«Выбіраліся праз горы і цясніны»: рэжысёрка Таня Свірэпа – пра эвакуацыю з Кіева, выратаваны фільм пра беларускіх палітвязняў і бясстрашных украінцаў

Таня Свірэпа – Беларуская рэжысёрка і фатаграфка якой у першыя дні вайны ўдалося выбрацца з Украіны. Гісторыя яе эвакуацыі была адносна паспяховай: літаральна за пару сутак Таня разам з сябрамі дабралася да Польшчы. Пра небяспечнае падарожжа ў бяспеку, платформу псіхалагічнай дапамогі і чарговы фільм Таня распавяла Reform.by.


17-2048x1365.jpg

Бот псіхалагічнай дапамогі, у які можа напісаць кожны

Зараз па просьбе грамадскай ініцыятывы Free Belarus Center Таццяна Свірэпа запусціла бот псіхалагічнай дапамогі — @mental_help_ua_bot. Ён прызначаны для ўкраінцаў, беларусаў — усіх людзей, хто ўцякаў ад вайны ці застаўся ў зоне баявых дзеянняў.

— Таня, людзі пішуць у бот псіхалагічнай дапамогі?

— Так. Дзесьці шэсць зваротаў у дзень ужо атрымліваем, і цяпер актыўна распаўсюджваем інфармацыю, каб нарасціць абароты. Але спачатку было не вельмі. І я разумею гэтую рэакцыю. Я сама цяпер пасля эвакуацыі "вылятаю", і мне хочацца проста ляжаць, спаць і нічога не рабіць.

— Але ты робіш.

— Так, цяпер я спрабую арганізаваць дапамогу і ездзіць у Free Belarus Centre (грамадская ініцыятыва, створаная для аказання гуманітарнай падтрымкі людзям, вымушаным пакінуць Беларусь з 2020 года. Цэнтр да вайны базаваўся ва Украіне, цяпер знаходзіцца ў Польшчы і спрабуюць эвакуіраваць людзей з Украіны. У хлопцаў там жэсць як шмат працы – людзі начамі не спяць. Проста загінаюцца. Мяне вось папрасілі арганізаваць бот псіхалагічнай дапамогі. Да нас ужо далучылася дзевяць псіхолагаў.

— Цябе асабіста атрымалася сабрацца ў крытычнай сітуацыі?

— Так, можна сказаць, што мне ў гэтым плане пашанцавала. Мой мозг у стрэсавых станах спрацоўвае дакладна. Не губляюся і знаходжу нейкія варыянты і выхады. Гэта ўжо не першая сітуацыя, калі я сябе "выцягваю". Цяпер перыядычна накатвае, часам хочацца плакаць, але ў цэлым — ОК».

Пашанцавала, што не трапілі пад бамбёжку

— Раскажы, калі ласка, пра свой ад'езд з Кіева. У які момант вы прынялі рашэнне эвакуіравацца?

— Адразу, калі пачалося ўварванне. Я б, напэўна, апісала гэта так – спрацаваў інстынкт самазахавання. Прычым, калі Кіеў пачалі бамбіць, мы моцна спалі. Былі выбухі недалёка ад нас – на Жытомірскай, але мы нічога не чулі. Нас разбудзіла суседка: "Прачынайцеся! Вайна!”. Толькі тады мы пачалі нешта думаць, збірацца. Да нас прыбег беларус з суседняга дома, распавядаў, што па дарозе вылі сірэны. Але мы нічога не чулі. Гэта ў нейкай меры дапамагло: не было дэзарыентацыі, мы маглі цяміць.

— Што было потым?

— Мы адразу паспрабавалі з'ехаць на электрычцы, але нічога не было. Потым збягалі адзін раз у сховішча — знішчальнікі лёталі. Але ўсё абышлося, гэта былі ўкраінскія самалёты. Потым паспрабавалі абтэлефанаваць ўсе таксі. Безвынікова. Усё стаяла. І мы нічога іншага не прыдумалі, як узяць рэчы і пайсці на трасу лавіць спадарожку.

5.jpg

— Як я разумею, вы дзейнічалі вельмі хутка?

— Так. І нам вельмі пашанцавала – мы злавілі машыну літаральна праз 10 хвілін. Гэта апынуліся хлопцы з Бровараў. Яны нам распавялі, што ў іх раёне стралялі — яны прачнуліся ад выбухаў. І таксама вырашылі адразу ехаць.Так нам удалося выехаць з Кіева. Думаю, што калі б мы затрымаліся або вырашылі чакаць больш падыходных варыянтаў — усё было б інакш.

— Не сустракалі агрэсіі з боку ўкраінцаў?

— Калі мы ўжо перасякалі мяжу, Украінская памежніца спытала: “Вы наогул у курсе, адкуль танкі ідуць?”. Мы адказалі: “так, ведаем”. І дадалі, што мы самі пераехалі ў Украіну з-за пагрозы пераследу. І нас пусцілі без пытанняў. У цэлым, мы мяжу прайшло досыць хутка-за 3-4 гадзіны. Гэта не параўнаць з тым, як людзі на іншых пераходах чакалі суткамі!».

4-2.jpg

Праца над фільмам «Беларусь 23.34» адкладаецца, каб дапамагаць украінцам

Пад час пражывання ў Кіеве Таня працавала над дакументальным фільмам «Беларусь 23.34», які мусіў распавесці пра падзеі другой паловы 2020 – 2021 гадоў, але пачатак вайны змяніў яе планы:

« — Але я не адчуваю віны, што я нарадзілася ў Беларусі. Так, я адчуваю, што цяпер павінна дапамагаць Украіне, і таму зрушыла тэрміны здачы свайго фільма, занялася ботам псіхалагічнай дапамогі, буду размаўляць з людзьмі, якія пацярпелі, бягуць ад вайны. Цяпер для мяне гэта важней.

Але гэта не адмяняе важнасці таго, што адбываецца ў Беларусі» — падсумовае рэжысёрка.

19.jpg

Інтэрв’ю Тані Свірэпы можна пачытаць тут.