20 студзеня ў Брэсцкім абласным ліцэі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася творчая сустрэча сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянціны Восіпавай з навучэнцамі ліцэя. Паэтка пазнаёміла слухачоў з асноўнымі тэндэнцыямі сучаснай беларускай літаратуры і яе дасягненнямі, распавяла аб найбольш значных і ўплывовых сучасных літаратарах. З асаблівай цікавасцю ўспрынялі навучэнцы ліцэя вершы маладых паэтаў, якія ім зачытала Валянціна Восіпава. Паэтка таксама пазнаёміла слухачоў і з уласнай творчасцю, асноўнай тэмай якіх з’яўляюцца праблемы сучаснасці і трывога за будучыню чалавецтва.
ГЛІНЯНЫ ЧАРВЯК
Пагардлівы позірк гор –
Нікчэмны гліняны чарвяк!
У чорных улоннях пячор
Навошта майструеш цясак?
Уважлівы позірк гор –
Мужнее гліняны род:
Няўжо пераможа мор,
Бо зведаў да ведаў код?
Пакутлівы позірк гор,
Прымятых шыпамі шын:
Нявечыць спакой напор
Нахабных смуродных машын.
Прыжмураны позірк гор –
Глядзяць засяроджана ўніз:
Бясконцы крывавы сыр-бор –
Ці глупства ці нейкі капрыз?
Спалоханы позірк гор –
І што ты задумаў, чарвяк?!
Навошта рыхтуеш касцёр
З уранавых кулябяк?
Насмешлівы позірк гор –
Які ты ўсё ж ідыёт:
Да звіліны звузіў прастор
І знішчыў амаль што род.
…Трывога ў позірку гор –
Вярнуўся настырны чарвяк!
У чорных улоннях пячор
Майструе каменны цясак…
Актыўна ўдзельнічалі вучні ў літаратурнай віктарыне і ў конкурсе на найлепшае пытанне. Вельмі ўразіла не толькі вялікая цікавасць да беларускасці і сучаснага літаратурнага працэссу, але і глубокае яго веданне. Найбольш цікавым было вызначана пытанне да сайта “Будьма беларусамі!”: “Ці плануецца ў далейшым рабіць новыя анімацыйныя ролікі па гісторыі Беларусі, якія так падабаюцца берасцейскай моладзі?”. Найбольш актыўныя ўдзельнікі атрымалі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” паштоўкі, майку і часопісы.
22 студзеня ў школе № 18 г. Брэста таксама прайшла літаратурная сустрэча паэткі Валянціны Восіпавай з вучнямі 10-11 класаў у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. На сустрэчы таксама прысутнічалі паэты Алесь Каско і Святлана Варонік. Вучні з цікавасцю слухалі вершы берасцейскіх паэтаў, бралі актыўны ўдзел у віктарыне, якую правяла Валянціна Восіпава і выказалі пажаданне часцей сустракацца з беларускімі літаратарамі. Актыўныя ўдзельнікі былі ўзнагароджаны памятнымі сувенірамі і часопісамі.
23 студзеня вучні базавай школы г. Бярозы з цікавасцю слухалі новыя вершы сучасных беларускіх паэтаў, з якімі іх пазнаёміла Валянціна Восіпава пад час творчай сустрэчы ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Прагучалі і ўласныя вершы паэткі з цыклу “Воблікі паэтаў срэбнага веку”.
АЛЯКСАНДР БЛОК
Ён ведаў…
Несумненна, ведаў
Пачаткі і канцы асноў,
Дзе лёс, як звер, ішоў па следу
Крываваму.
І час прыйшоў…
Куміра світку зняў Паэт –
Слуга сабе і праўдзе Божай,
Так, як Паэта адзіна можа –
Уславіў растаптаны свет.
Ён бачыў твар пачварнай драмы,
Вянец цярновы на Любві.
Ён стаў цаглінкаю для храма,
Узведзенага на крыві.
Пасля правядзення літаратурнай віктарыны самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі паштоўкі, торбачкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.