Летась мультыдысцыплінарная артыстка Анастасія Рыдлеўская выпусціла песню Dance On My Own, якая стала сапраўдным гімнам незалежнасці і павагі да сябе — і набрала найбольшую колькасць праслухоўванняў у яе каталогу больш за 650 тыс праслухоўванняў. Музычнае відэа на песню зняла рэжысёрка з Беларусі Дар’я Madsangria, вядомая па працах з Kubi producent (19 млн праглядаў), White 2115 (5 млн праглядаў), Kinny Zimmer (700+ тыс. праглядаў), а таксама па супрацы з лэйблам Sony Music.
Праз год беларускі дуэт вяртаецца з новым творам — кліпам на песню Isolde з сёлетняга альбома Snake Charmer. У відэа ведзьмы ладзяць свой крыважэрны шабаш — але ці ўсё такое, якім здаецца?
«Для мяне кліп Isolde — гэта пра моцную жаночую энергетыку, — кажа рэжысёрка Madsangria. — Гэта гісторыя пра дзяўчыну, у якой спалох пераўтвараецца ў сілу і храбрасць. Але сама гісторыя ў кліпе для мяне — другасная. На першым месцы — адчуванні, якія застануцца ў гледача пасля прагляду. Мне важна, каб гэту працу адчулі.
У гэтым кліпе шмат таго, што я даўно хацела рэалізаваць, але мне заўсёды казалі: «Даша, нельга, бо 18+ моцна зніжае ахопы». У першым кліпе Насці Dance on My Own я толькі прыадчыніла дзверы сваіх жаданняў. А тут — вырашыла расчыніць іх напоўніцу! Я зняла так, як хацела».
«Я непамерна радая, што кожны кліп, які мне пашчасціла стварыць з таленавітымі людзьмі, — працягвае Анастасія, — не паўтарае песню, а стварае ўласнае аўтарскае бачанне, якое ўсё ж злучаецца з маёй творчасцю чырвонымі ніткамі — вайбам і пачуццямі. Так пашыраецца мой універсум і нараджаецца трэцяя прастора паміж творчымі светамі».
паводле прэс-рэліза