10 чэрвеня паэтычна-спеўны дуэт – Міхась Скобла і Таццяна Матафонава – па запрашэнні кіраўніка мясцовай філіі ТБМ Станіслава Судніка наведаў з выступамі Лідскі раён. Першая сустрэча адбылася ў летніку “Эрудыт”, што размясціўся ў старажытным мястэчку Дзітва. Вершы і песні перамяжоўваліся бліц-конкурсамі на гістарычную тэму ды інтэрактыўнымі гульнямі. Вучні пасля сустрэчы доўга не разыходзіліся, пад іх апладысменты загадчыца летніка Галіна Станіславаўна Зубрыцкая падзякавала сталічным гасцям: “Сустрэча з вамі нам вельмі спадабалася. Дзеці з яе пойдуць прасветленыя, натхнёныя, з падарункамі. А з якой ахвотай яны ўдзельнічалі ў беларускіх конкурсах! Так дружна на ўроках рук яны ніколі не падымалі… Як добра, што ёсць у нас такія творцы, якія могуць адгукнуцца на запрашэнне, прыехаць з Мінска, каб пачытаць вершы, паспяваць нашы родныя песні. У мяне самой пасля сустрэчы нібы крылы за спіной выраслі!”
Другі выступ адбыўся ў Лідскай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы, дзе, нягледзячы на летнюю спёку, сабраліся бібліятэкары з усяго горада. Паўтары гадзіны доўжылася паэтычна-песеннае свята, анансаванае на лідскім тэлебачанні. Прысутнічаў на сустрэчы і браў інтэрв’ю ў гасцей і карэспандэнт лідскай раённай газеты Алесь Мацулевіч. Пасля развітання з гасціннай бібліятэкай супрацоўнік Лідскага гістарычнага музея Алесь Хітрун зладзіў для гасцей экскурсію па Лідзе, замку Гедыміна і музеі Валянціна Таўлая.