17 ліпеня ў летнік “Лясны”, што ў Слонімскім раёне, на паэтычна-музычную сустрэчу з вучнямі прыехалі спявачка Таццяна Матафонава, паэт Міхась Скобла і слонімскі краязнавец Сяргей Чыгрын. У летніку за адну змену адпачывае 270 дзяцей, таму сустрэча адбылася ў дзве рáты: спачатку з вучнямі малодшых класаў, а потым – са старшакласнікамі.
У выкананні сямейнага дуэта – Т. Матафонавай і яе сына Адася – прагучалі песні на вершы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Някляева. Асабліва цёпла дзеці прынялі песні “Світанак крылаты” і “Тры чарапахі” (апошняя – сольны дэбют Адася).
М. Скобла адразу заінтрыгаваў усіх паведамленнем, што пра летнік “Лясны” напісаў верш сам класік беларускай літаратуры Рыгор Барадулін: “Хай вам, дзеткі, сняцца сны з ласымі спакусамі. Вы у летніку “Лясны” станьце беларусамі!”. Прачытаў паэт і свае вершы, а таксама для малодшых класаў зладзіў конкурс вершаваных загадак.
С. Чыгрын – аўтар папулярнага ў слонімскіх школах “Слонімскага буквара” – прачытаў мінілекцыю з гісторыі Слонімшчыны, расказаў пра знакамітасцяў, якія нарадзіліся на Слонімскай зямлі, а таксама пазнёміў вучняў малодшых класаў са сваёй дзіцячай творчасцю.
Актыўныя ўдзельнікі сустрэчы і пераможцы конкурсаў атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.