Для ачысткі старадаўняй лядоўні на тэрыторыі сядзібы Бохвіцаў шукаюць валанцёраў

На тэрыторыі сядзібы Бохвіцаў (в. Паўлінава, Брэсцкая вобласць) знаходзіцца старадаўняя лядоўня, якая доўгія гады павольна руйнавалася.

Staradaŭniaja liadoŭnia na terytoryi siadziby Bochvicaŭ

Зараз там вядуцца працы па яе аднаўленні, але без дапамогі неабыякавых людзей не справіцца.

«На першым этапе неабходна ачысціць лядоўню ад смецця, керамічнага лому і падрыхтаваць яе да далейшай рэканструкцыі. Мы ШУКАЕМ ВАЛАНЦЁРАЎ, якія гатовыя ўдзяліць трохі свайго часу і дапамагчы захаваць часцінку культурнай спадчыны Беларусі.

Калі вы гатовыя дапамагчы — напішыце нам у асабістыя паведамленні. Будзем шчыра ўдзячныя кожнаму!», — напісана ў Threads.

Siadziby Bochvicaŭ

У 1897 годзе маёнтак Навіцкіх набыў Ян Отан Бохвіц, які спачатку размясціў тут свае гаспадарчыя пабудовы, потым заклаў сад і разбіў пейзажны парк. На р. Лахазва пабудаваў вадзяны млын, паблізу ў лесе працавала смалакурня для вырабу шкіпінару і мазуту. У 1906 годзе Бохвіц заклаў падмурак багатага палаца, будаўніцтва якога завяршыў у 1909 годзе. Тым часам у маёнтку Паўлінава было 7 двароў і 45 жыхароў. Спачатку Бохвіц адбудаваў палац каля Вошкаўцаў (цяпер Ураджайная), што пад Ляхавічамі, і назваў яго ў гонар бацькі — Флер’янова, а закладзены новы палацава-паркавы ансамбль у гонар маці — Паўлінава. У 1909 годзе ў Паўлінава прыязджала гасцяваць Эліза Ажэшка.

Пасля 1915 года ўладанні адышлі сыну Тадэвушу Отану, а в 1930 годзе — ўнуку Яну Отану (памёр у 1937). Апошнім уладальнікам быў Фларыян Бохвіц, жанаты на Алене Кярсноўскай (1875–1939).

У пасляваенны перыяд і да 1995 года на тэрыторыі палацава-паркавага комплекса размяшчаўся вайсковы шпіталь. Захаваліся абодва палацы. Паўночна-ўсходняя частка саду акружана парканам, на гэтай тэрыторыі знаходзіцца вайсковая часць.