12 чэрвеня (аўторак) а 19.00 у этнакраме “Цудоўня” пройдзе сустрэча з пісьменнікам, лаўрэатам сёлетняй Прэміі Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў Валерыем Гапеевым. Мадэратарка – Ганна Янкута.
Валеры Гапееў – аўтар раманаў «Ведзьміна тоня», «Ноч цмока», «Праклён», «Урокі першага кахання» і інш., майстар дэтэктыўных сюжэтаў, інтрыгоўных загадак і захапляльных развязак. Прэмію Цёткі (2018) атрымаў за раман «Мая мілая ведзьма» – гісторыю некалькіх падлеткаў, што вучацца ў старэйшай школе і спрабуюць разабрацца ў саміх сабе і ў навакольным свеце. Валеры Гапееў апісвае жыццё падлеткаў: падзел класа на «эліту» і «плебс», плёткі пра настаўнікаў, любоўныя гісторыі і расчараванні – дадаючы ў штодзённае школьнае жыццё элемент чароўнага і містычнага. Ці сапраўды новенькая, што прыйшла ў клас на пачатку года, – ведзьма? Ці прарочыць лічба «9» нейкія незвычайныя наступствы яе з’яўлення?
Прэмія Цёткі ўручаецца штогод пачынаючы з 2016 г. у дзвюх намінацыях: 1) за найлепшую беларускую кнігу для дзяцей і падлеткаў і 2) за найлепшае мастацкае афармленне выдання. У мінулыя гады лаўрэатамі прэміі зрабіліся: Уладзімір Арлоў (аўтар) і Павел Татарнікаў (мастак) з кнігай «Айчына. Маляўнічая гісторыя» (2017), Надзея Ясмінка (аўтарка) і Кацярына Дубовік (мастачка) з кнігай «Сем ружаў» (2016).
Калі: 12/06, 19.00
Дзе: этнакрама “Цудоўня” (Гродна, вул. Кірава, 3)
Уваход вольны! Усіх гасцей імпрэзы чакаюць падарункі ад арганізатараў Прэміі Цёткі.
Паводле прэс-рэлізу