У пятніцу, 13 лютага, зранку было пахмурна і туманна. Але паступова – слой за слоем — сонейка разгарнула фіранкі туману, кінула рознакаляровыя іскрынкі-праменьчыкі на бялюткія сцены палацыка, на шэрыя галіны дрэў вакол… Мастакі з суполкі “Абуджэнне”, якія якраз прыехалі ў Пружаны і выйшлі на ганак музея “Пружанскі палацык”, уразіліся ўбачаным і адразу наладзілі плэнэр: літаральна за пару гадзін намалявалі эцюды. Падвечар, калі пачалося адкрыццё выставы, прысвечанай нашаму земляку мастаку Станіславу Жукоўскаму, тры абсалютна непадобныя адна на адну выявы палацыка стаялі на эцюдніках у куце залы, а наведвальнікаў папярэджвалі: не датыкайцеся, фарбы яшчэ не высахлі.
Так неардынарна і творча, пад музыку струннага квартэта “Архе” пачалася сустрэча ўдзельнікаў суполкі з мясцовымі аматарамі і прафесіяналамі мастацкай творчасці.
Але варта расказаць, што ўяўляе сабой “Абуджэнне”. Некалькі гадоў таму чатыры мастакі з Мінска і Узды — Андрэй Лычкоўскі, Фёдар Ладуцька (на жаль, самы сталы член суполкі не змог прыехаць), Уладзімір Сайко і Яўген Шунейка – аб‘ядналіся і цяпер разам вандруюць па Беларусі, малююць і выстаўляюцца ў раённых цэнтрах нашай краіны. Сваю першую выставу ў Пружанах мастакі-“абуджэнцы” прысвяцілі нашаму земляку — геніяльнаму жывапісцу-пейзажысту, класіку рускага, польскага і беларускага мастацтва Станіславу Жукоўскаму.
— Нам пашчасціла аказацца на радзіме Станіслава Жукоўскага, — сказаў падчас адкрыцця выставы прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Яўген Феліксавіч Шунейка. — Вялікі гонар для сучасных пейзажыстаў паказаць свае творы на зямлі, дзе многае па сённяшні дзень нагадвае пра жыццё і дзейнасць вялікага мастака-папярэдніка. Радасна, калі талент мастака прызналі на радзіме, але шматкратна прыемней, калі яго ведаюць за мяжой. Станіслаў Жукоўскі – майстар менавіта сусветна вядомы. І варта ганарыцца, што нашы рэчкі, нашы шэрані, нашы палеткі на яго палотнах – а гэта быў вельмі прадуктыўны мастак — выстаўляюцца ў іншых краінах, расце цікавасць да іх. Ведаеце, Жукоўскі вельмі любіў снег. Ён па грудзі заходзіў у снег і маляваў. І заўсёды ў яго карцінах зіма такая светлая, лагодная, цёплая…
На адным з палотнаў, напісаных Яўгенам Шунейкам спецыяльна для Пружан, менавіта такі Жукоўскі: на зімовых эцюдах.
Але думаю, што не варта апісваць карціны на гэтай выставе: паглядзець і ацаніць яе самастойна кожны жадаючы можа да 15 сакавіка, а некаторыя свае працы мастакі традыцыйна збіраюцца перадаць у дар музею. Тым больш, што важней тут не ШТО намалявана: пейзажы, партрэты, сюжэты з сучаснага жыцця, — а ЯК і НАВОШТА. Пра гэта вельмі эмацыянальна сказаў самы малады па ўзросце “абуджэнец” Уладзімір Сайко:
—Мы вандруем па Беларусі і малюем тое, што вакол сябе бачым. Зранку быў туман, але раптам выглянула і заззяла сонца. Вось гэтае сонца мы імкнемся несці з сабой, абуджаць ім сэрцы, прагу да прыгожага. Кожны краявід, што вы тут бачыце, — гэта наш лёс, наша светаўспрыманне, гэта імгненне, якое мы ўбачылі і хочам вам перадаць. А такіх імгненняў вельмі шмат.
У якасці падарунка наведвальнікам Яўген Шунейка і Уладзімір Сайко прапанавалі намаляваць партрэты жадаючых, а Андрэй Лычкоўскі даў юным мастакам майстар-клас жывапісу.
Ірына Сядова, budni.by