Лета мінула, але і ўвосень вандроўкі не губляюць сваёй актуальнасці, зараз у іх прыўносіцца асаблівая рамантычнасць атмасферы краявідаў, стану прыроды. Кожны, хто здольны адчуць, абавязкова знойдзе нешта сваё. Варта рушыць, каб зразумець. Падарожнікаў, што завітаюць на землі колішніх Наваградчыны і Слонімшчыны, а сёння ў Баранавіцкі раён, чакае шмат цікавага. Каб нічога не прапусціць, сабралі для вас найбольш вартыя ўвагі турыстаў культавыя пабудовы Баранавіцкага раёна.
Фота: planetabelarus.by
Касцёл Божага Цела. Крошын
Касцёл Божага Цела быў узведзены ў Крошыне ў 1920-я гады ды захаваўся ў сваім першасным выглядзе па сённяшні дзень. Крошынскі храм — помнік архітэктуры мадэрну. Ён збудаваны на месцы больш старажытнага драўлянага касцёла. Касцёл у Крошыне яшчэ адметны тым, што ў ім знаходзіцца жырандоля, зробленая ў 1881 годзе Паўлюком Багрымам паводле замовы тагачаснага гападара маёнтка Крашын Пятра Завадскага для ягонай сядзібы.
Фота: wikimedia.org
Вядома, што Паўлюк Багрым быў не толькі выбітным кавалём, але і паэтам. На жаль, да нашых дзён захаваўся адзіны ягоны верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы...». Вядома, што напісаў ён значна больш. Але пагаворваюць, што захаваны сшытачак з вершамі нехта з месцічаў пусціў на самакруткі ў першай палове ХХ стагоддзя. За касцёлам можна пабачыць магілу Паўлюка Багрыма з надмагільным помнікам аўтарства Заіра Азгура.
Фота: wikimedia.org
Пасля Другой сусветнай вайны храм быў зачынены, а пасля перароблены ў музей калгаса «Перамога». Тады ў падмурак былі ўмураваныя надмагільныя пліты з мясцовых прыкасцёльных могілак. Толькі ў 1990-м касцёл Божага Цела быў вернуты вернікам.
Чытайце па тэме: 8 архітэктурных цудаў Івацэвіцкага раёна
Касцёл Перамянення Ісуса. Новая Мыш
Касцёл Перамянення Ісуса ў Новай Мышы збудаваны на цэнтральнай плошчы колішняга мястэчка ў стылі класіцызм ў 1825 годзе на месцы ранейшага драўлянага касцёла 1641 года.
Фота: planetabelarus.by
З асабліва цікавага тут захоўваецца барочны арган, зроблены ў 1762 годзе, перанесены разам з амбонам ды алтарамі па скасаванні кляштара бенедзікцінак пасля Студзеньскага паўстання з Нясвіжа. З таго часу аўтэнтычным у аргане застаўся толькі праспект, астатняя частка грунтоўна перароблена Фларыянам Астраменцкім у 1891 годзе.
Фота: argany.by
Траецкая царква. Вялікая Сваротва
Асноўнай архітэктурнай перлінай Вялікай Сваротвы з’яўляецца незвычайная трохкутная Траецкая царква, першапачаткова пабудаваная ў 1823 годзе і ўжо ў нашым тысячагоддзі адноўленая са зруйнаванага стану. Гэта адзіная царква ў Беларусі, якая мае форму трохкутніка. Уваходныя дзверы былі прадугледжаны з усіх бакоў, алтар раней размяшчаўся ў цэнтральнай частцы храма, але пасля аднаўлення яго перанеслі ў адзін з кутоў.
Фота: planetabelarus.by
Яшчэ ў 1747 годзе на месцы сучаснай царквы быў пабудаваны драўляны ўніяцкі храм на каменным падмурку. У 1823 годзе тагачасныя гаспадары Сваротвы Незабытоўскія фундавалі будаўніцтва новай мураванай бажніцы на старым падмурку.
Фота: planetabelarus.by
Даследчыкі выказваюць меркаванне, што такая незвычайная форма царквы тлумачыцца тым, што праз яе падкрэслівалася адрозненне ўніяцкага храма ад каталіцкага касцёла ці праваслаўнай царквы, а магчыма, у падобнай архітэктурнай форме ўвасобілася канцэпцыя таго, што ва ўніяцкі храм без супярэчнасцей ёсць магчымасць прыходзіць маліцца і каталікам, і праваслаўным, і непасрэдна ўніятам.
Фота: planetabelarus.by
Чытайце па тэме: 7 цудаў Лунінеччыны
Касцёл Яна Хрысціцеля. Сталовічы
Узвядзенне касцёла Яна Хрысціцеля ў Сталовічах звязанае з іменем Жыгімонта Караля Радзівіла, які заснаваў тут адзіны на сучаснай тэрыторыі Беларусі асяродак Мальтыйскага каталіцкага рыцарскага ордэна, з дзейнасцю якога ён пазнаёміўся падчас навучання ў італійскім горадзе Балоння, дзе і папоўніў шэрагі прадстаўнікоў ордэна. Спачатку Караль Жыгімонт фундаваў у Сталовічах будаўніцтва драўлянага касцёла, а пазней, у 1639 годзе, мураванай капліцы, асвечанай у гонар Маці Божай Ларэтанскай. Тут жа захоўвалася скульптура Маці Божай, якую, паводле легенды, прывез Караль-Жыгімонт з Італіі з-за яе надзвычайнай прыгажосці.
Фота: planetabelarus.by
У 30-я — 40-я гг. XVIII стагоддзя паводле праекта выбітнага архітэктара Яна Глаўбіца над капліцай быў узведазены велічны мураваны храм Яна Хрысціцеля ў стылі віленскага барока, які мы можам пабачыць і сёння, але ў моцна пераробленым выглядзе.
Фота: planetabelarus.by
За Расійскай імперыяй у 1817 годзе Мальтыйскі ордэн быў скасаваны, а ў 1868 годзе, пасля Студзеньскага паўстання, будынак касцёла Яна Хрысціцеля быў перададзены праваслаўнай царкве. Падчас перабудовы фасада храм страціў дэкаратыўныя вежы, фігурныя франтоны, у касцёле былі знішчаны арган і амбон. Пазней у Расію было вывезена і ўнутранае ўбранства храма, у тым ліку і скульптура Маці Божай Ларэтанскай.
Фота: planetabelarus.by
Касцёл Сэрца Ісуса. Сталовічы
Як толькі быў атрыманы дазвол уладаў на будаўніцтва новых каталіцкіх храмаў, сталовіцкія каталікі хутка сабралі сродкі на ўзвядзенне з чырвонай цэглы неагатычнага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ўзамен сканфіскаванага Расійскай імперыяй на карысць праваслаўнай царквы касцёла Яна Хрысціцеля. Храм будаваўся з 1907 па 1910 гг. і добра захаваўся да нашых дзён. Сёння ён велічна ўзвышаецца над панарамай сучасных Сталовічаў.
Фота: planetabelarus.by
Траецкі касцёл. Ішкалдзь
Мясцовы Траецкі касцёл з’яўляецца адным з першых каталіцкіх храмаў, пабудаваных на тэрыторыі Беларусі. Старэйшы за яго касцёл у вёсцы Усялюб, што на Наваградчыне, неаднаразова рэканструяваўся, храм жа ў Ішкалдзі захаваў свае гатычныя абрысы ажно з ХV стагоддзя. Траецкі касцёл зведаў усе рэлігійныя ваганні ў краі: першапачаткова ён быў пабудаваны на сродкі смаленскага ваяводы Мікалая Неміровіча як каталіцкі храм, у другой палове ХVI стагоддзя Мікалай Радзівіл Чорны пераўладкаваў касцёл пад кальвінскі збор, у 1641 годзе будынак вярнуўся да каталікоў, за Расійскай імперыяй на пяцьдзясят гадоў быў перададзены праваслаўным, а ў міжваенны час зноў вернуты каталікам.
Фота: planetabelarus.by
За савецкім часам касцёл быў некалькі гадоў зачынены, у 1969-м яго хацелі зруйнаваць, але мясцовыя жанчыны, пакідаўшы сваю гаспадарку, прыбеглі і літаральна леглі пад колы машыны, нагружанай касцельнымі рэчамі, і адстаялі храм. Пра гэтую гісторыю сведчыць незвычайны сюжэт, які можна заўважыць на адным з вітражоў касцёла. Храм быў вернуты вернікам ужо ў 1970-я гады. У касцёле апроч вітражоў варта звярнуць увагу на ўнікальны для Беларусі арган ХІХ стагоддзя, верагодна, зроблены ў колішнім горадзе Dorpat (сёння Тарту, Эстонія) невядомым майстрам.
Фота: planetabelarus.by
Чытайце па тэме: 7 цудаў Слонімшчыны
Касцёл Святога Юрыя. Паланечка
Драўляны касцёл Святога Юрыя 1899 года ў Паланечцы ўзведзены паводле праекта архітэктара Вайцяхоўскага ў неагатычным стылі з рысамі мадэрну. Верагодна, у касцёле, які быў на месцы сённяшняга, 1751 года пабудовы, хрысцілі Ігната Дамейку, які нарадзіўся ў суседнім маёнтку Мядзвядка. У 1899 годзе Альбрэхт Радзівіл фундаваў узвядзенне новага храма, які мы можам пабачыць сёння. Галоўны фасад касцёла ўпрыгожваюць дзве шатровыя вежы, паміж якімі знаходзіцца франтон з «вакном-ружай», што з’яўляецца тыповым для неаготыкі.
Фота: vedaj.by
Ва ўнутраным убранстве храма варта звярнуць увагу на абразы XVIII—ХІХ стагоддзяў. У алтарнай частцы знаходзяцца дзве мемарыяльныя шыльды Радзівілам, якім з ХVIIІ стагоддзя належала Паланечка. Яшчэ ў касцёле функцыянуе арган канца ХІХ стагоддзя, змайстраваны знакамітым віленскім арганным майстрам Фларыянам Астраменцкім у 1897 годзе. Побач з касцёлам варта звярнуць увагу на званіцу, старэйшую за сам касцёл, узведзеную яшчэ ў 1855 годзе.
Фота: argany.by
Свята-Крыжаўзвіжанская царква. Гарадзішча
У Гарадзішчы варта пабачыць колішнюю ўніяцкую царкву, сёння праваслаўную, што захавалася тут ажно з XVIII стагоддзя. Ансамбль Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы разам з драўлянай званіцай, пабудаванай у 1840-х, — помнік драўлянага дойлідства, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: planetabelarus.by
Першапачаткова драўляную грэка-каталіцкую царкву ў Гарадзішчы збудавалі ў 1764 годзе. Пасля ліквідацыі ўніяцтва ў 1839 годзе будынак быў сканфіскаваны і перададзены праваслаўным. Вядома, што ў 1879 годзе царкву моцна перабудавалі, каб наблізіць па стылі да расійскіх праваслаўных цэркваў.
Фота: planetabelarus.by
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай. Гарадзішча
Ёсць у Гарадзішчы і касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай — помнік архітэктуры барока мяжы XVIІ—XVIII стагоддзяў, перабудаваны з колішняга кальвінскага збору. Узнікненне першага касцёла ў Гарадзішчы датуецца канцом XV стагоддзя. Пасля Студзеньскага паўстання расійскія ўлады касцёл зачынілі і перадалі праваслаўным. Пазней, у 1874–1876 гг., будынак быў моцна перароблены, каб ягоны знешні выгляд больш адпавядаў расійскай праваслаўнай традыцыі, ля касцёла была ўзведзена званіца, а над дахам надбудавана пяць купалаў.
За польскім часам касцёл зноў вернуты вернікам ды знешне набліжаны да свайго першаснага выгляду ў 1930-х гг. Пасля Другой сусветнай вайны савецкімі ўладамі будынак быў ператвораны ў сховішча мэблі і толькі ў 1990-х гадах мінулага стагоддзя храм Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай зноў адчыніў свае дзверы вернікам і дзейнічае па сённяшні дзень.
Фота: planetabelarus.by
Чытайце па тэме: 7 цудаў Ашмяншчыны
Свята-Траецкая царква. Вольна
У вёсцы Вольна ўнікальны Свята-Траецкі храм 1768 года. Ён быў узведзены пры мужчынскім кляштары базылянаў. Пасля скасавання ўніяцтва Расійскай імперыяй быў аддадзены праваслаўным. Адметнасцю храма з’яўляецца ягоная незвычайная архітэктурная форма. Царква была спраектавана невядомым майстрам у стылі віленскага барока, але з масіўнымі гатычнымі элементамі абарончай архітэктуры.
Фота: planetabelarus.by
Унутры храма апроч мураванага алтара ў аўтэнтычным выглядзе захаваныя: амбон, упрыгожаны скульптурай прарока Маісея, фератроны — уласцівыя ўніяцкай і каталіцкай традыцыям двухбаковыя перанасныя алтары першай паловы ХІХ ст., памятныя шыльды Юзафа Мацкевіча, былога каморніка наваградскага, і ягонай жонкі Марцыяны. Праваслаўныя абразы тут ужо больш позняга часу, прыблізна канца ХІХ стагоддзя.
ПЖ, budzma.org