Як пахаваць роднага чалавека ў ХІІ стагоддзі, калі святар кажа адно, сям’я – другое, а памерлы хацеў трэцяга? Як усім дагадзіць і праводзіць душу ў лепшы свет належным чынам, каб нябожчыку там было добра і зручна? Гэтым тэкстам мы заканчваем гісторыю Неціміра і Мілаславы – прынамсі, у інтэрнэт-вымярэнні.
“Памерла”, – коратка прамовіў бацька і апусціў вочы. Нецімір спачатку не зразумеў, што да чаго. Хто памёр? Чаму? Як так? Выявілася, што памерла… бабуля – тая самая, што сядзела апошнім часам моўчкі ў куце бацькоўскай хаты, нешта вязала, а Неціміравы сёстры расчэсвалі ёй даўгія сівыя валасы. Тая самая бабуля, якую баялася Міласлава, пакуль усе жылі разам, у адным пяцісценку, а бабуля яе проста… не пазнавала, бо знаходзілася ў гэтым свеце апошні год ужо адно фізічна: душа яе лётала недзе ў іншых сусветах і толькі зрэдчас наведвала абалонку – у моманты прасвятленняў.
Памерла – значыць трэба хаваць. Бацька Неціміра добра ведаў, як хаваюць у іх, у Мядзелі, адкуль яго ў маленстве прывёз бацька, таксама ганчар, у наноў адбудаваны князем Усяславам горад. Там, у ваколіцах Мядзельскага возера, над памерлымі насыпалі курганы. Прычым не было розніцы, памёр звычайны араты, гарбар, каваль альбо дружыннік. Адно што дружыннік выпраўляўся ў лепшы свет з пасам і сякерай, а звычайны вясковы дзядзька – добра калі з нажом і пакладзеным пры целе гаршчком з ежай “у дарогу”.
Пакуль Нецімір хадзіў у хату, каб паглядзець яшчэ раз на бабулю, што ляжала нерухома на лаве, са складзенымі на грудзях рукамі, бацька прысеў на ганку, узіраючыся ў хмары, якія гнаў нястомны вецер па блакітным красавіцкім небе. Ён успамінаў, як ягоны бацька, які сышоў у лепшы свет значна раней за маці, распавядаў, як там, у Мядзелі, на ягоным веку людзей яшчэ часам спальвалі.
Не спаліць памерлага – значыць зрабіць яму вялікую крыўду: цела з’ядуць чэрві, а душа не зможа працягнуць сваё падарожжа ў іншых сусветах. Так і рабілі, пакуль… не прыскакалі на конях княскія людзі па нагаворы папа ды не ўчынілі “чырвоную трызну” – залілі крывёю сядзібу аднаго небаракі, які наважыўся спаліць сваю жонку. Так усім стала зразумела: новыя часы, паліць нікога нельга, інакш цябе самога спаляць ці пасякуць на кавалкі.

Заслаўскі курганны могільнік у 1920-я гады (паводле А. М. Ляўданскага)
Тое было даўно, нібы ў іншым свеце, у іншым жыцці. Менск іншы, тут іншыя людзі, іншыя звычаі, а лад жыцця і бачанне свету, што панавала там, над возерам, сярод хваёвых гаёў, лічацца тут дзікунствам. Неціміраў бацька не мог да канца разабрацца ў гэтым, зразумець. Але выбару не было: каб выжыць, трэба трымацца правілаў, замацаваных мацнейшым, а сёння мацнейшы – гэта князь і поп пры ім… А значыць, хаваць Неціміраву бабулю давядзецца не толькі без агню, але і без насыпу, без упрыгожанняў, без гаршчкоў з кашай, без трызны на кургане… Вось так, ні з чым, і адправіць у доўгі шлях родную маці. “Каб яго!..” – бацька схаваў твар пад вялізнымі спрацаванымі далонямі і заплакаў.

Рэканструкцыя выгляду славянскага курганнага могільніка Гахра (паводле Г. Ветцэля)
***
На век Неціміра і Мілаславы, пачатак ХІІ стагоддзя, прыпала суіснаванне двух сусветаў у плане пахавальнага абраду. З аднаго боку, гэта хрысціянскі сусвет, які панаваў у княскай сталіцы, гарадах і пагостах (паселішчах, што выконвалі ролю адміністратыўных цэнтраў на перыферыі) – карацей, у “цывілізаванай” айкумене, што арыентавалася на больш высокі ўзровень культуры. З іншага боку, гэта паганскі сусвет, час якога быў ужо злічаны, але які пры гэтым па інерцыі чапляўся за жыццё з апошніх сілаў у правінцыі.
У звычайнай вёсцы ўжо не спальваюць памерлых прыкладна 50-70 гадоў, але яшчэ насыпаюць курганы. Курган насыпаюць паводле паганскага звычаю, але ўнутры пры памерлым можа апынуцца ўжо адно крыжык – без ранейшага “джэнтльменскага набору” (сякера ў свабоднага мужчыны, нож, крэсіва, серп, фібула, бранзалет, збаночак з ежай) – усё гэта яшчэ спатрэбіцца жывым. На курганах радня яшчэ спраўляе трызны, памінанні памерлых, якія праз стагоддзі перарастуць у Дзяды і Радаўніцу і дажывуць да нашых дзён.

Рэканструкцыя пахавальнага вогнішча (паводле Р. Малінавай і Я. Маліны)
Святары глядзяць на такія перажыткі скрозь пальцы: хай сабе насыпаюць курганы, добра, што не спальваюць – ужо адвучылі. Адвучылі не столькі пропаведзямі, колькі агнём і жалезам, бо святар – гэта праваднік княскай ідэалогіі, а князь не хоча быць паганцам, ён – хрысціянін (гэта статус, дыпламатыя, культура і прэстыж). Значыць, за ім лакаматывам маюць падцягвацца і падданыя. У каго сіла, у таго і праўда.
Што такое курган? Гэта земляны насып, які рабілі над кожным памерлым, незалежна ад статусу, на перыферыі. Што ў такім разе вызначала статус памерлага? Вышыня кургана ды пахавальны інвентар. Скажам, калі паміраў чалавек узроўню сучаснага “старшыні калгаса”, на насып збіралі ўвесь “калгас” – чалавек 100, канструкцыя атрымлівалася маштабная. Калі ж паміраў звычайны тубылец, яго пахаванне цікавіла адно сям’ю, хай і вялікую, 10-15 чалавек. Тое ж з пахавальным інвентаром. Калі ў выпадку простага вяскоўца пры костках часам не знаходзяць увогуле нічога, дык у статуснага памерлага мае быць прынамсі бронзавы ці каменны крыжык.

Рэканструкцыя будовы насыпу (1) і канструкцыі пахавальнай яміны (2) кургана канца Х – пачатку ХІ стагоддзя. Курганны могільнік Пагошча (Браслаўскі раён Віцебскай вобласці). Рэканструкцыя М. А. Плавінскага, малюнак М. І. Сцяпанавай
Зямлю на курган зазвычай бралі тут жа, на месцы. Таму вакол насыпу мы бачым загнуты дугой раўчук альбо чатыры яміны па баках. Часам, раскопваючы насып, археолагі фіксуюць танюткія праслойкі шэрай зямлі: значыць, курган насыпаны не за дзень і не за два: насып паспеў зарасці травой, і, магчыма, нават на наступны год, яго падсыпалі ізноў. Курган мог умацоўвацца дошкамі ці плеценым тынам па баках, каб не аплыў. Курганы ўсё адно аплывалі, таму паўтараметровыя насыпы, якія мы бачым сёння, першапачаткова маглі мець вышыню два ці нават болей метры.

Рэканструкцыя пахавальнага абраду ў латгальскім курганным могільніку (паводле Арніса Радыньша)
Памерлы пад курганам мог ляжаць у калодзе-дзяўбёнцы альбо ў берасцяной труне (цікавая канструкцыя з драўлянай асновай, на якой ляжыць цела, а ўсё гэта закручана ў бяросту – такая сабе “берасцяная мумія”). Мог быць таксама варыянт савана: мы гэта ведаем дзякуючы невялічкім кавалкам тканіны, сляды якіх захаваліся на металічных прадметах з пахавання. Саван, зрэшты, – гэта ўжо хрысціянская рыса, якая дайшла і прыжылася ў постпаганскай супольнасці.
Калі казаць пра Полацкую зямлю, то спальваць памерлых тут маглі прыкладна да сярэдзіны ХІ стагоддзя, і тое на ўскраінах, пасля – табу, “жыццё па-новаму”. Зусім іншая справа з балцкімі тэрыторыямі: там абрад трупаспалення дажыў ажно да часоў Вітаўта. То бок у часы Неціміра дзе-небудзь пад Ашмянамі ці Смаргонню нябожчыкаў палілі і нават не думалі, што можа быць неяк па-іншаму.

Курган у працэсе раскопак. Курганны могільнік Пагошча (Браслаўскі раён Віцебскай вобласці). Фота М. А. Плавінскага
Ці ставілі нешта над курганом: камень, крыж ці яшчэ што? Камянёў з ХІІ стагоддзя археолагі дакладна не знаходзяць. Драўляны крыж тэарэтычна мог быць (асабліва калі пад зямлёй на грудзях нябожчыка – крыжык), але пацверджанняў няма. Праблема яшчэ і ў тым, што вяршыня кургана заўсёды знішчаная – пра гэта пісалі беларускія археолагі яшчэ ў ХІХ стагоддзі: там нязменна “красуе” ямінка, пакінутая рабаўнікамі.

Нацельны крыжык ХІ–ХІІ стагоддзяў з курганнага могільніка Наўры (Мядзельскі раён Мінскай вобласці). Фота М. І. Сцяпанавай
Пра трызны, што спраўляўліся нават каля “хрысціянскіх курганоў”, мы ведаем па знаходках гаршчэчкаў, якія першапачаткова стаялі наверсе. Пасля яны біліся, спаўзалі, зарасталі дзірванам і заплывалі зямлёю. Каб памянуць памерлага, збіраліся родныя, ставілі нябожчыку ячменную кашу ў гаршчку, збанок з медавухай, клалі кавалак сала – тое, што і самі елі.
А што з хрысціянскім абрадам і могілкамі? Мы ведаем пра менскія хрысціянскія могілкі ХІІІ стагоддзя, якія месціліся на пляцоўцы не дабудаванай Глебам царквы: магчыма, зямля лічылася тут “асвечанай”, таму і могілкі былі элітарнымі. Усярэдзіне царквы, якая так і не паўстала, археолагі фіксуюць больш за 20 пахаванняў. Відавочна, хрысціянскія могілкі ў Менску былі і раней, проста мы не ведаем іх лакацыі. Магчыма, ужо і не даведаемся ніколі.

Замагільныя дары з пахавання канца Х – пачатку ХІ стагоддзя ў курганным могільніку Вусце (Браслаўскі р. Віцебскай вобл.): 1 – наканечнік кап’я, 2 – сякера, 3 – кругавы гаршчок, 4 – фрагмент нажа, 5 – бранзалет. Малюнак М. А. Плавінскага
Хрысціянскі абрад радыкальна не змяніўся за апошнюю тысячу гадоў: яміна, труна ці саван, поп адпявае памерлага, усё стандартна. Хрысціяне ўжо не кладуць памерламу “ў дарожку” размаіты інвентар. Тут археолагі знаходзяць адно шырокі асартымент крыжыкаў: металічныя, каменныя, драўляныя, скураныя-плеценыя. Хавалі, безумоўна, у добрай адзежы – у гэтым праве нябожчыку не адмаўлялі. Часам, у элітных хрысціянскіх пахаваннях знаходзяць і сляды воску, то бок былі і свечкі.
Як бачым, абрад памінак, нягледзячы на ўсе пратэсты царквы, аказаўся найбольш жывучым з паганскага пахавальнага комплексу, усё астатняе з часам знікла. Памінанне магло праходзіць і раз, і два, і болей разоў на год, таму могілкі, імаверна, выконвалі і важную сацыяльную функцыю: так сям’я разумела сябе супольнасцю, а канкрэтны чалавек бачыў сябе абавязковым звяном у ланцугу роду, паміж тымі, хто адышоў, і тымі, хто яшчэ мае прыйсці на зямлю, сваімі нашчадкамі.

Рэканструкцыя драўлянай труны з могілак ХІІІ стагоддзя на Менскім замчышчы. Рэканструкцыя Э. М. Загарульскага
***
Цела нябожчыцы, закручанае ў пахавальны саван, апусцілі ў неглыбокую, паўметра ўніз, яміну. Адкрытым да апошняга заставаўся адно застыглы твар памерлай з запалымі шчокамі (бабуля моцна схуднела за апошні год), якому не заставалася нічога іншага, як моўчкі ўзірацца заплюшчанымі вачыма ў блакіт вясновага неба, якое час-почас пераціналі няўрымслівыя ластаўкі. Нецімір назіраў за ўзорамі, якія птушкі выводзілі ў небе, пакуль поп манатонна ці то прагаворваў, ці то спяваў малітву. Над магілай рудабароды вадзіў з боку ў боку бронзавай кацеяй, падобнай на вялікую лыжку з накрыўкай, з-пад якой дыміўся ладан.

Рэканструкцыі драўляных трунаў ХІ–ХІІІ стагоддзяў з раскопак хрысціянскіх могілак Кіева. Паводле М. А. Сагайдака
Бацька стараўся не глядзець на скаванае саванам цела маці, але глядзеў на гурбу жоўтага пясочу, якая менела з кожным ударам драўлянай рыдлёўкі з абабітым жалезам вострай часткай. Ён не ўспамінаў, не маліўся, не плакаў, адно напружана думаў: “Як маці адправіцца ў гэтую дарогу ні з чым, адно з драўляным крыжыкам на шыі? Без ежы, без пітва, без самага простага і патрэбнага ў жыцці. Згодна з вучэннем папа, усё гэта ёй дасца, калі яна там, на небе, некаму пакажа крыжык, але ці тое праўда? Ці сапраўды так будзе? А як не?..”

Кацея ХІ–ХІІІ стагоддзяў з тэрыторыі Беларусі. Фота М. А. Плавінскага
Калі абрад скончыўся, святар сышоў, нібыта замятаючы за сабой сляды доўгім падолам чорнага ўбрання, родныя сабраліся ў цеснай старой хаце бацькоў Неціміра. Сабраліся, каб памянуць. Седзячы за сталом, частку страваў наўмысна не краналі: гаршчок з ячменнай кашай, луста хлеба, сала ды збанок сівухі стаялі на акрайчыку стала, нібы чакаючы таямнічага госця, які спазняўся на вячэру, але вось-вось меўся прыйсці.

Абрад пахавання. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу канца XV стагоддзя
Як толькі змрок апусціўся на горад, а цені зрубаў, брамак і платоў пачалі імкліва расці, каб перафарбаваць колерам бронзы падворкі сядзібаў ды вымашчаныя дошкамі вуліцы, з хаты выйшла некалькі асобаў. Несучы ў руках нешта таемнае, схаванае абрусам, яны рушылі ў бок могілак. Толькі там, знайшоўшы свежае пахаванне, агледзеўшыся, маці Неціміра прысела, разгарнула абрус і паставіла пад невысокім драўляным крыжам пару гаршчкоў ды збанок. Толькі цяпер Неціміру падалося, што бацька ўпершыню за апошнія пару дзён выдыхнуў паветра з грудзей, нібыта выпусціў з сябе страх ці боль. Бацька паклаў сыну далонь на плячо і спакойна вымавіў: “Пайшлі… і яна таксама пойдзе. Ды ўжо не з пустымі рукамі”.
Мікалай Плавінскі, Алесь Кіркевіч,
малюнкі – Кацярына Фурс
Гэтым тэкстам мы заканчваем серыю артыкулаў “Сем дзён беларускага сярэднявечча” на сайце budzma.by. Пры гэтым гісторыя абавязкова мецьме працяг, але ўжо на паперы. Поўную версію прыгодаў Неціміра і Мілаславы чытайце ў аднайменнай кніжцы, якая, спадзяемся, з’явіцца цягам года. Дзякуем, што склалі нам кампанію ў гэтым падарожжы ў ХІІ стагоддзе! Да сустрэчы!