• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
08.10.2014 | Будзьма беларусКамі!

Таццяна Гаранская: “Каб давесці да канца нашыя з мужам культурніцкія справы, я гатовая ахвяраваць нават выгодамі асабістага жыцця”

Што ёсць агульнага паміж сучаснымі беларусамі і дыназаўрамі? Як грамадства ставіцца да нацыянальнай гісторыі і культуры і ці дае маладое пакаленне падставы для аптымізму? Сучасны “вышыванкавы бум”: перамога традыцыі ці толькі крок на шляху да яе? Што прымушае энтузіястаў ахвяраваць здароўем і дабрабытам дзеля справы жыцця? Як мы маглі назаўжды страціць гістарычны ландшафт старажытнага Заслаўя і чаму гэтага не адбылося? Гутарым з гісторыкам і мастацтвазнаўцай Таццянай Гаранскай. Чарговае інтэрв’ю праекта “Будзьма беларусКамі!”

— З 1976 года я жыву ў Заслаўі і з таго ж часу пачала сістэматычна вывучаць гісторыю горада. Зрэшты, тады гэта быў гарадскі пасёлак — толькі ў 80-я гады разам з аднадумцамі з Акадэміі навук мы дабіліся вяртання Заслаўю статусу горада. Рашэнне прымалася на вельмі высокім узроўні, пры гэтым выдаткавалі вялікія грашовыя сродкі на развіццё культуры і сацыяльнай сферы. Быў распрацаваны дэталёвы план — ён дагэтуль у мяне ў архіве, — згодна з якім павінны былі адрэстаўраваць храмы XVI і XVIII стст., здзейсніць рэканструкцыі гарадзішча Х ст. “Замачак” і адной з першых у нашай краіне фартыфікацый XVI cтагоддзя — гарадзішча “Вал” з яго абвадненнем, пабудаваць палац культуры… Але большую частку з пералічанага на тыя вылучаныя сродкі так і не зрабілі. Каласальныя грошы “развеялі па ветры” альбо скіравалі на “фальшывыя” прыярытэты — у чыноўнікаў было спецыфічнае разуменне таго, якім чынам трэба дзейнічаць: вакол гарадзішча X ст., у непасрэднай набліжанасці да яго, заклалі падмуркі на тры лініі двухпавярховых катэджных забудоваў, з касцёла вырашылі зрабіць рэстаран, а ўнікальную сярэднявечную планіроўку старога горада дадумаліся аздобіць шматпавярховікамі.

— І што ж, ніхто не выказаўся супраць?

— Безумоўна, і архітэктары, і рэстаўратары, і археолагі, і некаторыя чыноўнікі разумелі, наколькі жахлівыя рэчы рабіліся на нашых вачах. Але ж ніхто не адважыўся змагацца за гістарычныя каштоўнасці Заслаўя да канца: казалі, што грошы вырашаюць усё, і ў дадзеным выпадку ўжо нічога нельга зрабіць. Махавік раскручваўся: ужо капалі катлаваны і закладалі падмуркі новых дамоў, ужо ўхвалілі праект рэстарана ў будынку касцёла і шматпавярховіка побач з Гарвыканкамам на старажытнай Рынкавай плошчы. Але ж я не магла змірыцца з тым, што адбывалася, і наважылася ехаць у Маскву шукаць падтрымкі ў Саюзным міністэрстве культуры. Гэта быў час перабудовы — Раіса Гарбачова тады ўзначальвала фонд культуры, у планах было звярнуцца да яе таксама. Мясцовыя ўлады і дзеячы ўсяляк імкнуліся мне перашкодзіць: пераследавалі, выкралі дакументы, пагражалі майму дзіцяці. Я вымушаная была хавацца, пераапранацца, надзяваць парык — сапраўдны дэтэктыў! Але я дасягнула мэты — дабралася да Масквы, трапіла да міністра культуры і да Раісы Гарбачовай, растлумачыла сітуацыю. І што вы думаеце? У наша міністэрства культуры з Масквы даслалі тэлеграму: падмуркі з зямлі прыбраць, касцёл пакінуць касцёлам. Я не бачыла тае тэлеграмы на ўласныя вочы, але ўжо дадому вярталася спакойна: мне праз міліцыю вярнулі пашпарт, ключы, пасведчанне Саюза мастакоў, якія раней хтосьці скраў. Зразумела, мясцовыя ўлады мусілі выканаць загад з Масквы, але на маю празмерную, на іх думку, актыўнасць ужо не забыліся і не даравалі ніколі. Праз некалькі год выпадкова пачула рэпліку аднаго з дзеячаў тых часоў: маўляў, Гаранская — вораг, але мы яе паважаем, бо яна чалавек справы.

— І гэта быў не адзіны выпадак, калі вы апыналіся ў самай гушчы падзей. Як вам падаецца, чаму?

— Праўду кажучы, не ведаю. Я і сама сабе задавала гэтае пытанне, але не знайшла на яго адказу, акрамя таго, што нейкія вышэйшыя сілы за мяне гэтак вырашылі. Мне здаецца, я звычайны чалавек, без нейкіх там асаблівых якасцей, але ўвесь час аказваюся, скажам так, на перадавой, вырашаю важныя, кардынальныя пытанні. Мяркую, справа ў тым, што я — нібыта чалавек без скуры, вельмі востра ўспрымаю гістарычную несправядлівасць. І асабліва мяне хвалюе абыякавасць, неадэкватнасць, і цяпер — такая распаўсюджаная павярхоўнасць у дачыненні да пытанняў гісторыі і культуры Беларусі. Заўсёды, па меры ўласных сіл і магчымасцей, імкнуся нешта рабіць насуперак падобным з’явам.

— А навошта гэта трэба?

— Гэта пытанне культуры. Навошта мы карыстаемся паперай, ходзячы ў прыбіральню? Бо гэта элементарная праява цывілізаванасці. Чалавек можа быць пекарам, будаўніком, экскаватаршчыкам, прыбіральшчыкам, але веданне гісторыі сваёй краіны, свайго горада — такая ж самая элементарная, натуральная і неабходная кожнаму рэч.

— А калі мы страцім гэтыя веды?

— А мы іх і страчваем. І калі гэты працэс не пераламаць, будзе канец свету — усё скончыцца сусветнай трагедыяй, бо зямля паглыне тую нацыю, тую цывілізацыю, якая не памятае і не хоча ведаць сваю гісторыю і культуру.

— Ці ж усё напраўду так драматычна? Вось жылі дыназаўры, не ведаючы сваёй гісторыі, але ж усё навокал між тым эвалюцыянавала, развівалася… Можа, тое, што адбываецца з грамадствам цяпер — нармальны працэс?

— Людзей, якія нічога не ведаюць пра тое, хто яны і адкуль, сапраўды можна параўнаць з дыназаўрамі. Толькі я перакананая , што так ставіцца да сябе і свайго мінулага — ненармальна. Гэта паталогія.

— Можа, мы проста праходзім чарговы этап гісторыі і па спіралі вяртаемся да дыназаўраў?

— Ведаеце, такая сітуацыя — не заканамернасць гістарычнага працэсу, а лагічны вынік павярхоўнай культурнай палітыкі ў нашай краіне. Мы нібыта маем самастойную дзяржаву, мы нібы адраджаем сваю гісторыю, а тым часам адбываюцца жахлівыя рэчы: нават Рымская імперыя, якую часта згадваюць як прыклад заняпаду і разбэшчанасці, выглядае высокакультурнай цывілізацыяй у параўнанні з тым, што адбываецца ў нас сёння або праз недагляд, або праз абыякавасць, або праз гістарычную неадукаванасць найперш чынавенства ў стаўленні да айчынных гісторыі і культуры.

У руках чыноўнікаў сканцэнтраваныя сродкі і вялікія магчымасці. Але як яны выкарыстоўваюцца?

Нядаўна па канале “Культура” глядзела дакументальны фільм пра апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, зняты пад грыфам Міністэрства культуры і Беларускага відэацэнтра. З яго вынікае, нібыта Панятоўскі адметны ўсяго толькі тым, што быў каханкам Кацярыны ІІ. І такі ён быў нікчэмны, што нават месца яго пахавання невядомае. Насамрэч парэшткі караля да апошняга часу захоўваліся ў родавым касцёле Панятоўскіх у Воўчыне на Беларусі, а нядаўнім часам, у 1994 годзе, намаганнямі Беларускага фонду культуры на чале з Уладзімірам Гілепам, былі ўрачыста перададзеныя Польшчы і захаваныя ў варшаўскім кафедральным касцёле. Гэтая падзея мела розгалас і асвятлялася ў прэсе. Не магу ўцяміць, чаму аўтарытэтныя навукоўцы, што бралі ўдзел у гэтай перадачы, моўчкі пагаджаюцца з дэфармацыяй фактаў і неадэкватнай рэчаіснасці канцэпцыяй фільма.

Па гэтым жа канале бачыла яшчэ адзін гістарычны фільм, на гэты раз пра Заслаўе, таксама зняты пад эгідай Міністэрства культуры — проста мурашкі па скуры беглі ад таго, як там скажалі шэраг гістарычных фактаў. Гэта абурае: як можна дапускаць такія грубыя памылкі, калі сёння ўжо столькі кніг выдадзена, столькі навуковых публікацый надрукавана! Я сцвярджаю: людзі, якія фабрыкуюць фальшывую гісторыю — ворагі свайго народа, сваёй культуры.

— Але ж дзяржава арганізуе і падтрымлівае многія іншыя культурныя ініцыятывы, і не ўсе з іх такія заганныя.

— Я ўжо казала аб тым, што павярхоўнасць, недасведчанасць у справе, якой займаешся, а часам — непрыхаваны цынізм і варожасць да нацыянальнай спадчыны з боку чынавенства — галоўныя прычыны прафанацый, што выдаюцца за праўдзівую гісторыю. Гэта псеўдакультура, і таму, як бы жорстка гэта ні гучала, лепей бы яны нічога не рабілі, чым выдавалі такія рэчы.

— Сёння ў нас сітуацыя такая, што абсалютная большасць беларусаў увогуле ні пра якую культуру не дбае, людзі ведаюць, што такое Dolce&Gabbana, але не ведаюць, што такое слуцкі пояс. Дык ці трэба ў такіх абставінах клапаціцца пра вельмі дакладную, навукова правільную падачу інфармацыі? Можа, дастаткова хаця б проста прыцягнуць увагу людзей да нашай гісторыі?

— Не магу пагадзіцца з вамі, што нікому нічога не трэба. Вось кажуць, моладзь не хоча кніжкі чытаць. Але, прыходзячы ў кнігарню, бачу там шмат хлапцоў і дзяўчат, і гэта вельмі цешыць: яны цікаўныя, а калі не маюць сродкаў, каб набыць кніжку, дык часта проста доўга стаяць ля кніжных паліц у краме і так чытаюць. У бібліятэках таксама людна. Паводле маіх назіранняў, з большага сучасная моладзь, прынамсі тая, што вучыцца ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах, — зусім не “дыназаўры”. Яны хочуць ведаць мінулае, цікавяцца сваімі каранямі, гісторыяй адзення, будаўніцтва… Што да моладзі, у мяне пераважным чынамі аптымістычны настрой.

Ну, а што да сістэмнага, навуковага падыходу, дык у яго важнасці мяне пераканаў уласны вопыт. Школьныя гады я правяла ў Крыжоўцы пад Мінскам, і тады яна была сапраўднай этнаграфічнай вёскай. Там яшчэ існавала традыцыйная культура — святы, абрады… Такім чынам, давялося атрымаць своеасаблівую прышчэпку беларускасці, але яе было не дастаткова. Зразумець, што такое сапраўдная Беларусь, удалося толькі тады, калі я ўжо працавала ў Нацыянальным гістарычным музеі і разам са сваім настаўнікам Міхасём Раманюком ездзіла ў экспедыцыі па ўсёй краіне, збірала беларускае традыцыйнае адзенне для выставы нашага музея ў Парыжы. І ў гэтых доўгіх падарожжах я ўбачыла, што культура Беларусі абсалютна не абмяжоўваецца культурай мінчукоў і скарбамі мінскіх музеяў. Насамрэч яна маштабная, надзвычай шматпланавая і разнастайная. Тады я пераканалася, што дух беларускай культуры моцна захаваны ў менталітэце нашых людзей. Мова і абрад, адметнасці ўяўленняў пра прыярытэты эстэтыкі немагчыма выкарчаваць са свядомасці беларуса. Да прыкладу, я не раз бачыла: будуюць цагляны катэдж, але прымацоўваюць старыя ліштвы на вокны новага дома. Прынамсі такіх прыкладаў найболей на Віцебшчыне. Шмат даведалася пра беларускую вёску, якая сёння выступае захавальніцай этнасу. Веды ў дадатак да экспедыцыйных уражанняў і эмоцый збольшага сталі даступныя дзякуючы навуковай працы.

— А што ж такое тады робяць маладыя гараджане, якія носяць вопратку з нацыянальным арнаментам?

— На сённяшні дзень гэта дэманстрацыя свайго жадання быць беларусамі і ганарыцца беларускасцю. Яны выказваюць сваю пазіцыю, вышыванка — іх сцяг. І, як выяўляецца, кола людзей, аб’яднаных гэтай ідэяй, вялікае і прадаўжае расці, яны заяўляюць пра сябе.

Іншая справа, што штампаваць усім аднолькавыя арнаменты, я лічу, няправільна. Сёння ўжо шмат зроблена ў кірунку дэшыфроўкі элементаў старажытных узораў, якія адпавядалі таму ці іншаму каляндарнаму перыяду, святу, суадносіліся з днём нараджэння чалавека. Таму для кожнага з нас можна падабраць індывідуальны знак, які будзе накшталт асабістай іконкі. Да арнаментаў і іх сімволікі нельга ставіцца легкаважна — гэта вельмі сур’ёзная справа. Але вывучэнне такой інфармацыі — наступная ступень. А пакуль людзі дэкларуюць свае перакананні, свой інтарэс, сваю пазіцыю, што вельмі важна. Галоўнае, каб яны не спыняліся ў пошуку і не думалі, што проста апрануцца ў вышыванку — дастаткова.

— Не такі ўжо і лёгкі шлях да сваіх каранёў — так атрымліваецца?

— Ведаеце, напэўна, калі ўсе шляхі будуць адкрытыя, калі ўсё будзе лёгка і проста, дык і інтарэс будзе не такі вялікі. Моладзі заўжды трэба штосьці пераадольваць, і калі яны здабудуць сваю гісторыю цаной намаганняў, гэты набытак будзе для іх асабліва каштоўны. На шляху да самавызначэння, да каранёў кожны павінен прайсці шлях пераадолення — і найперш пераадолення сябе самога. Мяне цешыць тое, што ёсць цікавасць, ёсць жаданне, але ж нават у самых прагрэсіўных і адукаваных з сучаснікаў у менталітэце захаваліся заганы “саўковага” перыяду: раз-пораз можа падаецца, што усё дасягнутае, пара спыніцца, расслабіцца, “адпачываць на лаўрах”. Гэта ад таго, што прасцей за ўсё рухацца ў статку — адсутнасць уласнай адказнасці, неабходнасці пастаянна думаць, шукаць і вынаходзіць: “еш ды спі, “гуляй Вася”… — за цябе ўсё вырашаць і пакладуць “у рот ”… Рысы атруты гэткай псіхалогіі лёгка перадаюцца новым пакаленням. Але чалавек можа нечага дасягнуць толькі ў тым выпадку, калі будзе ўвесь час прымушаць сябе думаць, аналізаваць і развівацца.

— Атрымліваецца, у нас цяпер добрыя ўмовы для таго, каб думаць і развівацца насуперак сітуацыі: большасць дбае пра грошы і шмоткі, чыноўнікі са свайго боку пакідаюць многія ініцыятывы без падтрымкі…

— І няхай не дапамагаюць — галоўнае, каб не заміналі тым, хто праяўляе ініцыятыву. Ёсць жа людзі, якія дзеля ўласнай справы гатовы ахвяраваць сваім здароўем, дабрабытам, якія замест якаснай ежы і лекаў трацяць грошы на творчасць, навуку, асветніцкія праекты.

— Вы ж таксама адна з гэтых людзей, і я ведаю, што вы падрыхтавалі некалькі кніг і гатовы выдаваць іх, нават калі не будзе падтрымкі.

— Так, на дадзены момант у працы дванаццаць манаграфій. Усе на рознай стадыі гатоўнасці. Частка звярстаная, іншыя дапісваюцца, на рэдакцыі або ў карэктуры. У іх разглядаюцца важнія аспекты беларускай культуры: “Заслаўе. Тысяча год гісторыі”, “Гісторыя і семантыка традыцыйнага народнага адзення”, “Маляваны дыван як з’ява айчыннай этнакультуры”, “Беларускае мастацтвазнаўства апошняй чвэрці ХХ стагоддзя”, “Мастацтва Заходняй Беларусі”, “Гісторыя і традыцыі беларускай недзяржаўнай мастацкай галерэі” і іншыя. Усе кнігі заснаваныя на практычным вопыце ўласнай навуковай дзейнасці, сабраная велізарная колькасць інтэрв’ю, унікальны даследчы матэрыял. Я мушу выдаць гэтыя кнігі, нават калі не знайду аніякай падтрымкі. Гэта мой абавязак перад памяццю мужа (Віктар Маркавец — заўв. рэд), з якім мы разам працавалі. За дваццаць два гады сумеснага жыцця мы пабудавалі храм, Сабор усіх беларускіх святых, у Заслаўі і ў той або іншай ступені падрыхтавалі да выдання вось гэтыя дванаццаць кніг. Яны — нашы дзеці, яны — вынік нашага жыцця. І таму я гатовая, калі спатрэбіцца, прадаць усё дашчэнту — дом, машыну, рэчы побыту, — каб на атрыманыя сродкі здзейсніць справу жыцця. Я перакананая: пакуль не выдам усе адпрацаваныя з Віктарам манаграфіі, Бог будзе трымаць мяне на зямлі.

— Дык можа, гэта вельмі выгадна дзяржаве? Не трэба траціцца на многія рэчы, якія робяцца рукамі энтузіястаў…

— Мяркую, людзі, якія адказваюць за гэта, пра такія рэчы не задумваюцца альбо ім проста ўсё роўна. А мы гэта робім таму, што… Проста я дакладна ведаю: калі я нешта не дараблю, калі не падстаўлю сваё плячо, дык на гэтым месцы будзе дзірка, пустата. І кожны чалавек павінен разумець: зрабіўшы нават маленькую справу, ён зацыруе канкрэтную дзірку ў панчосе беларускай гісторыі і культуры. У гэтым, мне здаецца, прызначэнне патрыётаў нашай эпохі — пры наяўнасці сіл, здароўя, сродкаў зрабіць хоць нешта для таго, каб панчоха нашай нацыянальнай культуры была людскай.

Ганна Трубачова, Вольга Блажэвіч

Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч

Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»

Спецыяльны праект кампаніі «Будзьма беларусамі!» 

Інфармацыйныя партнёры:


Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура

«На беразе Волі». Выйшла новая кніга Андрэя Хадановіча

«Гэтым разам не выбранае, а менавіта новае!», — падзяліўся навіной у сацсетках вядомы беларускі паэт Андрэй...

valiancina_shauchenka
Літаратура

«Адплывае спакойнае неба...» Памерла паэтка Надзея Артымовіч

У Бельску Падляшскім пасля працяглай хваробы на 77-м годзе жыцця памерла Надзея Артымовіч. Яе называлі паэткай...

valiancina_shauchenka
Музыка

«Тэкст напісаўся разам са слязьмі па спачылым». Андрусь Такінданг распавёў пра песню памяці Міраслава Лазоўскага

Напрыканцы верасня беларускі музыка Андрусь Такінданг прэзентаваў кліп на сваю новую песню «Шэры камень». Гэты твор...

valiancina_shauchenka
Культура

Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA пройдзе ў Варшаве на гэтых выходных

На працягу чатырох дзён, з 6 па 9 кастрычніка, у Варшаве адбудзецца фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Гэта...

Апошнія навіны

    Літаратура
    «На беразе Волі». Выйшла новая кніга Андрэя Хадановіча
    Літаратура
    «Адплывае спакойнае неба...» Памерла паэтка Надзея Артымовіч
    Музыка
    «Тэкст напісаўся разам са слязьмі па спачылым». Андрусь Такінданг распавёў пра песню памяці Міраслава Лазоўскага
    Культура
    Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA пройдзе ў Варшаве на гэтых выходных
    Культура
    «Чаму вы выйшлі з дому?» Хадановіч разважае пра паэзію пратэсту і салідарнасці
    Гісторыя
    Голда Мэір: «У мамы была звычка заяўляць, што ў Мілуокі ўсё горш, чым у Пінску»
    Грамадства
    У пошуках літвінізму. У Сейме Літвы абмеркавалі уплыў літвінізму на адносіны паміж беларусамі і літоўцамі
    Культура
    «Берлінскі сшытак»: загадкавы спеўнік бабулі Кацярыны Ваданосавай
    Грамадства
    Генпракуратура распачала крымінальныя справы супраць Рады БНР
    Мастацтва
    «Ніці супраціўлення»: адкрыццё выставы Руфіны Базловай адбудзецца ў Чэхіі
    64-гадовая беларуска падняла БЧБ-сцяг над адной з найвышэйшых гор свету
    Кіно
    Фільм «Зялёная мяжа»: што хацела паказаць Агнешка Холанд і што атрымалася
    Музыка
    Наста Хмель: Робім Беларусь у выгнанні, каб не знікнуць у чужым краі
    Забавы
    Гульня: Знайдзі аднолькавыя вокладкі
    Грамадства
    На якой мове мусіць размаўляць лагапед з беларускамоўнымі дзецьмі? Іна Кулей аб працы беларускамоўнага лагапеда

Афіша

  • 04.10

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Музейная імпрэза «Посцілка: прастора натхнення» ў Гомелі

  • 04.10 — 08.10Восеньскі салон у Мінску
  • 04.10 — 19.11Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023» у Познані
  • 04.10 — 13.11Выстава «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі» ў Віцебску
  • 04.10 — 08.10Фестываль незалежнай беларускай культуры ва Уроцлаве
  • 04.10 — 17.11Выстава Руфіны Базловай у Чыкага
  • 04.10ПАДЗЕЯ ДНЯ: Музейная імпрэза «Посцілка: прастора натхнення» ў Гомелі
  • 05.10 — 09.11LAZARET. Персанальная выстава Цемры ў Празе

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Чучхэ ў самым сэрцы Еўропы альбо Што чакае беларускую нацыянальную культурную прастору
    • «Я аддала апошняе на сваю мару». Беларуская мастачка рызыкнула ўсім, што мела, і адкрыла ў Варшаве фотастудыю
    • Тэст для вандроўнікаў: пазнай мясціны, дзе нарадзіліся ці жылі нашыя славутыя землякі
    • Параза ці перамога? Першы мір Вялікага Княства Літоўскага
    • «Будуць беларусы — будзе беларуская кніга». У Батумі стартаваў фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova-2023
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип