Сяргей Будкін: “Перазагрузка” стварае новыя хіты

budkin

Навошта беларусізаваць песні беларускіх, але небеларускамоўных аўтараў? У чым фішка праекту “Тузін. Перазагрузка”? Аўтар праекту Сяргей Будкін раскрывае сакрэты “Перазагрузкі” ў гутарцы з Таццянай Печанко.

– Як узнікла ідэя праекту?

– Гэтая ідэя існавала даўно. Заўжды было шмат беларускіх гуртоў, якія спяваюць па-расійску проста таму, што не ведаюць беларускай мовы і не ведаюць, як падысці да перакладу і ўжывання беларускай мовы ў сваёй творчасці. Таму мы былі перакананыя, што такі праект будзе запатрабаваны. І вось у пэўны момант усё склалася так, што мы змаглі прыступіць да рэалізацыі.

– У чым, па-Вашаму, сэнс перакладаў на беларускую мову расійскамоўных песняў беларускіх гуртоў?

– Сэнс не ў тым, каб перакласці з расійскай на беларускую, каб было. Сэнс у наданні песні другога жыцця, фактычна стварэнне новага хіта. Гэта ўвядзенне твору ў зусім іншы культурны кантэкст плюс наданне імпульсу для далейшай творчай кар’еры самога выканаўцы. Да таго ж, гэта проста адзін з творчых эксперыментаў, у дадзеным выпадку – моўны.

– Як рэагуюць музыкі на Вашую прапанову паўдзельнічаць у праекце? Ці ўсе пагаджаюцца?

– Большасць музыкаў адразу пагаджаецца на ўдзел у праекце. Многія з іх былі прыемна здзіўленыя нашай прапановай. Праўда, было некалькі гуртоў, якія не пагадзіліся ўдзельнічаць. Напрыклад, гурт “Без білета” адмовіўся, яго ўдзельнікі сказалі, што яны і так усведамляюць сябе беларусамі і ў хуткім часе самастойна запішуць беларускамоўны альбом.

– Якія вынікі дасягнутыя на дадзены момант?

– Плён ад праекту ўжо ёсць, некаторым настолькі спадабалася новае гучанне іх песняў, што яны вырашылі і надалей спяваць па-беларуску. Да прыкладу, гурт “Tanin Jazz” шукае сабе аўтара, які мог бы перакладаць іх песні. Гурту “Da Vinci” вельмі спадабалася тое, што зрабіў для іх Алесь Камоцкі, і яны і надалей будуць працягваць супрацоўнічаць з ім. Нядаўна мне пазваніў кіраўнік Юрыя Дземідовіча Уладзімір Глушакоў і сказаў, што ім вельмі спадабаўся беларускамоўны варыянт песні, ён нашмат болей мілагучны і спеўны, чым расійскі. І нават у прыпеве, там, дзе Юра начытвае тэкст, атрымліваецца так, як быцам ён спявае. Хаця, канечне, былі і некаторыя праблемы праз гэтую мілагучнасць, у асноўным з прычыны вымаўлення. Да прыкладу, я прысутнічаў у студыі падчас запісу песні Дакоты і бачыў, што ёй сапраўды цяжка вымаўляць некаторыя словы па-беларуску.

– Як праходзіць адбор музыкаў для ўдзелу ў праекце?

– У прынцыпе, гэта мой суб’ектыўны падыход. Я выбіраю музыкаў, творчасць якіх мне падаецца найбольш арыгінальнай, цікавай, вясёлай. Адзін з чыннікаў, які грае ролю падчас адбору, хаця ён і не самы галоўны, – фарматнасць музыкі. На нашых FM-станцыях не хапае беларускамоўнай музыкі, і мне часта звоняць і пытаюць, калі выйдзе чарговая песня. Падчас адбору я ўлічваю, ці будзе музыка запатрабаванай на радыё. Пасля анансавання песняў многія музыкі сталі самі званіць і прасіць паўдзельнічаць у праекце. Аднак удзельнікі былі ўжо адабраныя, і таму некаторым музыкам я вымушаны быў адмовіць.

– Як адбываецца адбор песняў для праекту?

– Па-рознаму бывае. Напрыклад, у гурта “Стокс” ёсць вядомы хіт “Между Минском и Римом”. Я прапанаваў перарабіць яго на “Паміж Пінскам і Мірам”. Гэта добра клалася на музыку, добра гучала. Аднак удзельнікі гурта адмовіліся і выбралі песню “Под куполом небес”. А ў выпадку з Сяргеем Пукстам ён спачатку выбраў для перакладу кампазіцыю “Просто сталь”, але вымушаны быў адмовіцца ад яе, таму што ўзнікла праблема з перакладам слова “голубизна”. У беларускай мове гэтае слова не мае дакладнага сэнсавага адпаведніка. Таму Сяргей Пукст пераспявае песню “Трыюмф волі”.

– Хто з перакладчыкаў бярэ ўдзел у праекце? Як яны “прыйшлі” ў праект?

– У прынцыпе, мы нават не называем іх перакладчыкамі. Гэта творцы, якія пераасэнсоўваюць песні. Кожны раз усё адбываецца па-рознаму. Да прыкладу, гурт “Da Vinci” прапанаваў звярнуцца да Алеся Камоцкага, таму што адзін з музыкаў быў добра з ім знаёмы. У выпадку з Дакотай да нас прыйшоў Глеб Лабадзенка і сам прапанаваў перакласці песню. Таксама ў праекце ўдзельнічаюць літаратары Сяргей Балахонаў, Віталь Воранаў і Андрэй Хадановіч. Здараецца і такое, што музыкі не задаволеныя перакладамі, скардзяцца на тое, што пераклады сэнсава далёкія ад арыгіналаў. Па некаторых песнях мы ўсё яшчэ ўзгадняем пераклады.