Тусоўка, прапітаная жаданнем рабіць дабро, не ўлезла ў рэйсавы мікрааўтобус, таму дабірацца да Вялікіх Лётцаў (Віцебшчына) давялося часткамі. Некаторыя ішлі пешшу, бо не зарыентаваліся і выйшлі з аўтобуса на некалькі кіламетраў раней. Але дайшлі!
У Вялікіх Лётцах 12 верасня ладзілася прыўкраснае і адначасова карыснае мерапрыемства, якое паяднала людзей вакол сядзібы даследчыка Уладзіміра Адамава, старога парка, які захаваўся побач, і дзяцей Вяліка-лятчанскага дома-інтэрната. Дзеля іх у вёску прыехаў з канцэртам гурт Vuraj.
Экскурсія па маляўнічых мясцінах у светлы суботні дзень з добрым гідам дырэктарам мясцовай школы-інтэрната Міхаілам Дукам — што можа быць лепш? Даведацца пра гісторыю месца ад першых яго жыхароў да апошніх актуальных падзеяў, пабачыць на свае вочы дрэвы, пасаджаныя сто год таму, завітаць на цудоўнае возера і берагавыя тэрасы, дзе батанік Адамаў вырошчваў экзатычныя для Беларусі расліны.
Батанічны сад Адамава стаў у пэўным сэнсе падмуркам сённяшняга віцебскага батанічнага сада. Рэшткі адамаўскіх пасадак захаваліся да нашых дзён у Вялікіх Лётцах. Тут можна пакаштаваць здзічэлых ігрушаў (на смак так сабе), патаптаць брукаваную дарогу (ці шмат вёсак зараз пахваліцца захаванай брукаванкай?), абняць дуб-волат.
Госці Вялікіх Лётцаў навялі парадак у “панскім” доме (як яго называюць тутэйшыя жыхары). Двухпавярховы будынак захоўвае веліч правінцыйнай шляхетнасці, але праз тое, што ім не карыстаюцца людзі ён можа прыйсці ў занядбанне.
Удзельнікі талакі прыбралі старыя кветкі, сухія дрэвы, абкасілі траву, парамантавалі шыбы. Быццам бы і нічога стаў выглядаць дамок, які чакае на новых гаспадароў. Надалі яму, так бы мовіць, “таварны выгляд”. На жаль пасля экскурсіі надвор’е пачало псавацца, таму паспелі зрабіць далёка не ўсё, што маглі б. Людзей было не стрымаць, некаторыя засталіся незадаволенымі, што працы не так шмат, хацелася рабіць і рабіць, ствараць гісторыю цудоўнага месца сваімі рукамі.
Пасля невялікай кавапаўзы для гасцей, разагрэтых стваральнай прадуктыўнай працай, адбылася фальклёрна-касмічная дзея, якую стварыў гурт “Vuraj”. Хлопцы адмовіліся ад удзелу у Днях горада ў Менску і адмыслова прыехалі ў Лётцы. Пры дапамозе барабанаў, баяна, дудак і беларускіх традыцыйных песняў яны канчаткова паглыбілі прысутных у Космас нашых вёсак. І ў іх атрымалася! У захапленні засталіся і мясцовыя дзеткі, і супрацоўнікі інтэрната, і госці з Віцебску.
Ад самага пачатку жыхары і супрацоўнікі вельмі цёпла паставіліся да ідэі мерапрыемства, зарганізаванага выпускнікамі курса “Interhistory”. А пасля падзеі выказалі жаданне, каб яна была неаднаразовай, а перарасла ў штогадовы “Адамаўскі фэст”. Чаму б не?
Фота: Юля Кот і Анжэліка Гайцюкевіч