
–“Да пабачэння-пячэнне” — тое нешматлікае, што трымае мая галава ў сабе яшчэ з дзіцячага садка. Відаць, гэтае самае “пячэнне”, што так надзейна засела ў маіх звілінах і сталася адным з самых першых (калі не лічыць мацінага захаплення адраджэнскімі ідэямі падчас цяжарнасці мною) штуршкоў для майго пазнейшага ўсведамлення сябе беларускай. Вядома, гэта жарт, але ж хто ведае, мо і ў ім ёсць частка праўды. Сапраўднае ж усведамленне надыйшло значна пазней. Вядома, і да гэтага было разуменне, што я адношуся да пэўнай нацыі, быў дзённік з абрысамі Беларусі, былі “дзяржаўны сцяг” і “дзяржаўны герб” над дошкаю ў класах, але… “Ты ўва мне прызнаеш беларуску?” Толькі недзе паміж гэтымі радкамі і першым беларускамоўным вершам я нарэшце усвядоміла сябе беларускаю. Гэта быў дзевяты клас, я перайшла ў новую школу і патрапіла “ў правільныя рукі” да настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алены Іванаўны Чырковай. Гэта пасля у мяне з’явіліся новыя сябры, зацікаўленасці, веды. Але галоўным чалавекам у маёй “беларускай справе” была менавіта Алена Іванаўна, з якой, дарэчы, і цяпер, пасля сканчэння школы, мы знаходзімся ў цудоўных адносінах. Цяпер, калі я падрасла і атрымліваю гуманітарна-філалагічную адукацыю, мне падабаецца займацца параўнаннем розных славянскіх моў, знаходзіць паміж імі адначасова падабенства і такія істотныя адрозненні ды казаць: “А ў нас вось так!” і разумець яшчэ больш нашую беларускую адметнасць. Мова хіба не менш за цэлы энцыклапедычны даведнік распавядае пра народ! Што ж такое быць беларусам? Гэта значыць – ведаць, што ты не самотны. Ты – частка вялікай сілы. Частка асобнай нацыі са сваёю культурай, сваім менталітэтам, сваёю гісторыяй, якую, зрэшты, ты сам і ствараеш. Хочацца верыць, што ўсё сапраўды ў нашых руках. Я нарадзілася і жыву ў Мінску, вывучаю філалогію і славянскія мовы.
Таня Анікеенка, студэнтка