Натхненне — эфемерная рэч. Пра гэта вам скажа любы музыка-аматар, а вось прафесіянал адзначыць, што для напісання песні не заўсёды і трэба гэта самае натхненне, бо выціснуць патрэбны настрой, эмоцыі, словы, мелодыю — можна амаль што адусюль. Пра гэта як найлепш сведчаць свежыя рэлізы, пра якія мы і пагаворым сёння. У сённяшнім аглядзе ў рубрыцы «Гітара Мулявіна» песні ад Palina, J:Морс, новага беларускага музыканта пад псеўданімам SONCAU.
Плыць па акіяне і не знайсці сябе
Голас, які абсалютная большасць актыўных слухачоў беларускай музыкі пазнаюць з першай ноткі і такі ж характэрны інструментал. Так, гэта я пра Паліну, яна ж Palina, якая выпусціла песню «Я б уплыла в океан».
Адзначылася гэта кампазіцыя тым, што мы ўсе яе ўжо дакладна чулі: яна з’яўвілася яшчэ у 2015 годзе на альбоме «Бясконцы красавік» тады яшчэ Рэспублікі Паліны ў лёгка-джазавай апрацоўцы з характэрнымі гітарнымі вайбамі. Песня дарэчы тады мела назву «Сарафан». Потым, у 2023 годзе, выйшаў альбом «Демки (2012)», дзе Паліна вырашыла падзяліцца дэма-запісамі сваіх песень, сярод якіх зноў мы пачулі пра акіян і сарафан ад усё той жа Рэспублікі. Фінальная метамарфоза гэтага дня сурка адбылася напрыканцы мінулага тыдня — артыстка выдала песню сольным сінглам, у электроннай апрацоўцы і ўжо пад сваім цяперашнім псеўданімам.
Хто ведае, можа, гэта як раз такі даніна бясконцаму красавіку ў прамым сэнсе гэтага слова.
Па гуку, безумоўна, песня гучыць лепш, чым яе першапачатковыя варыянты, але цяпер у ёй адчуваецца пэўная трывога, месцамі нават надрыў у разважаннях аб тым, як бы цяперашнім часам адшукаць сапраўдную сябе і ўжо ніколі не згубіць. Вы можаце праслухаць усе 3 версіі і абраць тую, якая спадабаецца менавіта вам, але я захаваў сабе ўсе.
Неўміручая класіка
І гэта я не пра Цоя якога-небудзь, а пра новага беларускага музыканта пад псеўданімам SONCAU, які выпусціў свой дэбютны трэк «Зорка Венера» на словы аднаіменнага верша Максіма Багдановіча.
Не сакрэт, што шматлікія артысты пачыналі і пачынаюць свой творчы шлях ці то з кавераў на вядомыя песні пакаленняў, ці то з пераспеваў вершаў вядомых паэтаў. Гэта іх выбар і інтэрпрытацыя, аднак асабіста для мяне ісці па такому патэрну цяпер — маветон.
Сама песня здаецца шэрай і звычайнай, паколькі там ёсць толькі асноўная партыя гітары, да якой з часам дадаецца адзін інструмент. Гэткая бардаўская балада з тыповым матывам вакальных распеваў.
Сказаць, што мяне ўразілі ў соты раз пачутыя словы верша, пакладзенага на музыку, я таксама не магу. Слухайце і вырашайце для сябе самі, спадарства. Веру ў тое, што Дзмітрый (сапраўднае імя выканаўца) будзе расці і яшчэ здзівіць нас у музычным плане!
Як пацеркі ў траве, зямля губляе нас...
Новая песня гурта J:Морс «Зброя», прабіла на слязу нават такога сталага скептыка, як я. Чым? Шчыльнымі сэнсамі, файнай паэтычнасцю і, канешне ж, цудоўным інтрументалам. Гэта шыкоўны прыклад таго, што айчынны класічны рок усё яшчэ ого-го і можа ў прамым сэнсе быць зброяй, цалкам адпаведаючы назве кампазіцыі.
J:МОРС. Фота: Іван Карнацэвіч
Я б нават назваў гэта жыццесцвярджальным рокам, бо так моцна па комлексах любога беларуса ні б’е ніхто. Пугач са сваёй бандай не так часта радуюць нас сваімі новымі работамі, аднак калі робяць гэта, то з усёй шчырасцю і адданасцю справе.
Не важна, будзеце слухаць вы гэтую песню ў слухаўках, на калонцы, ці наўпрост з тэлефона — яна адчуваецца «жывой» і экспрэсіўнай. Усё таму, што інструменты запісаны жываком, а не зроблены гукарэжысёрам на якім-небудзь прэсэсце ў праграме. Раю прыслухацца і да самога тэксту, бо тут ён галоўны дыямент. Не маю звычкі спойлерыць, таму цісніце на плэй і дзяліцеся такім скарбам са знаёмымі.
Паслухаць новую песню можна на ўсіх буйных музычных пляцоўках.
Паслухаць новую песню можна на ўсіх буйных музычных пляцоўках.
Хатні Томпсан, budzma.org
Чытайце яшчэ:
«Рабіць тое, у што верыш і што ўмееш. Захаваць сябе і беларускасць». Вялікая гутарка з Уладзімірам Пугачам