Плённым на творчыя сустрэчы стаў гэты тыдзень для Э. Акуліна і Л. Дранько-Майсюка.У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” 23 траўня паэты наведалі Стаўбцоўшчыну, дзе правялі ўрокі сучаснай паэзіі ў Мікалаеўшчынскай і Любкаўшчынскай СШ, а 25 траўня творцаў віталі на Наваградчыне, у сярэдніх школах вёскі Вялікія Вераб’евічы і Любча.
“Уражанні ад нядаўніх сустрэч – незабыўныя. Мы адчувалі сябе сапраўднымі літаратурнымі паломнікамі. За адзін тыдзень мы наведалі радзінныя мясціны двух волатаў сусветнай паэзіі – Якуба Коласа і Адама Міцкевіча. А гэта адначасова і вялікі гонар, і вялікая адказнасць перад землякамі славутых творцаў. Наколькі маглі, мы пастараліся апраўдаць давераную нам творчую місію. Сустрэчы на Наваградчыне акурат супалі з днём памяці самага маладога класіка нацыянальнай літаратуры, таму ўвесь дзень нам свяціла сонца паэзіі Максіма Багдановіча”, – падзяліліся сваімі ўражаннямі ад нядаўніх сустрэч выступоўцы.