Сяргей Законнікаў: «Мне крыўдна за нашых мужчын»

Творчая сустрэча з бібліятэкарамі Бярэзінскага раёна з удзелам лаўрэата (1992) Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы, міжнародных літаратурных прэмій Польшчы (1996) і Украіны (1997), паэтам Cяргеем Законнікавым адбылася 27 мая.

05270011

Сустрэча праходзіла ў памяшканні Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі. Публікі было каля 30 чалавек, якія абмяняліся меркаваннямі пра паляпшэнне папулярызацыі беларускай кнігі і роднай мовы сярод наведвальнікаў установаў культуры.

Паэт расказаў пра мэты і ідэі кампаніі «Будзьма беларусамі!», пра новыя кнігі – паэтычную «Дол» і публіцыстычную «Насустрач», прачытаў творы, напісаныя апошнім часам, адказаў на пытанні. Намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Бібліятэка прапануе» Людміла Несцяровіч, якая вяла сустрэчу, заклікала бібліятэкараў актыўна падтрымліваць нядаўна распачатую акцыю «Чытаем па-беларуску».

Сяргей Законнікаў:

«На сёння чытае, ходзіць у бібліятэкі найбольш моладзь. І асабліва не ходзяць мужчыны ад 30-ці да 50-ці. Гэта назіранне ўсіх бібліятэкараў. І тут я жартам сказаў, што мне крыўдна за мужчын, якія не ходзяць у бібліятэку. Але ж ім трэба зарабляць грошы, таму і не ходзяць. Але ўсё ж такі колькасць наведвальнікаў павялічваецца. І гэта не можа не радаваць».

05270013

У гэты ж дзень Сяргей Законнікаў у межах мерапрыемстваў па экалагічнай асвеце школьнікаў сустракаўся з вучнямі 8-х класаў (60 чалавек) СШ № 2 г. Беразіно. Па просьбе юных слухачоў ён расказаў пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС, пра ліквідацыю яе наступстваў, пра дэзактывацыю дзіцячых садкоў, школ, бальніц Хойніцкага раёна, у якой летам 1986 году браў удзел. Потым паэт прачытаў раздзелы са сваёй паэмы «Чорная быль», якая была напісаная па слядах трагічных падзей і перакладзеная на шэраг еўрапейскіх моваў.

05270014

Творчыя сустрэчы адбыліся ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!».

Тэгі: