Топ-5 архітэктурных перлінаў Шчучыншчыны: гайд ад «Будзьма!»

Лета — самы час для вандровак. Падарожнікаў, якія завітаюць на Шчучыншчыну, чакае шмат цікавага. Каб не разгубіцца ды нічога не прапусціць, сабралі для вас 5 архітэктурных аб’ектаў Шчучынскага раёна, якія варта пабачыць кожнаму турысту.


1. Мураванка, царква Нараджэння Божай Маці


1.jpg

Фота: planetabelarus.by


2.jpg
Ф
ота: budzma.org

Гатычная абарончая царква Святой Багародзіцы ў Мураванцы — адзін з сімвалаў Шчучыншчыны. Гэта адна з дзвюх захаваных гатычных цэркваў абарончага тыпу ў Беларусі. Будынак мае ўсе рысы, характэрныя для абарончых пабудоваў, таму царкву ў вёсцы Мураванка нават можна назваць царквой-замкам. Яна адметная тым, што не мае размежавання сакральнай і абарончай прасторы, байніцы можна заўважыць нават у алтарнай частцы царквы.

Пра час пабудовы храма даследчыкі спрачаюцца да сёння, імаверна, ён быў узведзены ў перыяд з 1516 па 1542 год, калі трэба было бараніцца ад нападнікаў з суседняй Масковіі і яе хаўруснікаў.

3.jpg
Фота: budzma.org

4.jpg
Фота: budzma.org

Унутры варта звярнуць увагу на ўнікальныя «зоркавыя» і «сотавыя» скляпенні, якія захаваліся ў выдатным стане з ХVI стагоддзя. Царква неаднойчы перабудоўвалася, апошні раз — у 1871-1872 гг, калі былі надбудаваная дзве вежы са званіцай.

Царква за сваю гісторыю пабыла праваслаўнай, уніяцкай, каталіцкім касцёлам. За савецкім часам была закрытая, і вернутая вернікам толькі ў 1990 годзе.

5.jpg
Фота: Алесь Мацеша

5-1.jpg
Фота: Алесь Мацеша

2. Жалудок, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі 

Касцёл у Жалудку асвечаны ў гонар Унебаўзяцця Панны Марыі ўзведзены з бутавага каменю і цэглы ў 1854 годзе ў стылі позняга класіцызму паводле праекта архітэктара Караля Падчашынскага — навукоўца і тэарэтыка позняга класіцызму. Пад алтаром у касцёле знаходзіцца крыпта, дзе пахаваны Антоній Тызенгаўз — самы знакаміты прадстаўнік роду Тызенгаўзаў. Антоній — дзяржаўны дзеяч, падскарбі, гарадзенскі староста часоў апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Касцёл у Жалудку ўнесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

6.jpgФота: planetabelarus.by

7.jpg
Фота: planetabelarus.by


3. Жалудок, палац Святаполк-Чацвярцінскіх 

Сапраўднай перлінай з’яўляецца палац апошніх гаспадароў Жалудка Святаполк-Чацвярцінскіх. Толькі ў лянівых фатографаў яшчэ няма серыі фотаздымкаў у інтэр’ерах гэтага будынка, якія захаваліся ў добрым стане. Невыпадкова гэты палац стаўся дэкарацыяй для беларускага фільма жахаў «Масакра», але, кажуць, што менавіта гэтыя здымкі кепска паўплывалі на захаванасць палаца.

8.jpg
Фота: planetabelarus.by

9.jpg
Фота: planetabelarus.by

Палац спраектаваны архітэктарам Уладзіславам Марконі ў пачатку ХХ стагоддзя. Ён спалучыў у сабе рысы класіцызму і ўжо не надта моднага на той час барока. Навокал палаца быў закладзены рэгулярны парк. Лёс гаспадара Людовіка Святаполк-Чацвярцінскага склаўся трагічна, у 64 гады ён загінуў у Асвенціме.

10.jpg
Фота: Алесь Мацеша

10-1.jpg
Фота: Алесь Мацеша

10-2.jpg
Фота: Алесь Мацеша

4. Ражанка, Касцёл Пятра і Паўла 

У сённяшняй вёсцы Ражанка немагчыма прамінуць касцёл Пятра і Паўла 1827 года пабудовы. Фасад касцёла ўпрыгожвае герб колішніх уладальнікаў Ражанкі — роду Пацаў. Менавіта на замову Людвіка Паца паводле праекта Генрыха Марконі касцёл і быў збудаваны ў сучасным выглядзе ў неагатычным стылі

11.jpg
Фота: planetabelarus.by

11-1.jpg
Фота: vedaj.by

5. Старыя Васілішкі, Петрапаўлаўскі касцёл 

Турысты звычайна едуць у Старыя Васілішкі як на радзіму «польскага Бітла» Чэслава Немана, каб наведаць дом-музей знакамітага музыкі. Але немагчыма тут абмінуць і велічны неагатычны Петрапаўлаўскі касцёл пабудаваны з чырвонай цэглы ў 1903 годзе па праекце Канстанціна Вайцяхоўскага.

12.jpgФота: planetabelarus.by

12-1.jpgФота: planetabelarus.by

Касцёл быў узведзены на ахвяраванні неабыякавых парафіянаў, імёны якіх выбітыя на вапняных блоках, з якіх складзены падмурак. Але імёны былі нядбайна зафарбаваныя з-за халуйства, і, кажуць, нават не за савецкім часам. Уся справа ў тым, што імя імператара Мікалая ІІ не было згадана сярод фундатараў (хаця грошай на храм ён не ахвяраваў), менавіта таму, па загадзе тагачаснай адміністрацыі, усе надпісы былі знішчаны. А замест іх прымацавана адна шыльда з іменем самі ведаеце каго.

13.jpg

Фота: planetabelarus.by

Унутры варта звярнуць увагу на велічныя стрэльчатыя вокны, драўляныя алтары, амбон, лавы для вернікаў, выкананыя ў вытанчанай неагатычнай стылістыцы. Вітражы, фрэскі, скульптуры, разьба па дрэве, кераміка ствараюць высокамастацкае асяроддзе храма. Тут нават ёсць пячоры, што імітуюць тыя, дзе нарадзіўся і дзе спачыў Хрыстос.

14.jpg

15.jpg

16.jpg

Бадай, самы каштоўны тут арган, створаны сям’ёй знакамітых майстроў Янтцон, бацькам і сынам, на мяжы ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў. Гэтыя ж майстры зрабілі і будслаўскі арган. Васілішкаўскі арган вылучаецца тым, што ён класічны барочны, у адрозненне ад большасці арганаў Беларусі, старэйшых за яго амаль на стагоддзе.

17.jpeg
Фота: onliner.by

Адметна, што бацька Чэслава Немена, Антон Выджыцкі (сапраўднае імя Немена — Чэслаў Юліюш Выджыцкі) быў арганістам. Тут жа быў хрышчаны і сам Чэслаў Немен. У Старых Васілішках у 2011 годзе ў хаце, дзе жыла сям’я Выджыцкіх, быў створаны дом-музей, якім апякуецца дырэктар Уладзімір Сянюта. Пан дырэктар апантаны сваёй справай і з радасцю правядзе цікавую экскурсію.

18.jpgФота: planetabelarus.by

Чытайце яшчэ: 

Што такое псалма і калі з’явіўся арган пры набажэнстве? Шукаем карані музычных царкоўных суправаджэнняў разам з «Будзьма!»


Вандруйце разам з «Будзьма!». ПЖ