Я люблю кіно. У другім класе нават самастойна запісалася ў танцавальны гурток, каб мець кантрамарку — спецыяльную картку, уладальніка якой пускаюць у кіназалу бясплатна. З выгляду звычайная кардонка, а на самай справе чароўная рэч. Амаль што неразменны рубель Мікалая Ляскова..
Я хадзіла на ўсе фільмы. Толькі аднойчы ледзь не прапусціла, калі любімую казку “Русалачка” перанеслі на раніцу са звычайных 16.00. А трэба ж у школу — хоць ты парвіся. Я пайшла і кажу настаўніцы:
— Адпусціце, калі ласка! Гэта ж мой любімы фільм.
— А заняткі?
— “Школа нікуда не убежіт”, так папа заўсёды кажа.
Пасмяялася настаўніца. Не зразумела, што не жартую, не адпусціла па-добраму. Дык я сышла без дазволу, яшчэ і сяброўку падбіла. Настаўніца выслала за намі ўздагон самых актыўных хлопчыкаў. Хлопчыкі адно і здолелі, што вырвалі з нашых рук партфелі, нам жа лепей. Пайшлі ўлегцы.
Фае “Дома афіцэраў” — так называўся дом культуры Ваеннага гарадка, непадалёк ад якога мы, неваенныя, жылі, — ад падлогі да столі ўпрыгожвалі стракатыя і глянцавыя партрэты артыстаў. Натхнялі да прагляду з самага ганку. Я нават верш прыдумала, дзе яны згадваюцца. Такое моцнае ўражанне зрабілі іхныя вялізныя твары фарматц А3 у свой час на незакаламучаную свядомасць дзіцяці, што ўсё жыццё я прыдумвала падспудна, куды прыткнуць свае перажыванні. І вось не так ужо і даўно прыдумала:
Стучатся в дверь подружки
и мы бежим в кино по контрамаркам
потому что посещаем танцевальный кружок в Доме офицеров
минуя фойе с галереей красногубых артистов
и кассиршу за маленьким окошком
Стучатся в дверь подружки
и мы остаемся в квартире
съедаем понарошку “Книгу о вкусной и здоровой пище”
звонко чавкаем и рыгаем
будто вовсе не умеем разговаривать
Стучатся в дверь подружки
и мы спешим во двор
играем в Магазин Хали-хало Тухлое яйцо
Прятки Дочки-матери Садовника Гигантские шаги
не считая зимних игр
Стучатся в дверь подружки
они главнее взрослых
красивее родителей
в сто раз важнее книг
а также пророческих фантазий в одиночестве о будущем.
А калі трохі вырасла, з тымі ж самымі найлепшымі сяброўкамі пачала выходзіць у гарадскі “Космас” — кінатэатр, які пабудавалі на месцы зруйнаванай царквы. Нават знарок пашукала ў інтэрнэце назву яе. Ніхто з цётак не ведаў, бо каталічкі. “Спасо-Преображенская”, пачатак XVII стагоддзя. Па чутках яе закрылі, бо поп пасварыўся з паствай. Жанчыны падчас малення напалі на яго з нажніцамі, каб расстрыгчы самастойна, і нават крыху пашкодзілі бараду. Ды айцец быў моцны мужчына і вырваўся. Пераскочыў праз царкоўны плот і хутка з’ехаў са Смаргоні ў Вільню. Дзе, па здагадках паствы, будаваў сабе дом на царкоўныя грошы. Здагадкі здагадкамі але царкву закрылі, і ў хуткім часе за адну ноч — менавіта ноччу — разбурылі з дапамогай шара-молата. Не ўзрывалі, каб не напалохаць горад. Ціха білі-калацілі да раніцы. Мама казала:
— Добра памятаю, адзін дзень вяртаюся з працы — царква стаіць. А назаўтра іду на працу — яе няма. Быццам і не было ніколі.. Пустка на святым месцы..
Пра нашу царкву знайшла ў інтэрнэце цікавыя дадзеныя з Нацыянальнага архіва:
«Заключение о закрытии церкви в городе Сморгонь, Гродненской области, учет, кар. №86.
…Идя навстречу пожеланиям трудящихся, Сморгонский райисполком возбудил ходатайство перед облисполкомом о закрытии указанной церкви.
В связи с тем, что церковное здание в г. Сморгонь переоборудовать под кинотеатр невозможно, Сморгонскому райисполкому разрешено строить новое здание широкоэкранного кинотеатра в 1963 г.”
Ну, мясцовыя ўлады зразумелі пажаданне вышэйшай установы літаральна — раз не падыходзіць, дык ламаць і на гэтым месцы будаваць. Вось так з’явіўся ў нас першы і адзіны кінатэатр. “Трудзяшчыяся” валам валілі, што праўда, то праўда. Шмат у чым дзякуючы кінаафішам, якія перамалёўвала, і даволі ўдала, спецыяльная мастачка. Усё марыла я знайсці хаця б адзін з плакатаў, каб упрыгожыць хату. Але казалі, што лічаныя палотны бязлітасна змываліся і маляваліся наноў.
Не ведаю, чаму, але падчас кінасеансу я заўсёды з’ядала блакітны квіток. Напэўна, таму, што кіно — гэта шчасце. І кінаквіток заўсёды павінен быць шчаслівы. Дарэчы, пра квіток у кіно існуе, як гроўж няўлоўны, па змесце верш Ігара Памяранцава. Колькі не чытаю — нешта выслізгвае, і даводзіцца брацца за яго наноў. Ніколі не абмяжуешся адным прачытваннем:
Я их и тогда не мог понять. А теперь бы тем более.
Что они имели в виду? Стояли, будто им наплевать.
Семечками дышали. Стояли, где из кино выходят.
И ты выходишь. Всё в тебе сдавлено, и слёзы,
и пот, и воздух внезапный. А они: “Ну, как фильм?”
Да у них уже билеты в ладонях синенькие.
Что всё-таки имели в виду? И что я мог им ответить?
Может, детдомовцами были? Или кто-то у них умер,
и они спрашивали: Ну, как мне дальше жить?
Почему жить? Или не надо?”
Я таких нигде не встречал, да и в России их больше нет.
А фильмы были классные. Все. Без исключения.
Я таксама іх памятаю. Але было не да цікаўных, бо пасля фільма я баялася сябе. Мне падавалася, што мой твар ператвараецца ў твар галоўнага героя. Сунулася дахаты, кінуўшы найлепшых у свеце кампаньёнак-сябровак, нахіліўшы галаву. Старалася ісці вакольнымі сцежкамі, каб не напалохаць сустрэчных. Да такой ступені дзейнічала кіно. Нават у люстра не зазірала некаторы час пасля кінасеансу. І цяпер калі-нікалі здараецца такое. Але нягледзячы на незразумелы страх ператварэння ў кінапярэваратня, здымацца ў кіно хацелася заўсёды. Вось мы з прыяцелькай неяк гулялі ў гульню “Каго б ты хацела сыграць?”
Я не раздумваючы адказала:
— Міцю Карамазава!
А прыснілася, наадварот, што прапанавалі ролю бухгалтара ў серыяле. Сказалі:
— Мы не маем часу шукаць прафесіянала, але ўпэўнены, што ты справішся. Зрабі заклапочаны твар ды перагортвай сабе паперы..
І я была шчаслівая ў тым сне. Бухгалтар дык бухгалтар. Тым больш што па адукацыі я і ёсць бухгалтар. Які ніводнага дня не працаваў па спецыяльнасці. А для кіно гэта і не патрэбна.
Таня Скарынкіна
Калаж аўтарскі, здымкі з сайта Смаргонь.орг, са сваіх і чужых фотаальбомаў.