Кожны беларус хоць раз у жыцці капаў бульбу, а пасля насалоджваўся стравамі са здабытага ўраджаю. Беларуская кухня за амаль два стагоддзі захавала дзясяткі рэцэптаў, дзе галоўным інгрэдыентам з’яўляецца бульба. Ёсць нават стравы, дзе спалучаецца на першы погляд неспалучальнае. Да прыкладу, мак, цукар і бульба. Прыгатуем жа трыдыцыйную, але амаль забытую беларускую страву — таўканіцу з макам.
Як беларусы спалучылі мак і бульбу?
Бульба стала папулярнай у нашых продкаў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Нездарма яе сталі называць другім хлебам. Гэты прадукт быў на стале амаль штодня, з яго гатавалі вялікую колькасць страваў. Адна з іх — таўканіца, цяпер мы яе ведаем як бульбяную кашу. Мода на таўчоную бульбу прыйшла з Францыі, дзе страва называлася «purée» (ад дзеяслова «purer» — ачышчаць). У нас назва пайшла ад адмысловай прылады — таўкача, якім бульбу даводзілі да кансістэнцыі пюрэ.
Таўканіцу гатавалі як у посным варыянце, так і з рознымі начыненнямі. На першы погляд падаецца, што самым распаўсюджаным дадаткам да бульбяной кашы было смажанае сала з цыбуляй, але так склалася не адразу. Першапачаткова таўканіцу падавалі з макам і кубкам малака. Бульбяную кашу, праслоеную макам, маглі яшчэ запячы ў печы або проста давалі астыгнуць, каб яна стала падобнай да бульбянога пірага. Вышэйшыя саслоўі ўжывалі з такім гарнірам птушку.
Таўканіца не адзіная страва з бульбы, куды дадавалі мак. З макавым начыненнем нават смажылі дранікі ці дадавалі ў бульбяныя клёцкі або цеста для абаранак.
Чытайце яшчэ: Пышная здоба макаўка на Раство. Гатуем з «Будзьма!»
Як прыгатаваць таўканіцу
Бульбу трэба пачысціць і зварыць да гатоўнасці ў прысоленай вадзе.
Дадаць добры кавалак масла, паступова ўліваць вяршкі, прамінаючы бульбу таўкачыкам. Таўчы бульбу трэба, пакуль маса не стане падобнай па кансістэнцыі на крэм.
Мак заліць гарачай вадой і даць настаяцца каля 30 хвілін, потым вадкасць зліць, у мак дадаць цукар па смаку і пратаўчы таўкачыкам.
Форму, у якой будзе падавацца страва, злёгку змазаць алеем, выкласці слаямі бульбу і мак. Даць астынуць, каб бульбяная маса «схапілася». Пры падачы можна ўпрыгожыць лістком пятрушкі. Падаваць страву можна з малаком.
Смачна есці!
На 5–6 порцый спатрэбіцца:
• Бульба — 1 кілаграм
• Вяршкі — 150 мілілітраў
• Мак — 100 грамаў
• Масла — 60 грамаў
• Соль і цукар — па смаку
Чытайце яшчэ: Печаная бульбяная каўбаса. Гатуем «бульбянку» разам з «Будзьма!»