Аўтар кнігі беларускага фэнтэзі, пісьменнік і журналіст Аляксей Шэін сустрэўся з гарадзенцамі ў Цэнтры гарадскога жыцця 20 красавіка. Сустрэча прайшла ў рамках кампаніі “500-годнасць”.
Пісьменнік пакрокава распавёў, чым фэнтэзі адрозніваецца ад фантастыкі, а таксама правёў адмысловую інтэлектуальную гульню да 500-годдзя Скарынавай Бібліі.
Паводле Аляксея Шэіна, каноны беларускага фэнтэзі яшчэ не распрацаваныя, бо гэты жанр толькі становіцца на ногі. “У гэтым і адметнаць сытуацыі, што, калі аўтар напіша зараз кнігу фэнтэзі па-беларуску, ён будзе тым, хто ў нейкім сэнсе фармуе жанр”, – сказаў пісьменнік.
Кніга Аляксея Шэіна “Сем Камянёў” была выдадзена накладам больш за дзве тысячы асобнікаў і ўжо стала бестселерам, а таксама, паводле вынікаў 2016 года, стала адной з найбольш чытаных кніг у дзіцячых бібліятэках беларускай сталіцы.
(паводле інфармацыі “Радыё Рацыя”)
Фота Аляксандра Саенкі