Рэйтынг — рэч суб’ектыўная і далёка не заўсёды галоўная. А часам нават шкодная. Таму мы вырашылі не рабіць тэатральнага рэйтынгу, а сабраць для вас цёплыя ўспаміны аб некалькіх вельмі разнастайных і яскравых тэатральных падзеях сыходзячага года.
Глыбока-філасафічны артхаўс у выкананні двух актораў (Аляксей Сапрыкін, Мікалай Стонька) дзякуючы выразнасці абранага перфарматыўнага і сцэнаграфічнага падыходу стварае ўражанне, што насамрэч усіх і ўсяго на сцэне даволі шмат.
Сцэна са спектакля «Канец паўкабана» (рэж. Юры Дзівакоў). Фота: Аляксандр Валодзін
Назіранне за спецыфічным эксперыментальным рэжысёрскім (Юры Дзівакоў) і харэаграфічным (Паўліна Пракапюк) увасабленнем складанага метафізічнага эсэ Гельмута Кайзара выклікае ў гледача дрыжыкі па целе і пагружае ў свет вельмі далёкі і падсвядомы.
Сцэнічна-паэтычнае апавяданне ў выкананні трупы «Тутэйшыя» прысвечана трагічнай падзеі, якая адбылася ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года — «Ночы расстраляных паэтаў», калі НКВД было забіта каля 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.
Сцэна са спектакля «Святло ў цемры» (рэж. Андрэй Саўчанка). Фота: Bartek Warzecha
Спектакль прываблівае шматлікасцю тэмаў і вобразаў, прыдуманых і скампіляваных рэжысёрам Андрэем Саўчанкам разам з удзельнікамі пастаноўкі. Атмасферная напружанасць музыкі (Эрык Арлоў-Шымкус) і псіхалагічны ціск некаторых элементаў сцэнаграфіі (Юры Дзівакоў) адчыняюць дзверы ў душы людзей, якія хоць і загінулі за свае ідэі, але працягваюць жыць у сваіх неўміручых творах дзякуючы нашай павазе і памяці.
Адаптацыя аднайменнага рамана Альгерда Бахарэвіча на тэму «ўлады і нацыі, цаны слова і славы» цікавіць сваёй мінімалістычнай сцэнаграфіяй і адначасова вялікай колькасцю задзейнічаных артыстаў.
Сцэна са спектакля «Плошча Перамогі» (рэж. Аляксандр Гарцуеў). Фота: Аляксандр Валодзін
«Лес» з масоўкі парадаксальна (на карысць спектакля) атрымоўваецца вельмі разнастайным і эмацыйным, а выканаўчы стыль перадусім галоўнага героя (Мікалай Стонька) нават дазваляе ўбачыць персанажа Бахарэвіча з крыху іншага, псіхалагічна глыбейшага ракурсу. Адметна, што рэжысёр Аляксандр Гарцуеў выкарыстаў у сваёй пастаноўцы ўласныя сюжэтныя рашэнні, якіх не знайсці ў арыгінальнай кнізе, што дадае спектаклю неабходны падзейны накал.
Адна з самых гучных беларускіх прэм’ер 2023 года, якая адбылася на сцэне лонданскага тэатра Barbican.
Сцэна з оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» (рэж. Мікалай Халезін, Наталля Каляда). Крыніца: Фэйсбук Мікалая Халезіна
Артысты Беларускага свабоднага тэатра пад кіраўніцтвам Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды ўдыхнулі новае жыццё ў легендарны раман Уладзіміра Караткевіча — якому, дарэчы, не было занадта лёгка дагадзіць з адаптацыяй ягоных твораў.
Цяжка сказаць, ці ацаніў бы Уладзімір Сямёнавіч сцэнічнае бачанне каманды Беларускага свабоднага тэатра, але сінтэз чулліва-кранальнага акторскага выканання і арыгінальнага сцэнаграфічнага вырашэння, безумоўна, вартыя прагляду гэтай оперы.
Гіпнатызуючая дзея паводле п’есы Сяргея Кавалёва прадстаўляе гледачу даволі незвычайную для купалаўскіх артыстаў эстэтыку, і, здаецца, абсалютна нармальную — для польскага рэжысёра Паўла Пасіні. Зіхатлівая і адважная, гэтая метафізычна-крывавая перфарматыўная бездань з глыбокім актуальным сэнсам суправаджаецца жывым і даволі размытым музычным фонам у выкананні рэжысёра і яго калегі Марціна Судзіньскага.
Сцэна са спектакля «Камедыя Юдзіфі» (рэж. Павел Пасіні). Фота: Maciej Rukasz
Ідэальная імпрэза для сапраўдных тэатральных гурманаў, дзе Аляксандр Гарцуеў упершыню грае адной толькі галавой, а Зоя Белахвосцік апранутая ў касцюм, фотаздымкі з якім блакуе нават Фэйсбук.
Даволі цяжкая, але дакладная, «правільная» пастаноўка з пункту гледжання эмацыйна-маральнага, якая цалкам прысвечана тэме беларускіх падзеяў 9-14 жніўня 2020 года. Нягледзячы на вялікую колькасць нецэнзурнай лексікі, адаптацыя п’есы Сяргея Гірыта рэжысёрам Андрэем Новікам па-спартанску адлюстроўвае усю гвалтоўнасць і безвыходнасць сітуацыі з затрыманымі пратэстоўцамі, актывістамі, журналістамі і проста не згоднымі з сучасным рэжымам, якія ў адзін момант робяцца ахвярамі рэпрэсіўнай машыны, а дакладна — аднаго з яе механізмаў, беларускіх РАУСаў.
Сцэна са спектакля «Мора Хрысціны» (рэж. Андрэй Новік). Крыніца: Komuna Warszawa
Спектакль распавядае жорсткую праўду аб тых зверствах і катаваннях, якія трываюць у Беларусі і па сённяшні дзень.
Музычны перформанс паводле аднайменнай п’есы сучаснай беларускай драматургіні пад псеўданімам NoName67 — гэта моцная феміністычная споведзь у рэжысуры Паліны Дабравольскай, якая адгукаецца менавіта сваёй шчырасцю і ўзроўнем выпраменьванай жаночай сілы і энергіі. Паэтычны маніфест, які распавядае пра асабістыя траўмы, разважанні аб сэнсе жыцця, навакольным страху, важнасці сяброўства і падтрымкі, а таксама пра адчуванні гераіні ў кантэксце падзеяў у Беларусі ў 2020 годзе.
Сцэна са спектакля «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча» (рэж. Паліна Дабравольская). Фота: Кацярына Ігнашэвіч
Спектакль цікавы аўтарскай музыкай Кацпер Словік-Дабравольскай, уручную зробленымі элементамі сцэнаграфіі і змешаным акторскім складам, у які ўваходзяць не толькі беларускія акторкі, але таксама польскія і ўкраінскія, што дадае пастаноўцы актуальнага гучання.
Сцэнічнае прачытанне дакументальнай кнігі-даследавання Сяргея Лескеця «Шэпт» у форме перфарматыўнай чыткі прыадкрывае гледачу некалькі старонак з доўгага падарожжа аўтара і вядзе ў загадкавы свет традыцыі лекаваннем шэптам і зёлкамі — свет беларускай вясковай магіі. Шматразовае пераўвасабленне ў рознатыповыя вобразы бабуляў-знахарак у выкананні Святланы Анікей выклікае абсалютнае захапленне магчымасцямі акторскага майстэрства.
Сцэна са спектакля «Шэпт» (рэж. Раман Падаляка). Фота: Ксенія Васілеўкіна
Недавымоўленасць таямнічага, нават крыху містычнага рэжысёрскага бачання Рамана Падалякі пакідае шмат пытанняў, якія падахвочваюць не толькі перачытаць твор Сяргея Лескеця, але яшчэ й больш уважліва ўгледзецца ў кожны зроблены ім аўтэнтычны фотаздымак.
Монаспектакль у выкананні Зоі Белахвосцік з’яўляецца, па сутнасці, сапраўдным тэатральна-навуковым даследаваннем.
Сцэна са спектакля «Мой Глеб» (рэж. Аляксандр Гарцуеў). Фота: Malina Łukasiewicz-Stojańska
У ім Народная артыстка Беларусі распавядае вельмі багатую і насычаную гісторыю ўласнай сям’і — тэатральнай дынастыі, якая дзякуючы сваёй крапатлівай працы і таленавітасці фактычна ўвасобілася ў пяці пакаленнях сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску. Камбінацыя рэдкіх архіўных праекцый, моцных спеваў Зоі Белахвосцік і яе невялічкіх тэатральных эцюдаў на працягу ўсяго монаспектакля запрашае гледача ў госці да легендарнай сям’і і дзеліцца, бадай, самым важным і патаемным — цёплымі асабістымі ўспамінамі.
Наталля Міхаліна Скарынка, budzma.org
Чытайце яшчэ: Паміж рэпрэсіямі і эміграцыяй. Несуцяшальныя вынікі 2023 года ў беларускім кіно