Як сябе правільна паводзіць ля крыніцы? Што значыць аброчныя крыніцы? Якія крыніцы ў Беларусі лічацца цудадзейнымі? Каго можна сустрэць каля крыніцы, згодна народным уяўленням?
На гэтыя ды іншыя пытанні адказала ў навукова-папулярнай лекцыі «Вочы зямлі: святыя крыніцы Беларусі» Таццяна Валодзіна, загадчыца аддзела Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, доктар філалагічных навук НАН Беларусі.
Таццяна Валодзіна
Даследчыца зазначыла, што тэма крыніц для яе даўняя і любімая. У 2016 годзе разам з яшчэ адным вядомым навукоўцам, этнолагам, доктарам гістарычных навук Уладзімірам Лобачам Таццяна Валодзіна выдала кнігу «Святыя крыніцы Беларусі». Выданне прысвечана культавым крыніцам беларускай зямлі, іх культурнай гісторыі — шматлікім легендам, паданням, абрадам.
Прапануем найбольш яскравыя вытрымкі з прачытанай лекцыі.
«Ідзем да крыніцы, а молімся Богу»
«Пра тое, што нашыя продкі зусім неабыякава ставіліся да крыніц, мы можам даведацца яшчэ з прац нашага славутага земляка, асветніка і святара Кірылы Тураўскага. Праўда, у сваіх пропаведзях ён асуджаў тое, што нашыя далёкія продкі прыносілі ахвяры крыніцам.
Народнае і хрысціянскае ўспрыманне крыніц за тысячы гадоў прыйшло да вельмі арганічнага і прыгожага выгляду: «Ідзем да крыніцы, а молімся Богу». Гэта вельмі яркі, прыгожы прыклад народнай рэлігійнасці.
Чаму да крыніц такое стаўленне? Па-першае, грае ролю чысціня і празрыстасць крынічнай вады. Яна будзе стаяць доўга, не зацвіце, доўгі час будзе захоўваць свае фізічныя ўласцівасці.
Па-другое, уласна міфалогія вады. Чалавек і сам на вялікі адсотак складаецца з вады. Без яе няма нашага жыцця. Гэта падставовая стыхія, самая важная для чалавека. Мы ўсе выйшлі з яе: зародак ва ўлонні маці знаходзіцца ў вадкасці. Хутчэй за ўсё, якраз эмбрыялагічныя працэсы і сталі падставай для разумення вады як мяжы паміж светамі.
«Вада». Выцінанка Наталлі Сухой
У народных уяўленнях менавіта праз водную перашкоду можна трапіць на той свет ці з таго свету прыйсці ў наш.
Вечны рух
Вада, якая выходзіць наверх у адным месцы і можа назірацца безпасярэдне чалавекам, — сімвал вечнага руху. Мы кажам: каб быць здаровым, трэба пастаянна рухацца. І вось вобраз пастаянна бягучай вады, таксама паўплываў на яе міфалагізацыю. Невыпадкова выраз: «Будзь здаровы, як вада» — гэта эталоннае пажаданне здароўя.
Да гэтых характарыстык дадаюцца ўласцівасці, характэрныя для канкрэтных мясцін. Напрыклад, ідэальна круглая форма крыніцы, глыбіня. Вельмі часта кажуць, што ў крынічак няма дна — колькі б ты туды не запіхваў доўгі кій, ніяк да дна не трапіш. І нават ёсць такія ўяўленні, калі хтосьці паспрабаваў дапяць да дна, прывязваў на вяроўку камень, апускаўся ў тую крынічку, і чуў адтуль голас: «Не мерай вяроўкай, а то памераеш галоўкай». То-бок, дна ў крыніцы прынцыпова няма.
Адметнасцю можа стаць наяўнасць некалькіх ручайкоў. Напрыклад, каскад крыніц у Быхаўскім раёне, дзе вада збягае з рознах месцаў і ўтварае адзін ручаёк. Ці Байковы крыніцы ў Чавускім раёне.
Байковы крыніцы. Фота libmogilev.by
Крыніца «На крыжах» у в. Заслонава Лепельскага раёна — яшчэ прыклад такой незвычайнай прыроднай святыні: чатыры крынічкі зліваюцца разам, утвараючы крыж.
У некаторых выпадках дадаюцца таксама гукавыя характарыстыкі. Гэта замацавалася нават на ўзроўні назваў: Грымячка, Равучы калодеж, Грымякі. Самы яркі прыклад — крынічка ў Чэрыкаўскім раёне з назвай Бразгун. Як расказваюць, вада там настолькі гучна шумела і «брязгала» (мясцовае вымаўленне), што гук быў чутны ў бліжэйшых вёсках. Гэтая крыніца шануецца і сёння, традыцыя яе ўшанавання ўнесена ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Святое месца
Крыніца — святое месца, а не толькі ўласна прыродны знак. Ён праходзіць культурную фармалізацыю: каля крынічкі ўзводзіцца крыж, каплічка ці проста зруб. Існуе вялікая праблема: у імкненні акультурыць, ці як кажуць у высокіх кабінетах «аблагародзіць» месца, у крынічку забіваюць бетоннае кола, у выніку чаго яна можа значна пацярпець.
Гэтая культурная фармалізацыя адбываецца перш за ўсё ў межах народнай рэлігійнасці, хрысціянскіх традыцый. Апеляцыя да хрысціянскіх падзей можа адбівацца на ўзроўні назвы. Напрыклад, у Чашніцкім раёне крынічка так і называецца — Ізус («Можа, Ісус тую ваду асвяціў»). У Сенненскім раёне ёсць крынічка пад назвай Русалім. У Лепельскім раёне крынічка і мясцовасць каля яе называецца — Пад Богам.
Таксама існуе шэраг крыніц, назвы якіх абапіраюцца на легенды пра святых — Барыса-Глебская, Мікольская, Пяцінка.
Крыніца, калодзеж, ключ
На тэрыторыі Беларусі гэтыя адметныя прыродныя аб’екты маюць цэлы шэраг назваў, і адна з іх вельмі яркая, міфалагічная — ключ. Міфалагема ключоў дасылае да матыву адмыкання зямлі або тагасвету. Успомнім песню: пчолачка/птушачка, выляці з-за мора, прынясі нам ключыкі — адамкнуць зямельку, адкрыць Вясну красную... Ключ успрымаецца не проста як месца, а як інструмент для адмыкання тагасветнай прасторы.
Яшчэ адна назва — калодзеж (Дзявічы калодзеж у Полацкім раёне, Татарскі калодзеж у Барысаўскім раёне). Грунтовая вада не заўсёды выходзіць на паверхню, а збіраецца ў калодзежы. У Веткаўскім раёне нават лічаць, што кожны калодзеж святы, а не толькі той, які прайшоў культурную фармалізацыю, асвячэнне.
А самая пашыраная назва — крыніца, крынічка, яна вядомая па ўсёй тэрыторыі Беларусі
Вада б’е, дзе Бог захоча
Крыніца — шлях на той свет. Гэта вока зямлі, якое вынесена ў загаловак лекцыі. Крынічная вада лічыцца «памоцнай» пры хваробе вачэй. І праз гэтыя прыгожыя празрыстыя плямкі «той» свет і ўсё наваколле нібыта глядзяць на нас.
Існуе ўяўленне пра суб’ектнасць крынічак. Гэта азначае, што кожная крыніца, як чалавек, мае свой нораў, характар, звычкі. Яна робіць так, як сама хоча. Гэта адлюстравана ў шэрагу запісаў: «Кальцо паставілі ля тэй крынічкі, дак яна ў кальцо не захацела, у другом месце сабе прабіла» (в. Горы Горацкага раёна).
Суб’ектнасць крыніцы карэлюе з Божай воля: вада б’е, дзе Бог захоча, а не чалавек.
Крыніцы — гэта і адмысловыя месцы, дзе адбываюцца розныя абрады, рытуалы, напрыклад, выкліканне дажджу.
Каго можна сустрэць каля крыніцы?
Сустракаецца шмат запісаў пра тое, што менавіта ля крынічкі можна сустрэцца з міфалагічным персанажам. Гэта асабліва характэрна для Усходняй Беларусі, Падняпроўя. Якраз каля крынічкі ў паданнях часта з’яўляецца Божая маці.
Святая крыніца, дзе на нас сыходзіць Божая ласка — у той жа час месца сустрэчы з самымі рознымі дэманалагічнымі персанажамі: дабрахожымі, русалкай. Можа, хтосьці бачыць тут супярэчнасць, але яе насамрэч ням. Вада, крыніца — месца, дзе сустракаюцца два светы, наш і «той», прадстаўлены самымі рознымі істотамі — ад русалкі да Божай Маці.
Успрыманне крыніцы як увасаблення чысціні, сілы, здароўя пераходзіць у разуменне яе як месца засяроджання сакральнай энергіі.
Зміцер Канаплянікаў запісаў у Веткаўскім раёне вельмі незвычайную гісторыю. Памірала шаптуха, знахарка, і ёй не было каму перадаць свае веды. Яна пераказала іх маленькай унучцы: «за пальчык узяла і перадала». Калі гэтай дзяўчыне споўнілася 16 год, яе як усё адно павяло да крыніцы — яна прыйшла туды і там «атрымала» ўсе тыя замовы і магічныя практыкі, якімі валодала яе бабка-шаптуха. І пасля гэтага моманту дзяўчына пачала лекавую практыку. Для нас істотны той факт, што яна пайшла менавіта да крыніцы.
Храм, які праваліўся
Існуе шэраг паданняў пра паходжанне крыніцы. Людзі кажуць: у нас святая крынічка, тут была царква (ці касцёл), і яна правалілася. І калі прыйдзеш на тое месца ў Святую ноч, на Вялікдзень — і апоўначы пачуеш званы. Такіх гісторый у Беларусі вельмі шмат.
Крыніца становіцца такім месцам, адкуль сакральная энергія пераходзіць у свет людзей. Фактычна гэта месца — і ёсць храм.
Другая прыступка сакралізацыі крыніцы — гэта з’яўленне ля яе іконы, шанаванага абраза. Кожнаму беларусу, напэўна, знаёмы абраз Жыровіцкай Божай маці, які з’явіўся на грушцы, ад якой пабегла крынічка (гэтае месца сёння знаходзіцца пад храмам). Але на тэрыторыі Жыровічаў ёсць яшчэ некалькі крыніц, да якіх сёння людзі прыходзяць пакланіцца, набраць вадзічкі. А калі ля крынічкі з’яўляецца Божая маці — гэты факт засведчаны ў легендах.
Нешматлікі блок легенд пра паходжанне крыніц звязаны з тым, што яе знаходзіць хатняя жывёла: як раку Бярэзіну выкапала свіння, так і адносна крынічкі: вол ступіў, і з-пад яго капыта забіў струмень (Петрыкаўскі раён).
Дзівоснае ацаленне
Найбольшая колькасць легендаў распавядае пра дзівоснае ацаленне. Нехта бачыць у сне (а сон — гэта канал сустрэчы светаў), што яму трэба пайсці ў лес, знайсці там крынічку і памыць вочы. Самая знакамітая гісторыя пра такое дзівоснае ацаленне звязаная са святой крыніцай Пустынкаўскага Свята-Успенскага манастыра ў Мсціслаўскім раёне. Князю Лугвенію-Сімяону, сыну Альгерда, у сне з’явіўся старац, які загадаў ісці ў пустынь і памыць вочы ў крыніцы. Князь так і зрабіў — адразу сышла цемень з вачэй, і ён стаў бачыць. А побач у галлі цяністай ліпы чакаў ячшэ адзін цуд — абраз Божай маці. Удзячны князь загадаў узвесці там капліцу, а затым і манастыр.
Пацераеўская крыніца. Фота: fotobel.by
Шэраг паданняў звязаны з рознымі асобамі. Напрыклад, Пацераеўская крыніца ў Шклоўскім раёне. Там нібыта праязджаў Пётр І і згубіў сваю шапку — «паціряў». Так і стала крыніца Пацераеўскай.
Крыніца — дзяўчына
У паданнях пра славутую Блакітную крыніцу (Сіні калодзеж) ля в. Кліны Слаўгарадскага раёна расказваецца: дзяўчына, за якую біліся два хлопцы і перамог нялюбы, стала крыніцай.
Фота з Вікіпедыі. Сіні калодзеж
На ўзор такой метамарфозы «дзяўчына — крыніца», на тэрыторыі Беларусі існуе цэлы блок паданняў. Напрыклад, у запісе з Веткаўскага раёна крыніца апісвавецца як дзяўчына: «Там сенакосы Ігнацёнкавы былі. Крыніца была. Каля яе куст быў. Трава кругом і кусты. Жэншчына жала і зжала той куст. І ёй рэч атабрала. І прыснілася ёй крыніца і кажа: "Нашто ты маю касу абрэзала?"» (в. Казацкія Балсуны).
Аброчныя крыніцы
Вельмі цікавая з’ява, распаўсюджаная ва Усходняй Беларусі, у зоне Падняпроўя — аброчныя крыніцы. Гэта адна з формаў народнай рэлігійнасці. Напрыклад, у чалавека здарылася гора — захварэў ён сам ці яго дзіця. І тады ён дае Богу абяцанне штосьці зрабіць: пойдзе пешшу ў Кіеў у Пячэрскую лаўру, не будзе гарэлку піць ці злосна лаяцца. Або упарадкуе крынічку і будзе пастаянна ёю апекавацца.
Як свайго роду абраканне паміж чалавекам і сферай «сакрум» выступае звычай чысціць крыніцы. Гэтыя аброчныя рытуалы станавіліся своеасаблівым спосабам выяўлення «нячэснай» — дзяўчыны, якая не захавала цнатлівасць да шлюбу. Чысціць крыніцу мела права толькі чыстая дзяўчына. Напрыклад, збіраюцца вясковыя дзяўчаты перад святам і ідуць да крыніцы кампаніяй — як гэта адна не пойдзе?
Запісаны цэлы шэраг такіх гісторый, дзе крынічка на «нячэсную» дзеўку пачынае пырскаць кіпнем і яе апякае. Ці калі нясуць ікону да крыніцы, чуем ад носьбітаў: «Каторая ўжо ня дзевачка, пальчык во так прыторне, і яна ўжо скрып-скрып». Гэта значыць, ікона, што нясуць да крыніцы, рэагуе на «нячэснасць» дзяўчыны. Гэта вельмі моцны паказчык святасці крыніцы, яе абсалютанай чысціні. І ўсё, што вакол яе, таксама мусіць адпавядаць гэтаму статусу.
І тады яны нам адгукнуцца...
Як сябе правільна паводзіць ля крыніцы? Самы распаўсюджаны адказ ад інфармантаў: крынічцы трэба заплаціць. Раней у ваду кідалі манетку, прыносілі ручнікі, якія вешалі на крыжы ці на дрэвы побач з крыніцай.
Бывае, што дарога да крыніцы вельмі дрэнная, не на кожнай машыне праедзеш. І калі ты пойдзеш туды пешшу і ўкленчыш з малітвай і шчырай просьбай, тады можна спадзявацца, што вадзічка дапаможа.
На нас — вялікая адказнасць за крыніцы. Бо гэта, у адрозненне ад каменя, вельмі ўразлівы аб’ект. Крынічку вельмі лёгка пакрыўдзіць. І тое «добраўпарадкаванне», якое праводзяць сельсаветы ці святары, не заўжды карэктнае. Дзякуй ім за падтрымку крыніц. Але часта мы назіраем чыста спажывецкае стаўленне, якое не мае нічога супольнага з сапраўдным шанаваннем крыніц. Давайце ставіцца да крынічак з павагай, і тады яны нам адгукнуцца.
***
Магчыма, гэтая лекцыя і вытрымкі з яе дапамогуць камусьці па-новаму зірнуць на тыя прыродныя аб’екты, якіх так багата на нашай зямлі. Мо, у вас на лецішчы, у бацькоўскай вёсцы ці каля хаты ёсць крынічка? Што вы ведаеце пра яе? Ці дапамагаеце яе добраўпарадкаваць? Ці бярэце адтуль ваду, ці аналізавалі яе склад?
А мы запрашаем вас наведаць іншыя навукова-папулярныя лекцыі ў межах марафону навукова-папулярных лекцый, прымеркаванага да 20-годдзя часопіса «Навука і іннавацыі».
Лекцыі будуць чытацца цягам усяго месяца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы ім.Якуба коласа (Мінск, вул. Сурганава, 15), уваход вольны. Падрабязней — на сайце бібліятэкі.
Чытайце яшчэ:
Сіні калодзеж vs Голубая криница. Пра супрацьстаянне гістарычных і этнакультурных наратываў на прыкладзе знакамітай крыніцы піша Зміцер Скварчэўскі.
Вольга Загорская, budzma.org