Гарматы як сродак вайны, твор мастацтва, падарунак, архітэктурная аздоба і нават… элемент савецкай прапаганды.
Калі глядзіш на радзівілаўскія гарматы 400-гадовай даўніны, сапраўды цяжка вызначыць, чаго тут было больш — ваеннага альбо мастацкага. Як выявілася, гарматы мелі не толькі ўласныя імёны, але і багатую рэнесансную альбо барочную аздобу — карынфскія капітэлі, галовы пачвараў, матывы з грэцкай міфалогіі, што кардынальна не супадае з пазнейшым утылітарным падыходам да зброі.
Тэмай чарговай сустрэчы ў “Цэху жывой гісторыі” на пляцоўцы бара Beer&Wine (вул. Кульман, 9), стала “Артылерыя Вялікага Княства Літоўскага ў XVI–XVIII стагоддзях: інструмент вайны і феномен культуры”.
У якасці гіда па малавядомым пакуль сусвеце артылерыі Вялікага Княства выступіў гісторык Мікола Волкаў, аўтар манаграфіі “Артылерыя Нясвіжскага замка”.
Найстаражытнейшая вядомая беларуская гармата, а дакладней, яе частка, была знойдзеная падчас раскопак у Старым замку у Гродне некалькі гадоў таму. Гэта разарваны выбухам “казённік” XV ст., выяўлены, што цікава, у слаі… XVII ст. Знаходка адразу выклікала ў археолагаў шмат пытанняў: у XVII ст. такога ўжо не прадукавалі, дык як яно тут апынулася?
Казённік ад разарванай сярэднявечнай гарматы, знойдзены ў гарадзенскім Старым Замку
Аказалася, усё проста: вельмі часта, асабліва ў старых крэпасцях, выкарыстоўвалі рыштунак даўнейшых эпохаў, які знаходзіўся ў арсенале, нават калі зброя была вырабленая 100 і болей гадоў таму. Як правільна карыстацца такімі старымі гарматамі, часта ўжо ніхто не памятаў, таму і норму пораху маглі пераблытаць. У выніку гармату проста разарвала.
Дагэтуль ніхто не ведае, якія дакладна гарматы выкарыстоўваліся ў бітве пад Оршай у 1514-м. Здавалася б, ёсць вельмі падрабязная карціна невядомага мастка, зробленая ў 1530-х, з дэтальнай прамалёўкай усіх аспектаў баталіі. Выявілася, што частка гарматаў была дакладна спісаная …з гравюраў Дзюрэра, іншыя нагадваюць малюнкі Шона.
Гармата на лафеце з двухколым перадком, карціна ”Бітва пад Оршай 1514”, невядомы мастак
У той жа час сам невядомы мастак, які ў бітвы не ўдзельнічаў, імкнуўся перадаць для нашчадкаў фактуру, прынамсі колькасную. Таму акурат колькасць выяўленых “ствалоў” — 26 — можа быць цалкам рэальнай.
Найбольшая ілюстрацыйная база па гарматах ВКЛ — гэта альбомы Тэлота, шведскага мастака, які на замову Карла ХІІ зрабіў 3 альбомы з малюнкамі трафейных гарматаў. Як вядома, артылерыйскі парк нашай краіны моцна пацярпеў пасля Паўночнай вайны: шмат што было вывезена расійцамі ды шведамі, нешта — пашкоджана альбо затоплена.
Карл ХІІ, у сваю чаргу, быў апантаны ідэяй зрабіць Палац трафеяў, дзе б месціліся сцягі, зброя і ў тым ліку гарматы дзяржаваў, з якімі ён ваяваў. Таму Тэлоту і давялося замаляваць ажно 500 аркушаў выявамі “палоннай” артылерыі, 200-300 з іх прыпадае на гарматы Рэчы Паспалітай. Менавіта з гэтага альбома мы маем выявы артылерыі, адлітай за Жыгімонтам ІІ Аўгустам (з выявай калюмнаў і Пагоні), якія былі на ўзбраенні ў дзяржавы ажно да XVIII ст. Некаторыя па-мастацку аздобленыя гарматы Радзівілаў дагэтуль захоўваюцца ў Стакгольме.
Дата ліцця і гербы на гармаце Жыгімонта І Старога, 1529
Беларускія інжынерныя войскі мелі б весці сваю гісторыю не ад Пятра І (пра што сведчаць плакаты ў сучасных вайсковых частках), а з часоў ВКЛ. Фактычна, яны былі створаныя разам з пачаткам выкарыстання артылерыі і для яе патрэбаў. Цікава, што на той жа выяве бітвы пад Оршай пяхота і кавалерыя перапраўляюцца праз рэчку Крапіўну ўброд, а вось для падвозу гарматаў збудаваныя пантонныя масты.
”Спаленне” гарматы
Можна згадаць таксама мост пад Рэчыцай, наведзены войскамі Юрыя Радзівіла, калі той выпраўляўся ў паход у напрамку Гомеля, а пазней на Старадуб у 1534-м, ды шматлікія іншыя выпадкі. Такім чынам, беларускія інжынерныя войскі смела могуць дадаваць сабе 200 гадоў гісторыі.
Вельмі часта гарматы, як і сярэднявечныя мячы, мелі індывідуальныя назвы ды асаблівасці. “Саламандра”, “Хімера”, “Гідра”, “Папугай”, “Цырцэя”, “Сава”, “Цэрбер”, “Вінаград” — усё гэта не пачвары з бестыярыю, а назвы рэальных радзівілаўскіх ваенных машынаў. Былі назвы і больш духоўныя: “Св. Мікалай”, “Св. Кшыштаф” альбо “Чатыры евангелісты” — Мікалай Радзівіл Сіротка меў выразны сантымент да хрысціянскай тэмы.
Ствол і каўнер гарматы ”Папугай”
Малюнак гарматы ”Саламандра”, 1599 год
Дэкор ствала гарматы ”Гідра”, выява гідры
Сімвалічна паўтарэнне лічбы 4 у назвах, бо акрамя евангелістаў, была і гармата “Чатыры элементы”, якая выклікае алхімічныя асацыяцыі. Даследчыкі звязваюць гэта з чатырма бастыёнамі замка ў Нясвіжы, для якога і прызначаліся гарматы.
Ліць гарматы — справа нятанная. Выраб усяго адной, адлітай з бронзы пад кантролем запрошанага з Нямеччыны майстра ды па-мастацку аздобленай, мог сягаць 3000 злотых. Для параўнання, гадавыя прыбыткі Льва Сапегі напрыканцы XVI ст. з усёй ягонай уласнасці складалі 30 000 злотых (усяго на 10 гарматаў). У прыватнасці, з Магілёўскага староства — 5000 злотых: тут і на дзве гарматы б не хапіла…
Мікалай Радзівіл Сіротка
Траціна гадавых прыбыткаў Мікалая Радзівіла Сіроткі, фаната артылерыі, ішла на гарматы. Гэта была ўжо не толькі цяжкая зброя, але і паказчык статусу, і твор мастацтва, і самарэалізацыя. Так з’явілася традыцыя дарыць гарматы, чым займаўся не толькі Сіротка, але і ягоныя дзеці: адна з замкавых гарматаў была падораная каралю Уладзіславу IV, калі той з паходам ішоў на Маскву.
Гармата Жыгімонта І Старога, 1529
Канец XVIII — пачатак ХІХ стст. — заняпад эпохі артылерыі “старой закваскі”, час рэвалюцыі ў ваеннай справе. Гарматы ВКЛ ужо былі часткова пераплаўленыя, часткова звезеныя за мяжу, часткова згубленыя альбо надзейна прыхаваныя. Часам нават магнаты не маглі адшукаць патрэбны ствол хаця б для таго, каб даць урачысты салют у палацы ці замку.
Найбольш знакамітыя гарматы Нясвіжа былі часткова вывезеныя расійцамі — “у скарб гасудара” — для далейшай пераплаўкі. Часткова магнаты ўпрыгожылі імі палацавы ганак, упісаўшы ў якасці архітэктурных элементаў.
Калі Нясвіж у 1939-м трапіў у склад БССР, рэшткі радзівілаўскай артылерыі перавезлі ў Гістарычны музей. Цікава, што ў 1942-м у занятым немцамі Мінску нехта з афіцэраў звярнуў увагу на надпіс на гармаце: “З гэтых гарматаў літоўскія феадалы стралялі па беларускіх сялянах”. Пазней гарматы перавандравалі спачатку ў Ленінград, пасля ж былі ласкава перададзеныя з СССР у Польшчу: маўляў, ваша спадчына, вы і забірайце!
Гарматы побач з ганкам паўднёвага корпусу палацу ў Нясвіжы, канец ХІХ – пач. ХХ ст
P.S. Мікола Волкаў лічыць, што тэма артылерыі ВКЛ толькі набірае абароты і магла б стаць “фішкай” таго ж Нясвіжа. Пакуль ішла рэстаўрацыя замка і былі грошы, існаваў нават праект аднаўлення палацавага артылерыйскага парку. Праўда, адлітыя былі ўсяго дзве гарматы. Артылерыйская тэма можа мець працяг, у тым ліку ў серыі сувенірнай прадукцыі — мініяцюрных бамбардаў ды марціраў, на манер алавяных жаўнерыкаў. Было б жаданне!
«Цэх жывой гісторыі» створаны як нефармальнае аб’яднанне людзей, зацікаўленых гісторыяй і культурай Беларусі ад старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя.
Дзейнасць «Цэха» ажыццяўляецца праз публічныя навукова-папулярныя выступы прафесійных гісторыкаў і актыўных удзельнікаў рэканструкцыйнага руху. Галоўнай мэтай гэтых навукова-папулярных выступаў з’яўляецца асвятленне пэўных пытанняў ваеннай і цывільнай гісторыі з максімальна шырокім выкарыстаннем інтэрактыўных сродкаў (дэманстрацыя рэканструкцыі прадметаў узбраення і побыту і асаблівасцяў іх выкарыстання ў пэўную эпоху). Гэта дазваляе яго наведнікам, з аднаго боку, атрымаць самыя сучасныя і максімальна паглыбленыя веды па пэўных гістарычных пытаннях ад найбольш дасведчаных спецыялістаў, а з іншага — «дакрануцца» да матэрыяльнай культуры і побыту адпаведнай эпохі.
Працай «Цэха жывой гісторыі» кіруе яго «майстар» — кандыдат гістарычных навук Мікалай Плавінскі.
Алесь Кіркевіч, budzma.org