«У нас дванаццаць з лішнім тысячаў рэк, адзінаццаць тысяч азёр...», падсумаваў некалі у сваім вершы Уладзімір Караткевіч, але нічога не згадаў пра крыніцы. Відаць, не выпадкова, бо падлічыць крыніцы на Беларусі — справа зусім няпростая, тут ніякая лічба не будзе канчатковай: у глыбінях лясоў заўжды знойдуцца новыя, яшчэ не вядомыя. Па дадзеных на 2020 год даследчыкамі было зафіксавана 1183 крыніцы: у Магілёўскай вобласці 256, у Мінскай 232, а трэцяе месца па колькасці займае Гродзеншчна, там вядома пра 230.
Сёння ў нашай традыцыйнай вандроўцы завітаем да пяці цікавых крыніц у розных кутках Беларусі. Пабачым, як вада «кіпіць» з-пад зямлі каля вёскі Ясенец Баранавіцкага раёна, паўглядаемся ў блакітна-смарагдавыя глыбіні Сіняга Калодзежа, пакаштуем жывой і мёртвай вады з крыніцаў ля вёскі Косічы ды наведаем шмат іншых цікавостак.
Фота: tropinki.by
Крыніца Кіпятак, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць
Адна з самых незвычайных для нашага краю крыніц знаходзіцца ля вёскі Ясянец Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Назву Кіпятак крыніца атрымала невыпадкова, візуальна яна сапраўды нагадвае некалькі гейзераў, якія выштурхоўваюць ваду на паверхню з нетраў зямлі. Тэмпература вады ў вадаёме на працягу года амаль не змяняецца, каля 9°С, што ўзімку можна лічыць амаль «кіпнем».
Крыніца Кіпятак. Фота: tropinki.by
Кіпятак — адзіная ў Беларусі крыніца ўзыходнага тыпу. З-за геалагічных асаблівасцяў мясцовасці, якая належыць да тэрыторыі Наваградскага ўзвышша, вада знаходзіцца пад ціскам і ў пэўным сэнсе б’е з-пад зямлі, нібы кіпіць. Крынічная вада моцна насычана жалезам, таму штодня яе ўжываць не рэкамендуецца, але ж асобам, якім бракуе жалеза ў арганізме, яна будзе вельмі карыснай. Ясянецкая крыніца — помнік прыроды мясцовага значэння.
Крыніца Кіпятак. Фота: tropinki.by
Чытайце яшчэ: 10 старажытных храмаў Баранавіцкага раёна
Крыніцы з жывой і мёртвай вадой, Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць
Паміж вёскамі Косічы і Малыя Ганчары Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці знаходзіцца ўнікальны прыродны помнік, так званыя крыніцы з «жывой» і «мёртвай» вадой.
Месцічы кажуць, што пра гэтыя крынічкі ведаюць нават тыбецкія манахі, якія і распавялі адному з вандроўнікаў пра іх гаючыя ўласцівасці. Ходзяць чуткі, што падобных месцаў у свеце ўсяго сем, а па некаторых звестках, нават два: у Тыбеце і ў Беларусі.
Крыніцы з жывой і мёртвай вадой. Фота: rodnikbel.by
Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што мёртвая вада з крыніцы чысціць вантробы, забівае бактэрыі і мікробы, а жывая — аднаўляе арганізм. Таму на ноч варта ўжываць мёртвую ваду, а раніцай — жывую, і не толькі піць, але і абмываць раны.
Калі ўважліва прыслухацца, два струмяні крынічнай вады нават гучаць па-рознаму: мёртвая — марудна і ціха, жывая — гучна і хутка. У калодзежы з мёртвай на дне пабачым чысцюткі жвір, а калодзеж з жывой зацягнуты налётам водарасцяў. Крыніцы далей па плыні зліваюцца і поўняць рэчку Ятранку. Сюды абавязкова варта патрапіць, каб пабачыць яшчэ адно з прыродных цудаў Беларусі ды адчуць моц гэтага месца. Ці проста папоўніць запасы карыснай пітной вады.
Крыніцы з жывой і мёртвай вадой. Фота: rodnikbel.by
Янаўская крыніца, Мёрскі раён, Віцебская вобласць
Далей рушым яшчэ паўночней да месца, дзе збягаюцца межы трох раёнаў Віцебскай вобласці: Шаркаўшчынскага, Мёрскага і Глыбоцкага. Тут, каля вёскі Чарневічы знаходзіцца ўнікальны помнік прыроды мясцовага значэння — Янаўская крыніца. Фармальна крыніца знаходзіцца на тэрыторыі Мёрскага раёна, але праваслаўная капліца св. Яна Хрысціцеля, якую надбудавалі над крыніцай, прыпісаная да Чарневіцкай парафіі Глыбоцкага раёна.
Янаўская крыніца. Фота: wikimedia.org
Янаўская крыніца бярэ пачатак з узгорку на ўскраіне лесу і далей па плыні жывіць мясцовую раку Авуту. Вядома, што тэмпература вадаёма нават улетку тут не перавышае 10°С, не перасыхае ў спёку і не замярзае ў маразы. Жыхары Чарневічаў пераконваюць, што крынічная вада доўга захоўваецца і ў ёй можна кансерваваць агуркі нават без стэрылізацыі. Даследчыкі таксама не супярэчаць: ні па адным з гідрахімічных паказнікаў у вадзе з крыніцы не выяўлена перавышэнне нормы.
Янаўская крыніца. Фота: wikimedia.org
Шматлікія вернікі лічаць, што вада з Янаўскай крыніцы мае і лекавыя ўласцівасці, асабліва яна дапамагае людзям хворым на вочы. Паводле адной з легендаў пра паходжанне Янаўскай крыніцы, некалі побач з ёй праходзіў невідушчы вадроўнік, які пакутваў ад смагі. Ён выйшаў на гук крынічнай вады, абмыў ёй вочы і цудадзейным чынам акрыяў. З удзячнасці за вернуты зрок стары збудаваў над крыніцай драўляную капліцу.
Янаўская крыніца. Фота: wikimedia.org
Сіні Калодзеж, Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць
Далей рушым да адной з пяці крыніцаў, унесеных у спіс прыродных помнікаў рэспубліканскага значэння і да самай вялікай па плошчы крыніцы Беларусі. Знаходзіцца яна ля адселенай пасля Чарнобыльскай аварыі вёскі Кліны ў Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці. Тут кожную секунду з нетраў зямлі ўздымаецца на паверхню каля 60 літраў вады, таму гэтую крыніцу можна лічыць і самай вялікай ва Усходняй Еўропе. Спрадвеку крыніца мела назву Сіні Калодзеж, але не так даўно ўнікальны помнік прыроды перайменаваны ў Блакітную крыніцу.
Сіні Калодзеж
Іншая аўтэнтычная назва вадаёма — Сіні Ключ, бо, паводле ўспамінаў месцічаў, былі часы, калі слуп крынічнай вады ўздымаўся тут вышэй за рост чалавека. Зараз жа крыніца больш нагадвае невялічкае возера характэрнага блакітна-смарагдавага з-за крэйдавых адкладанняў колеру, дзе збіраецца вада з падземных ключоў. З Сіняга Калодзежа выцякае ручай Галубка, які з’яўляецца прытокам ракі Галубы, што ўпадае ў Сож.
Сіні Калодзеж
З Сінім Калодзежам звязаная процьма мясцовых легендаў, самая вядомая з іх пра валатоўну Кацярыну, за якую на смерць біліся два хлопцы Марка і Сцяпан. Перамог, на жаль, нялюбы, і тады дзяўчына ператварылася ў крыніцу. У дахрысціянскія часы Кацярына ў пары са Сцяпанам, імя якога адпавядала тады Вялесу, адказвала за падземныя воды, багацце і жыццёвую сілу. А сіні колер і калодзеж сімвалізавалі сувязь з іншым светам. Паводле назвы, можна меркаваць, што крыніца была сакральным месцам.
Сіні Калодзеж
Мясціны ля Сіняга Калодзежа надзвычай маляўнічыя, але дзясяткі тысяч людзей, якія збіраюцца ля крыніцы ў жніўні падчас Мядовага спасу цягам апошніх год, і зона адпачынку з мангаламі, уладкаваная побач — вялікае выпрабаванне для прыроднага помніка з ахоўным статусам. Таму, каб адчуць атмасферу некалі сакральнага месца напоўніцу, раім прыехаць сюды ў які іншы дзень, а жаданне пасмажыць шашлыкі рэалізаваць ў іншым месцы.
Сіні Калодзеж. Фота: planetabelarus.by
Чытайце яшчэ: 7 архітэктурных цудаў Мсціслава
Кагальны калодзеж, Мсціслаўскі раён, Магілёўская вобласць
Апошнім прыпынкам на сёння будзе горад Мсціслаў таксама на Магілёўшчыне, якая лідзіруе ў Беларусі па колькасці зафіксаваных крыніцаў. Тут нас цікавіць гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння — крыніца «Кагальны калодзеж». У свой час менавіта гэты калодзеж быў асноўнай крыніцай пітной вады ў горадзе: крыніца і зараз б’е з-пад самай замкавай гары. Яшчэ крынічная вада поўніла абарончы роў вакол замчышча, які быў істотнай перашкодай для захопнікаў.
Кагальны калодзеж
Мсціслаў ля замчышча
Назва «Кагальны» адсылае да яўрэйскай гісторыі Мсціслава: большую частку насельніцтва беларускіх гарадоў ды мястэчак яшчэ стагоддзе таму складалі яўрэі, і Мсціслаў не быў выключэннем. Кагальны — значыць супольны, грамадскі. Старажылы яшчэ памятаюць, як мясцовыя яўрэі за прымальную ўзнагароду развозілі ваду з крыніцы па горадзе.
Кагальны калодзеж
Не так даўно побач з крыніцай уладкавалі купальню, пабудова шчодра аздоблена праваслаўнымі крыжамі ды абразамі. Побач вісіць шыльда, дзе можна пацікавіцца складам вады ды запланаваць наступнае падарожжа па Магілёўскім турыстычным маршруце «Край гаючых крыніц», каб напіцца з усіх навакольных ключоў. Мсціслаўская ж вада абяцае дадаць моцы і бадзёрасці, але знаўцы не раяць ужываць яе шмат з-за высокай мінералізацыі і не самых лепшых мікрабіялагічных паказчыкаў.
Крыніца «Кагальны калодзеж», у купелі. Фота: planetabelarus.by
Чытайце яшчэ: Топ-5 «заброшак» Магілёўшчыны, якія вам абавязкова трэба паспець убачыць
Язэп Вараніцкі, budzma.org