1 верасня 1432 г. ледзь не ўпісалася ў гісторыю Вялікага Княства Літоўскага як дата жудаснага палітычнага забойства. Група змоўшчыкаў здзейсніла замах на жыццё вялікага князя Свідрыгайлы Альгердавіча. Аднак апошняму пашанцавала і воляй лёсу ўдалося ўцячы ў Полацк.
Наўрад ці сам факт змовы быў для Свідрыгайлы нечаканым. Ён адчуваў незадаволенасць сваім нядоўгім кіраваннем, нетрываласць становішча ва ўладзе. Цень магутнай Польшчы на чале з Ягайлам, супраць уплываў якой змагаўся малодшы сын Альгерда, прымушала непакоіцца за сваю бяспеку. Аднак, як заўсёды, удар у ціхую спакойную ноч у Ашмянах быў нечаканым. Што ж прывяло да гэтага?
З самога дзяцінства Свідрыгайла жыў бурлівым жыццём, а перамены ў яго лёсе былі настолькі рэзкімі і крутымі, што выклікала сапраўднае здзіўленне, як ён яшчэ трымаецца ў вялікай палітыцы, прытым не на апошніх ролях. Чалавек з безумоўным палітычным талентам, здольны да авантурных і ў тым арыгінальных дзеянняў, ён умеў, як фенікс, падымацца з самага дна і ўзлятаць на вяршыні ўлады.
У 1430 г., калі вялікі Вітаўт паміраў, так і не атрымаўшы кароны з рук рымскага папы, Свідрыгайла стаў пры падтрымцы князёў і баяр ВКЛ асноўным прэтэндэнтам на велікакняжацкі сталец. Нягледзячы на пярэчанні Ягайлы і польскіх арыстакратаў, Свідрыгайлу ўдалося стаць на чале дзяржавы. Гэта адбылося дзякуючы стаўцы на ідэю самастойнасці Княства, якая на той час знайшла мноства прыхільнікаў сярод уплывовых паноў ВКЛ. Не выключана, што пасля смерці Вітаўта сам Ягайла збіраўся ачоліць дзяржаву, але нязгода ў грамадстве з такім рашэннем прымусіла яго адступіць. Польскі кароль быў вымушаны змірыцца з абраннем Свідрыгайлы на вялікага князя ў ВКЛ да зручнага моманту.
Яшчэ пры жыцці Вітаўта Свідрыгайла вылучаўся выразнай антыпольскай пазіцыяй. Пасля заняцця стальца ў Вільні першае, што ён зрабіў, – не дазволіў палякам адарваць Падолле і Валынь ад ВКЛ і затрымаў Ягайлу ў Вільні аж да лютага 1431 г. Свідрыгайлу быў патрэбны час для сваіх палітычных камбінацый. Усю зіму Ягайла быў фактычным закладнікам Свідрыгайлы, знаходзячыся пад хатнім арыштам. Гэта ледзь не прывяло да вайны з Польшчай.
Цікава, што неўтаймаванаму князю, відаць па ўсім, не была патрэбная згода Ягайлы на яго вынясенне на трон. Свідрыгайла не жадаў заставацца вялікім князем, як Вітаўт, на правах намесніка польскага караля. У добра вядомым акце Гарадзельскай уніі 1413 г. было запісана, што пасля смерці літоўскага гаспадара новага ўладара прызначае Ягайла разам з польскімі магнатамі.
Свідрыгайла ж імкнуўся вырвацца з гэтых фармальна-прававых кайданаў. Таму зусім не дзіўна, што адразу пасля атрымання ўлады ён наладжвае сувязі з рымскім каралём Жыгімонтам Люксембургскім і магістрам Тэўтонскага ордэна Паўлем фон Русдорфам, прапаноўваючы ім выгадны саюз і партнёрства. Вынікам гэтых зносін становяцца саюзніцкія дамовы, заключаныя ў снежні 1431 г. і пашыраныя ў траўні – жніўні 1432 г. Апора на гэтыя дамоўленасці павінная была стаць галоўным чыннікам у змаганні з уплывамі Польскай Кароны.
Яўна ў палітычных мэтах Свідрыгайла жэніцца ў 1431 г. з цвярской княжной Ганнай. Гэта павінна было ўмацаваць яго пазіцыі сярод усходнерускіх княстваў і праваслаўнай эліты краіны. Дарэчы, іхная дапамога вельмі спатрэбілася малодшаму Альгердавічу ў міжусобнай барацьбе з Жыгімонтам Кейстутавічам у далейшыя гады.
Пошук саюзнікаў ішоў і на іншых напрамках. У першай палове 1431 г. саюзнікамі ВКЛ сталі татарскі хан Улу-Мухамед і малдаўскі ваявода Аляксандр Добры. Пры гэтым у апошнім выпадку – з Малдавіяй – саюз меў выразную антыпольскую скіраванасць, чым у Кракаве не маглі быць задаволеныя.
Для Польшчы Свідрыгайла рабіўся ўсё больш небяспечным і моцным праціўнікам. Маючы ўнутраную падтрымку, наладзіўшы добрыя стасункі з вонкавымі партнёрамі, з ім нельга было не лічыцца. Майстар кампрамісу і палітычнай вытрымкі, Ягайла, які намінальна па-ранейшаму лічыўся вярхоўным валадаром Літвы, прапанаваў сустрэцца ў пачатку лютага 1432 г. на дзяржаўнай мяжы паміж Берасцем і Парчовам, каб залагодзіць канфлікт на Валыні і вырашыць пытанне лёсу велікакняжацкага стальца ў ВКЛ. Ягайла дамагаўся, каб Свідрыгайла пагадзіўся на старыя, “гарадзельскія”, варункі.
Здавалася, што яшчэ трэба? Дзякуючы гэтаму адбывалася поўная легітымізацыя ўлады Свідрыгайлы ў ВКЛ. Можна было спакойна кіраваць дзяржавай. Але Свідрыгайла імкнуўся да поўнай незалежнасці, цудоўна разумеючы, што без разрыву сувязяў з Польскай Каронай гэтага не адбудзецца. На з’езд з Ягайлам, сваім сюзерэнам, ён так і не з’явіўся, выставіўшы невыканальныя ўмовы – удзел крыжакоў і малдаван. Гэта было ганьбай для польскага боку.
Аднак палітыка не цярпіць адарваных ад рэчаіснасці. Паводзячы сябе так, Свідрыгайла перагнуў палку. У ВКЛ па-ранейшаму існавала моцная і ўплывовая прапольская партыя, з якой трэба было лічыцца, а не ігнараваць яе. Дый у лагеры прыхільнікаў вялікага князя нарастала неразуменне: нашто Свідрыгайла ідзе на канфрантацыю адносін з Ягайлам, калі той прапаноўвае кампраміс? Хуткапальнасць некаторых палітычных і судовых рашэнняў таксама не дала Свідрыгайлу так патрэбных прыхільнікаў. Рабілі сваю справу і інтрыгі на двары, а з боку Ягайлы ішлі недвухсэнсавыя падбухторванні да перавароту. Трэба было толькі выбраць спрыяльны момант і запаліць запалку, каб адбыліся ўзрушэнні, якія б пашкодзілі падмуркі велікакняжацкага маестату.
“Ашмянская ноч” 1 верасня 1432 г. перакрэсліла спадзяванні нашчадкаў на поўную незалежнасць ВКЛ. Свідрыгайлу не ўдалося надоўга ўмацаваць сваю ўладу. Як ні шкадуй, але гэта было выклікана аб’ектыўнымі абставінамі: Польшча і новапаўсталая дынастыя Ягелонаў заставаліся тымі найбольш уплывовымі фактарамі сілы, без якіх, як сведчыць далейшая гісторыя, Вялікае Княства не магло абысціся ў сваім развіцці…
Андрэй Янушкевіч