Пляцоўку для свята падрыхтавалі насупраць Дома культуры 15 лютага.
Як распавёў Край.бай мастацкі кіраўнік гарпасялковага Дома культуры Валеры Мазура, там жа, ля рачулкі, расклалі вогнішча, на якім па традыцыі ў канцы дзеяння спалілі пудзіла. Дровамі для кастра забяспечыла мясцовае лясніцтва. А самі культработнікі напяклі бліноў, прынеслі дамашняе варэнне і частавалі імі гасцей свята.
З раніцы па пасёлку раз’язджалі на конях маладзіцы-культработнікі і зазывалі гасцей на свята. Не абмінулі вазніцы і мясцовы кірмаш, які ладзіцца па нядзелях.
Валеры Мазура расказаў, што ўсё святочнае дзеянне было разбіта як бы на сем мізансцэн, кожная з якіх адлюстроўвала адзін з дзён масленічнага тыдня.
Але напачатку адбыўся суд паміж Зімой і Масленіцай, у якім, зразумела, перамагла Масленіца.
Першы дзень адкрыў дзіцячы вакальны гурт, спадарожнік народнага агітацыйна-харэаграфічнага ансамбля “Журавінка”, які выконваў абрадавыя масленічныя песні.
Другі дзень назвалі “Зайгрышы”. Гэта быў музычны блок, падрыхтаваны выкладчыкамі дзіцячай школы мастацтваў. Адначасова пад музыку ладзіліся народныя гульні.
Трэці і чацвёрты дні назвалі ўмоўна “Лакомка” і “Разгуляй”. Дзеці і дарослыя мелі магчымасць пракаціцца на конях, якіх прадаставілі мясцовыя дзіцячы сад і бальніца. Гульнёва-забаўляльную праграму на паўгадзіны прапанавалі івянчанам жыхары пасялення Росы (былая вёска Петрусоўшчына). Падчас гульняў адшукалі сярод прысутных самага старога халасцяка і павесілі яму на шыю палена, з гумарам патлумачыўшы такі звычай.
Пяты дзень называўся “Цешчыны бліны”. Пад гарачыя блінцы прайшоў конкурс прыпевак. У ім удзельнічалі не толькі жыхары Івянца, але і госці з суседніх вёсак Камень, Суднікі.
Шосты дзень ахрысцілі “дзявочым”. У гэтым блоку выступаў жаночы вакальны гурт “Журавінкі”.
На сёмы, “Развітальны”, дзень адбылося ўшанаванне найбольш актыўных удзельнікаў свята ад імя Івянецкага гарпасялковага Савета дэпутатаў. Граматы ўручаў дэпутат раённага Савета дэпутатаў, дырэктар Дома культуры Станіслаў Бурачэўскі.
На працягу святочнага дзеяння работнікі пяршайскага кафэ прапаноўвалі гасцям духмяныя шашлыкі і бліны з розным начыннем.
Валеры Мазура дадаў, што гэта была першая Масленіца для культработнікаў, але не апошняя. Наперадзе ў іх святочныя прадстаўленні 21, 22 і 28 лютага для турыстаў.
Наталля Штэйнер, Край.бай
Фота прадастаўлены Край.бай Івянецкім гарпасялковым домам культуры