Тамара Мацкевіч піша пра небяспеку вывучэння прадмета «Руская літаратура» ў школах, прынамсі ў тым выглядзе, як гэта ёсць зараз, і задаецца пытанем, ці не ў гэтым корань тых падзей, што адбываюцца сёння ва Украіне, Беларусі.
Аднойчы, на пытанне настаўнікаў, што будзе, калі са школьных праграм выкінуць прадмет Руская літаратура, мой знаёмы выкладчык-мастацтвазнавец, этнічны расеец, дарэчы, сказаў: «Шмат не згубіце!» Тады гэта гучала як шок. Але не цяпер.
Цяпер, разглядаючы відэа з Бучы, Ірпеня, мы бачым, што нарабіла руская школа, і «великие русские гуманисты», уключаныя ў школьную праграму, з галовамі маладых расіян.
Пра небяспеку нас даўно папярэджвалі даследчыкі (гл. кнігу Эвы Томпсан «Песняры імперыі: расійская літаратура і каланіялізм»). Настаўнікі даўно абмяркоўвалі пытанне, каб рускую літаратуру выключыць са школьнай праграмы, але выкладаць яе ў межах прадмета «Літаратура» або «Замежная літаратура». Каб творы Пушкіна, Дастаеўскага, Булгакава вывучаліся разам з творамі Шэкспіра, Гётэ, Орўэла, Кізі, Кундэры, Олдынгтана...
Відаць, прыйшоў час для настаўнікаў і бацькоў, не чакаючы зменаў, раскрываць беларускім дзецям праўду пра стварэнне міфу «вяликай рускай культуры» (цяпер гэта называецца мяккая сіла), паказаць усю антычалавечую сутнасць імперскіх памкненняў, фальшывасць РПЦ-шнай духоўнасці, антыгуманнасць і цемрашальства, закладзеную ў яе.
Нам, як і іншым паднявольным народам, хацелі навязаць яе разам з мовай, каб трымаць нас у полі свайго ўплыву, каб не даць «людзьмі звацца», каб мы вечна былі чужымі на сваёй зямлі.
Вось што піша Эва Томпсан пра ўплыў рускай літаратуры на свет: «Міф інвазій сфармаваў расійскую візію жыцця і расійскія палітычныя паводзіны, а затым быў перанесены ў заходнія інтэрпрэтацыі. Ахвярнасць стала настолькі моцна асацыявацца з вобразам Расіі ў англамоўным свеце, што пакуль ад яе пазбавіцца практычна немагчыма. Гэты вобраз замацаваны безліччу кніг і артыкулаў у самых розных дысцыплінах і сферах. А вось тэрытарыяльнае пашырэнне Расіі лічыцца цалкам прымальным, амаль як тое, што і павінна было адбыцца, — затое адваротны працэс інтэрпрэтуецца як катастрофа».
Ці не корань тут тых падзей, што адбываюцца сёння ва Украіне, Беларусі. Настаўніку ці бацькам дастаткова задаць пытанні дзецям: Чаму гэта станоўчы літаратурны герой — захопнік? Што рабілі гэтыя ўсе жыліны-кастыліны на Каўказе? Чаму ў Тургенеўскіх расказах у жанчын няма імёнаў, толькі характарыстыкі тыпу «его жена — толстая злая баба»? Якую мэту меў Дастаеўскі, калі высмейваў «палякаў» (і ці палякаў?) у «Братьях Карамазовых», сцвярджаючы, што пасля паўстання 1863 г яны папёрліся ў Сібір добраахвотна, нібыта як службоўцы імперыі (за пэўны заробак), а не як палітычныя зняволеныя і ссыльныя? А адкуль у пакоях у «Отцах и детях» узяліся крэслы са спінкамі, падобнымі да ліры? Яны насамрэч былі набытыя яшчэ нябожчыкам генералам у Польшчы, падчас паходу?
Менавіта «вялікая руская літаратура» навязвае нам «чинопочитание» і «лизоблюдство», няроўнасць жанчын, другасортнасць малых народаў як норму і бязмежнае права Расіі на пашырэнне сваіх тэрыторый.
У нас — еўрапейцаў, усё ж такі іншыя каштоўнасці. Важны чалавек, а не яго статус (чин), каштоўнасць — свая зямелька, а не панская.