавана. Тады рэжысёр знаходзіў выйсце ў каханні, жаданні застацца на радзіме, нават калі яе зямля глыбока атручана вайной. У «Адлюстраванні» ён застаецца верным сабе, толькі тут апорай для жадання жыць выступае раней страчаная сям’я, з якой цяпер можна заставацца не толькі ў радасці, але і ў горы. Сваім фірмовым адхіленым позіркам (Васяновіч прафесійны аператар) аўтар назірае за пакутамі героя на амаль пустых агульных планах, даказваючы, што сапраўдную пустэчу ўнутры і звонку могуць запоўніць толькі блізкія табе людзі.
Іншае выпрабаванне перажывае наводчыца баявых дронаў Ліля з экзістэнцыйнай драмы «Бачанне матыля» пачаткоўца ў паўнаметражным кіно Максіма Наканечнага. Дзяўчыну («Матыль», дарэчы, гэта яе пазыўны) абменьваюць на сепаратыстаў, але дамоў яна трапляе ўжо не адна, зацяжараўшы падчас згвалтавання. Перад Ліляй паўстае цяжкае пытанне — што рабіць з дзіцём ад ворага? Пазбавіцца, як таго патрабуе яе радыкальна настроены муж. Пакінуць, як хоча маці? Ці абраць іншы, больш самастойны шлях.
«Бачанне матыля» ўдала аналізуе траўмаваную псіхалогію жанчыны. І робіць, што важна, з мужчынскай пазіцыі, няхай і пры дапамозе жанчыны (Наканечны пісаў сцэнар у суаўтарстве з рэжысёркай Ірынай Цылык, якая будзе яшчэ ўзгадана ў тэксце). Як і ў Васяновіча, гэта погляд жорсткі, халодны, пазбаўлены моцных эмоцый і пачуццяў. Аўтар абрынае гледача ва ўнутраны свет гераіні, поўны дрэнных сноў і ўспамінаў пра гвалт. Лілі прыйдзецца прайсці праз шэраг выпрабаванняў — абразлівыя атакі з боку медыйшчыкаў і недавер ад былых вайскоўцаў-паплечнікаў — каб зразумець, у чым шукаць сэнс жыцця.
Трохі іншы падыход да ўспрыняцця канфлікту прапануе рэжысёрка Марына Эр Горбач у ваеннай прытчы «Кландайк». Яе героі — вясковая сям’я Іры і Толіка — не шукаюць золата ў Канадзе падчас Залатой ліхаманкі, да якой нібы адсылае гледача назва стужкі. Іх сяло апанавала іншая напасць — ліхаманка «рускага міру». Маладзёны жывуць у невялічкім сяле Грабаве на Данбасе падчас актыўнай фазы вайсковага канфлікту. Ірка цяжарная, але не хоча з’язджаць з родных мясцін, а яе верны муж Толік баіцца запярэчыць ёй.
І дарма — у першай жа сцэне частку іх цаглянай хаты, сцяну якой упрыгожваюць фоташпалеры з экзатычным пейзажам, разбурае ўдар ад мясцовых сепаратыстаў. Хутка высветліцца, што вайсковыя рэквізавалі машыну Толіка ў «ваенных мэтах». Затым — апошнюю карову, якую мужчына ўласнаруч заб’е на мяса. Апафеозам сітуацыі стане збіты расійскай зброяй грамадскі самалёт Boeing 777, які ўпадзе недалёка ад самой вёскі. Цяпер ні Толік, ні Ірка не змогуць з’ехаць з вёскі нават пры вялікім жаданні.
Рэжысёрка Марына Эр Горбач, чыя фільмаграфія цесна звязана з Турцыяй, роднай краінай яе мужа, зараз нечакана ўварвалася ва ўкраінскую кінапрастору. І адразу з адной найбольш уплывовых стужак апошняга часу, які трапіў на амерыканскі фестываль незалежнага кіно «Сандэнс» і на «Берлінале». Яе «Кландайк» — трагікамедыя пра простых украінцаў, выпадкова патрапілых у ваенны замес. Яны — той самы «глыбінны народ», пра які так любіць разважаць расійская прапаганда. Гэтыя людзі намагаюцца не абіраць бок канфлікту, застаючыся ў шэрай зоне нявызначанасці. То-бок, мы і нашым і вашым, а там можа і супакоіцца. Горбач упэўнена, што не, не супакоіцца. Падчас вайны немагчыма адсядзецца. Адзін з бакоў канфлікту цябе ўсё роўна выкарыстае так, як палічыць неабходным. І будзе ўжо не да сантыментаў.
Нечакана ў праграме выглядае падлеткавае драмедзі «Камень. Папера. Граната» ад рэжысёркі і сцэнарысткі Ірыны Цылык. Аўтарка стала знакамітай пару год таму пасля прэм’еры дакументальнай стужкі «Зямля блакітная нібы апельсін». У ёй яна вельмі цепла распавяла пра сям’ю, якая жыве ў лініі фронту і ратуецца ад вайны, здымаючы аматарскія стужкі. Гэтым разам Цылык спрабуе сябе ў ігравым кіно, экранізуючы біяграфічны раман «Хто ты такі» свайго мужа Арцёма Чэха, які зараз служыць ва УСУ.
Хлопчык Цімафей з невялічкага ўкраінскага гарадка жыве ў старой кватэры са сваімі матуляй і бабуляй. На двары пачатак 1990-х, разгул свабоды, рынкавага капіталізму і татальнай беднасці. Бацька Цімафея недзе на заробках, і фігуру таты хлопчыку замяняе дзіўнаваты сужыцель бабулі — сухапары Фелікс, былы князь, афганскі ветэран і запойны алкаголік у адным флаконе. У такіх умовах хлопцу выпадае расці, хадзіць у школу, пазнаваць першае каханне.
Пра што можна сказаць дакладна, «Камень. Папера. Граната» спадабаецца гледачу абсалютна любога ўзросту, акрамя, магчыма, дзяцей. Ірына Цылык стварыла любоўнае і месцамі залішне настальгічнае пасланне пра юнацтва свайго мужа, стварыўшы яго ў вітальнай атмасферы постсавецкай Украіны. Гэта тыповы кінараман сталення, тыпу «Сярэдзіна 90-х» Джона Хіла ці «Лэдзі Бёрд» Грэты Гервіг, які таксама пераасэнсоўвае важнае дзесяцігоддзе 90-х гадоў. Аўтарка не паразітуе на яго звышкрымінальнасці, як гэта робяць расійцы («Жмуркі» і «Брат» Аляксея Балабанава, «Бык» Барыса Акопава), а хутчэй фетышызуе і рамантызуе праз музыку, адзежу, побытавыя рэчы.
Важным элементам стужкі стала тэма бясконцасці вайны. Яна спачатку фігуруе на заднім фоне і выходзіць на першы план у самым канцы стужкі, калі пасталеўшы, Цімафей прыязджае з фронту ў сваю старую кватэру і ўзгадвае Фелікса, жыццё якога зламаў Афган.
Развівае «мужчынскую» тэму конкурсу, услед за фільмам Ірыны Цілык, праца «Памфір» ад дэбютанта ў паўнаметражным кіно Змітра Сухаліцкага-Сабчука.
Месца падзей пераносіцца з Цэнтральнай у Заходнюю Украіну, край дзікай прыроды і вялікіх гор. Сюды з Еўразвяза ў маленькую вёску да сям’і вяртаецца гастарбайтар Памфір. Мужчына мужны і брутальны, яго кахае жонка Алена і вельмі чакае сын Назар, а суседзі — паважаюць. І тое нездарма, бо раней Памфір паспяхова займаўся кантрабандай цыгарэт у Румынію, але потым адышоў ад крыміналу, калі ледзь не страціў сям’ю.
Калі Назар наўмысна спальвае мясцовы пратэстанцкі прыход, яго бацька разумее — трэба зноў парушыць закон, каб вярнуць грошы. І для гэтага трэба кінуць выклік мафіі, якая складаецца з мясцовай мытнай службы.
Ад пачатку «Памфір» успрымаецца як крымінальная трагікамедыя пра норавы заходніх украінцаў, якая адбываецца на фоне пейзажаў магічных Карпат. Але аўтар, які добра ведае гэтыя мясціны, паступова рассоўвае жанравыя межы, дадаючы трохі магічнага рэалізму (падзеі праходзяць напапярэдадні народнага свята Маланка, да якой вяскоўцы гатуюць зверападобныя касцюмы) і вострасацыяльнай драмы, падобнай на прытчу. На погляд Сухаліцкага-Сабчука, сучасная Украіна безвынікова тоне ў карупцыі і крымінале, і хто зможа трапіць у цывілізаваны свет, то толькі моладзь. На яе літаральна ўся і надзея.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org