Сярэднявечныя скарбы і трафей, лепшы за меч ці срэбра

09.01.2018 Гісторыя

Што хавалі нашы продкі ў скарбах у “безманетны перыяд”, калі, з незразумелых для навукоўцаў прычынаў, з грашовага абароту нашых земляў зніклі срэбраныя круглякі дырхамаў і дынарыяў? Адкуль там паламаныя ўпрыгожанні і рэзаныя манеты розных краін? Як знайсці сапраўдны скарб у Купальскую ноч? Працягваем сачыць за гісторыяй Неціміра і Мілаславы ў старажытным Менску і яго ваколіцах.

 

Глядзіце таксама:

1/ Ці было дзяцінства ў беларусаў Сярэднявечча?

2/ Сярэднявечны інстаграм: зброя, сэкс і… коцікі! (18+)

3/ Паходны побыт у Сярэднявеччы: дарога, зайздрасць і светлыя мроі


 

…Паход на Слуцак 1116 года быў удалым для Глеба. Горад капітуляваў, саступіўшы моцнаму княскаму кулаку. Там упершыню Нецімір пабачыў пасечаных людзей, зваленых у кучу, а таксама дружыннікаў з залітымі крывёю тварамі, якія здымалі з мёртвых пярсцёнкі і абмяркоўвалі лёзы трафейных мячоў. Быў сярод іх і каваль з Неціміравай вуліцы, якога паходныя прыгоды цешылі нашмат болей за будзённасць ля горна і адкрытага вогнішча: ягонае асабістае вогнішча, у грудзёх, відаць, разгаралася толькі тут.

Сам Нецімір так і не пакаштаваў “варожай крыві”: бацька не даў, змусіўшы трымацца ўвесь час побач з ім. Асноўную працу зрабілі дружыннікі, а рэшта – узброеныя ганчары ды гарбары з менскіх завулкаў – князю была патрэбная адно як масоўка, каб уразіць случчакоў колькасна. Таму запаветных завушніцаў ці шыйнай грыўні з палоннай случчанкі Нецімір так і не зняў, мяча не здабыў, за што вельмі злаваўся на бацьку. Войска вярталася дадому, у Менск, а наперадзе, ужо праз тыдзень, быў штогадовы сонцаварот, або Купалле.

 

Стары гусляр, менскія святары і князь Глеб

Сярод хваёвага лесу, на паляне, скуль сцяжынка збягала да ціхай Свіслачы, высілася вогнішча ў чалавечы рост, выкідаючы знічкі іскраў у бездань зорнага неба. Вакол яго кружлялі карагоды маладзёнаў у белай ільняной вопратцы. Крыху далей, каб не замінаць дзікаму танцу, сядзеў стары з даўжэзнай нерасчасанай барадой. Стары замест вачэй меў ямінкі, што нагадвалі раскапаныя курганы сярод поля. Ён граў на гуслях. Побач з ім – пара маладзейшых хлопаў з сапелкамі ды гудочкамі.

Царква доўга і без аніякага поспеху ваявала з “купальскімі бясчынствамі”. Дэлегацыя менскіх святароў штогод у пачатку лета прыходзіла да Глеба, расказваючы пра кары нябесныя як для “беснаватых”, якія “жывуць па-звярынаму, умыкаюць чужых жонак ды граюць на сапелках…”, так і для ўладара, які гэтага не спыняе. Глеб слухаў і пабожна хрысціўся, калі пасланцы ў чорных строях згадвалі духаў злосці паднябеснай ці іншую набрыдзь, і нязменна адорваў іх у канцы прамовы: то крыжам-энкалпіёнам з каштоўнымі эмалямі, то пазалочанай чашай… Святары таксама жагналіся, прымаючы дары, і сыходзілі… каб усё паўтарылася дакладна гэтак жа ў наступным годзе.

Нецімір з Мілаславай, якія кружлялі ў шалёным карагодзе, не ведалі ні пра царкоўныя перасцярогі, ні пра паблажлівае стаўленне Глеба, які быў найперш палітыкам, а пасля хрысціянінам, не ведалі нічога… Яны адчувалі. Адчувалі цеплыню дрыготкіх далоняў адно аднаго і свабоду – у гэтую ноч здаралася тое, чаго не магло здарыцца ў звычайным жыцці. А яшчэ Нецімір заўважыў, як палахліва сціскаецца далонь Мілаславы, калі яны прабягаюць побач са сляпым старцам: яна баялася яго яшчэ больш за святара!

У пэўны момант стары адклаў гуслі ў бок, а маладзёны пачалі падаць сядаць на траву вакол яго, каб слухаць. Не маючы зроку, ён ператварыўся ў голас: голас гэтага хваёвага бору, халоднай зямлі, няспешнай Свіслачы. Ён распавядаў пра скарбы, якія можна знайсці адно ў гэтую ноч, калі тыя адкрываюцца чалавеку: над скарбам, прыкапаным у зямлі зазвычай ззяе агонь…

 

Куды зніклі манеты і навошта рэзалі грыўні?

Што ж такое скарбы ў “безманетны перыяд”, як ахрысцілі гісторыкі ХІІ ст., у якім жылі Нецімір з Мілаславай? Рэч у тым, што ў слаях Х – ХІ стст. археолагі знаходзяць шмат імпартных срэбных манет: спачатку гэта арабскія дырхамы, пазней – заходнееўрапейскія дынарыі. Прынцыповымі для нашых продкаў былі не надпісы на манетах, а іх вага: таму дырхамы рэзалі на паловы, чацвяртушкі, асьмушкі і г.д. Побач са скарбамі археолагі часцяком знаходзяць “кішэнныя” шалі ды гіркі, якія прынята было насіць пры сабе.

Чалавек мог расплаціцца 5 дырхамамі і абрэзкам дынарыя, прыклаўшы туды абрубак шыйнай грыўні. Шыйная грыўня важыла, скажам, 100, 200 ці 250 г, таму яе было зручна рассякаць для далейшых разлікаў. Трохі практычнай арыфметыкі: адзін класічны дырхам важыў недзе 2,7 г, а варагі маглі прадаць арабам наложніцу за 200 дырхамаў. Такім чынам, кошт жанчыны – крыху больш за паўкілаграма срэбра (хаця на арабскіх рынках кошт рабыні мог істотна падвысіцца: да 10 ці нават 15 тысяч дырхамаў). За грыўню вагой у 250 г можна было набыць баявога каня, дзве каровы, паўтузіна свінняў і г.д.

Бліжэй да канца ХІ ст. сітуацыя пачынае змяняцца: дробныя манеты знікаюць, застаюцца адно вялікія зліткі срэбра ці іх абрэзкі для салідных разлікаў. Арабскія срэбныя руднікі аказаліся вычарпанымі, таму дырхамы проста знікаюць. Але чаму не карыстацца еўрапейскімі дынарыямі? Таямніца. Відавочна, для штодзённых разлікаў быў нейкі іншы эквівалент. На гэты конт ёсць розныя версіі: эквівалентам маглі быць пацеркі, шыферныя праселкі, наканечнікі для стрэлаў. Магчыма, у якасці грошай выкарыстоўвалі футры, якія не маглі захавацца да нашага часу.

З часам ва ўжытак увойдуць іншыя грыўні, не шыйныя ўпрыгожанні, а менавіта плацежныя зліткі. Ёсць нават іх класіфікацыя: літоўскія, наўгародскія, кіеўскія, чарнігаўскія… Усе яны розняцца формай і вагой, бо вагавая сістэма ў гэтых рэгіёнах была розная. Яшчэ пазней з’явіцца знакаміты “пражскі грош” з выявай кароны і ільва, які на пэўны час стане ўніверсальнай валютай рэгіёна – кшталту даляра ці еўра ў нашы дні. Яшчэ пазней – першыя манеты Вітаўта з Ягайлам з выявамі коп’яў, калюмнаў, вершнікаў… але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Навошта скарбы хавалі? Усё проста: ва ўмовах перманентных войнаў і набегаў свой капітал можна было надзейна даверыць адно зямлі. Так у гліняных збанках ды анучках сярод пераплеценага карэння соснаў на стромкім рачным беразе альбо ля крушні на ўскрайку поля захоўваліся рэзаныя срэбраныя грыўні, “заморскія” манеты з вузлаватым пісьмом альбо гнутыя ці паламаныя бранзалеты: цэласць ці прыгажосць не мелі значэння, бо галоўнае – вага металу.

 

Сполах ля паваленага дрэва

Нецімір вёў дзяўчо за руку лясной сцяжынай, далёка не адыходзячы ад берага Свіслачы – каб святлей было. Дзе тыя скарбы? Паводле аповедаў сляпога, над месцам, дзе прыхаваны скарб, мае ззяць святло ці палыхаць дробны агеньчык. Так скарбы адкрываюцца людзям: усяго аднойчы на год. Міласлава баялася. Нецімір, які адчуваў сябе сапраўдным мужчынам пасля Слуцкага паходу, удаваў упэўненасць і крочыў больш бадзёра.

“Вунь там!” –  “Што там?” – ціхутка перапытала Міласлава. “Там, палыхнула!” – з выглядам знаўцы сказаў хлопец. “Я не бачыла…” –  “А я бачыў, хадзем!”

Яны спыніліся ля дрэва, перакуленага ветрам, карэнне якога тырчала з-пад зямлі. Нецімір упаў на калені каля карча, нібы перад паганскім стодам, і пачаў адкідваць зямлю далонямі. Міласлава глядзела вакол: а раптам скарб нехта ахоўвае? А раптам прыйдзе ды пакарае неразумных маладзёнаў за крадзеж?

Нечакана Нецімір дастаў невялічкі скрутачак, абтрос пясок, раскруціў саматканую анучу… У святле месяца ў ягоных руках заззялі срэбныя скроневыя кольцы і невялічкі пярсцёнак. Юнак падняўся і ўзяў Мілаславу за запясце, спраўна прымераўшы пярсцёнак на палец: упрыгожванне аказалася завялікім. Яна сціснула далонь, каб прыкраса не выпала і не згубілася сярод мурагу. “Тваё”, – прамовіў хлопец і прытуліў трапяткое дзяўчо да сябе. Міласлава не вымавіла ні слова.

 

Таямніца скарбу

Зранку па-над Свіслаччу плыў туман, а Нецімір мімаходзь збіваў расу з высокай травы, якой зарос бераг, што ўвесну залівала рэчка. Гойсаючы так па лясных сцежках, ён разважаў. Што будзе далей? Ці дачакаецца яго Міласлава з наступнага паходу, які раптам прыдумае сабе няўрымслівы князь Глеб? Ці не будзе ён сам ляжаць у гурбе мерцвякоў, як ляжалі целы няскораных случчакоў яшчэ два тыдні таму? Ці не сустрэне ён у паходзе альбо яшчэ раней, у Менску, яго – літоўца?..

Апошняе Неціміру падавалася найстрашнейшым. Чаму? Бо не здабыўшы трафеяў падчас рабавання Слуцка, зухаваты хлопец вырашыў дамагчыся свайго, але… іншым спосабам. Каб не чапаць сваіх, абраў ахвярай прыхадня-найміта. Дачакаўшыся, пакуль дружыннікі добра вып’юць мёду ля вогнішча на зваротнай дарозе ў Менск, хлопец выцягнуў скроневыя кольцы і пярсцёнак са скураной торбачкі мажнага дружынніка-літоўца з арліным носам і заплеценай барадой.

Ці заўважыў літовец? Ці шукаў? Ці не бачыў хто ягонага “зладзейства”? Нецімір не ведаў. Але і не пашкадаваў ні разу, бо ў выніку галоўным здабыткам усяго ягонага кароткага жыцця стаў не меч, не кольцы, не скарб і не таямнічая папараць-кветка, а… баязлівае сціплае дзяўчо з суседняга завулка, рудавалосая дачка гарбара Міласлава.

 

Мікалай Плавінскі, Алесь Кіркевіч

Малюнкі – Кацярына Фурс