На пачатку снежня ў Гомельскай гімназіі № 36 імя І. Мележа адбыліся 13-ыя Мележаўскія чытанні з удзелам пісьменніцы Ларысы Раманавай у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. У іх удзельнічалі вучні і настаўнікі сярэднеадукацыйных школ Гомельшчыны, асобных беларускіх гарадоў. Удзельнікамі чытанняў былі госці Беларусі — настаўнікі і вучні з Украіны і Расіі.
Адметнай старонкай Мележаўскіх чытанняў была літаратурная сустрэча і выстава “Неглюбскія ручнікі”, наладжаныя Ларысай Раманавай, вядучым навуковым супрацоўнікам Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. Экспанавалася 15 ручнікоў, якія захоўваюцца ў фондах музея. Ручнікі вытканы пераважна ў 1970-80-ыя гады. Адзін з ручнікоў, бела-чырвоны, быў вытканы на пачатку ХХ ст.
Ларыса Раманава распавяла пра гісторыю вёскі Неглюбка, пра неглюбскую традыцыю ткацтва, у якой налічваецца больш за дзвесце мясцовых назваў узораў. Гэта — “лапа”, “крючча”, “крывуля малая”, “крывуля вялікая”, “хрясты кучярявыя”, “расколкі”, “вядзьмедзі”, “казёл”, “васьмірогі”, “вароньняе вочка”, “яблакі”, “цэрькаўкі”, “сады”, “самавары”,”пагоны з павуком”, “крыльле”, “верябей” (“нямы”, “відушчы”, “прасты” (“сляпы)”, “пусты”, “сьляпы абтыканы”, “з вочкам”, “відзяшчы”, “зоркі”), “веряб’і суплошныя”, “зьвёздачкі” і г.д.
Некаторыя з гэтых узораў можна было ўбачыць на ручніках падчас выстаўкі. Назвы — сімвалічныя, і, разам з тым, вельмі паэтычныя.
Ткацтва Неглюбкі як феномен мастацкага традыцыйнага светабачання не засталося па-за ўвагай Анатоля Сыса. Згадайма, што ў 1984 годзе паэт працаваў у “Перамозе Кастрычніка” (так у той час звалася веткаўская раённая газета”; на 1970-80 гады прыходзіцца росквіт неглюбскай традыцыі ткацтва).
Ластаўка ў беларускай міфалогіі — чыстая, святая птушка, надзеленая жаночай сімволікай. У некаторых песнях яна прыпадабняецца да Маці Божай. Паводле легенды аб укрыжаванні Ісуса Хрыста ластаўка вымала “калючкі”-шыпы з цярновага вянка, падносіла ваду. Таму звітае гняздо ластаўкі ва ўяўленнях беларусаў забяспечвае шчасце ў доме, вялікі грэх — яго разбураць.
Як даўней, так і цяпер ручнік, той, што вісіць на Покуці — ахоўнік роду (і лёсу), абавязковы таемны суразмоўца (не трэці лішні) у дыялогу “чалавек-Бог”. Аднойчы ў размове неглюбчанка, Соф’я Сямёнаўна Прыходзька, 1931 г.н., заўважыла: “… рушнік жа — ета Божжая адзёжка!” Узоры на ручніках — аналагічна — ствараліся няпростыя: боскія…
Пераважна бела-чырвонымі былі неглюбскія ручнікі, вытканыя ў канцы ХIХ ст.-пачатку і сярэдзіны ХХ ст. З нітак самых розных яркіх колераў пачалі ткаць ручнікі ў Неглюбцы, неглюбскіх пасёлках у 1950-60 гады. Чорны колер з’явіўся на неглюбскіх ручніках у 1930-ых гадах.
Ткачыхі давалі свае, мясцовыя назвы нават некаторым колерам: “гаряшчы” (аранжавы, памаранчавы), зеленкаваценькі, галны (пунцовы, колеру кветак — Божых слезак), “паткаць куряняткамі”— паткаць ніткамі светла-жоўтага колеру.
Звычайна ўзорныя канцы неглюбскіх ручнікоў пачынаюцца белым колерам.
“— Ну а як жа? — здзіўлялася пытанню “Чаму так?” Настасся Іванаўна Грынькова, ткачыха з пасёлка Ляда. — Перва ж пачынаецца белым палатно. Як палатно начынаецца — белым патчэш. А тады ўжо — “калодачкі”, наборам, ці так — закладаначкі. А нада белае ўсёраўно. Кажуць:”Нада зарубіць, нада белага наткаць”. А чаго ж? Ты жа ня будзеш — з чырвонага адразу, а ўжо ж — з беленькага. Белы цьвет — харошы. Ён жа — усюдах, усюдах. І бела… Дзе ні, дзе ні — усё еты: белы і белы”.
Менавіта гэтай цудоўнай жанчыне, найвялікай жыццялюбцы, якая родам — з-пад Неглюбкі, ды іншым жанчынам, якія стваралі і ствараюць свае ўласныя тэксты ўзорамі ручнікоў, прысвечаны верш Ларысы Раманавай “Сцежкаю да зімы”:
Сеецца час праз сіта
і вырастае ў слова.
За межамі небасхілу
вандруе вольная мова,
знаймаецца* са шляхамі
нябачных сцежак птушыных,
зімуе сівернай ноччу
у клеці на мяккай пярыне,
сыходзіць ў такую далеч! —
далей, чым храм Саламона…
А пачынаецца з простага:
“ма”,
“мамачка”,
“мама”…
“Крыласцік” ** — любая мова.
*Знаймацца (неглюбск.) — вітацца з абразамі
**Крыласцік — так называлі ў в. Іпалітаўка Чачэрскага раёна ў 1950-70 гады тканую хустку з узорамі па краях. Ёй накрывалі дзіця, калі неслі хрысціць у царкву.
На выставе “Неглюбскія ручнікі” ў Гомельскай гімназіі быў… лён, які вырас у полі, і “Лён” — найбольш поўнае выданне літаратурнай спадчыны выдатнага беларускага паэта Анатоля Сыса (1959-2005), выдадзенае ў мінскім выдавецтве “Кнігазбор” праз год пасля апошніх зямных дзён паэта. “Будзьма” — назва аднаго з вершаў Анатоля Сыса, слова, якое часта гучала ў яго мінскай кватэры і бацькоўскім доме ў Гарошкаве. Будзьма беларусамі — людзьмі, хто шануе песні продкаў і складае свае, сённяшнія, хто ведае гісторыю сваіх мясцін і стварае сваю, сённяшнюю, хто ведае знакамітыя імёны Бацькаўшчыны і стварае яе сённяшні дзень.
11 снежня ў Веткаўскай гімназіі адбылася літаратурная сустрэча, прысвечаная радаснай гістарычнай падзеі — уручэнні Нобелеўскай прэміі беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч. Удзельнікамі сустрэчы былі вучні 10-11 класаў. Вучні чыталі тэкст Нобелеўскай лекцыі, з якой Святлана Аляксандраўна выступіла ў Стакгольме, знаёміліся з яе кнігамі, старонкамі біяграфіі. Узгадвалі пра тое, што некалькі гадоў Святлана Аляксандраўна жыла ў в. Прысно Веткаўскага раёна, вучылася ў пачатковых класах Прыснянскай сярэдняй школы. Прачыталі артыкул “Наш Нобелеўскі лаўрэат,” які з’явіўся ў веткаўскай раённай газеце “Голас Веткаўшчыны” неўзабаве пасля таго, як стала вядома, што выдатная беларуская пісьменніца ўганаравана самай прэстыжнай літаратурнай прэміяй у свеце.
Літаратурныя сустрэчы ў Гомельскай гімназіі № 36 імя І. Мележа і Веткаўскай гімназіі ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі”. Іх удзельнікі атрымалі падарункі — цікавыя паштоўкі, кнігі сучасных беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, асобныя нумары мастацка-літаратурнага часопіса “Дзеяслоў”.
Яніна Бельская