Чацвёртая змена адпачываючых у школьным аздараўленчым лагеры “Лясны” Слонімскага раёна запрасіла да сябе ў госці пісьменніка Сяргей Чыгрына і барда Зьмітра Бартосіка. Госці правялі ў лагеры дзве сустрэчы. Гэтыя сустрэчы былі прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.
А потым Сяргей Чыгрын і Зьміцер Бартосік наведалі вёску Хвінявічы Дзятлаўскага раёна. Там на базе мясцовай школы працуе школьны дзятлаўскі раённы аздараўленчы лагер “Лінгва-Land” з лінгвістычным профілем. Юныя лінгвісты разам з педагогамі шчыра віталі Сяргея Чыгрына, Зьмітра Бартосіка і дзятлаўскага грамадскага актывіста, былога педагога Валерыя Петрыкевіча, які да іх далучыўся.
Валерый Петрыкевіч распавёў пра 500-годдзе беларускага друку, пра дзейнасць Францішка Скарыны ў Празе, пра кнігу Ігната Дварчаніна, прысвечаную першадрукару.
Сяргей Чыгрын пазнаёміў школьнікаў з цікавымі і рэдкімі беларускімі выданнямі, распавёў пра сённяшнія справы беларускага кнігадрукавання, а таксама адказаў на пытанні прысутных.
Дапаўняў сустрэчу Зьміцер Бартосік беларускімі песнямі і гісторыяй беларускай бардаўскай песні. Госці таксама арганізавалі некалькі цікавых конкурсаў, пераможцы якіх атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. І сфатаграфаваліся на памяць.