Лета — найлепшы час для вандровак. Скептыкаў, упэўненых у тым, што ў Беларусі няма чаго глядзець, пасля Гродна варта звазіць у Пінск, каб пераканаць у адваротным. Пінск — другі па колькасці захаваных гісторыка-культурных каштоўнасцей горад у нашай краіне. Тут усё ў парадку і з месцамі, дзе падсілкавацца, і дзе адпачць на любы густ. Сёння спынімся на 7 архітэктурных «цудах» Пінска, якія абавязкова варта пабачыць.
Пінск. Малюнак Паўла Татарнікава
1.Езуіцкі калегіум (пл. Леніна, 22)
Пачнем наш шпацыр з цэнтральнай плошчы Леніна. Тут узвышаецца галоўная архітэктурная перліна Пінска і адначасова самы стары будынак у горадзе — езуіцкі калегіум — частка ансамблю езуіцкага кляштара. Да 1953 года побач стаяў барочны касцёл св. Станіслава, які быў знішчаны падчас «добраўпарадкавання» плошчы.
Фота: planetabelarus.by
Пінскі езуіцкі калегіум быў узведзены ў 1675 годзе на стыку архітэктурных стыляў рэнесансу і барока, дакладней у часы трансфармацыі аднаго стылю ў іншы. Будынак калегіума ўнікальным чынам спалучыў геаметрычнасць, сіметрыю, правільныя прапорцыі, уласцівыя для рэнесансу, і выкшталцоныя, ненатуральныя барочныя формы. На фасадзе можна пабачыць ацалелы гадзіннік, зроблены ў 1913 годзе.
Фота: budzma.org
Фота: budzma.org
2.Рачны вакзал (Дняпроўскай флатыліі, 21)
Ад калегіума варта спусціцца на набярэжную ракі Піна, да будынка рачнога вакзала. Гэты помнік палескага драўлянага дойлідства першай паловы ХХ стагоддзя нагадвае пра старажытную гісторыю водных транспартных шляхоў паміж гарадамі Беларусі.
Фота: natatnik.by
Падобныя будынкі на вадзе яшчэ захаваліся ўсяго ў 5 гарадах: Брэсце, Гомелі, Магілёве, Рэчыцы ды Тураве. Калісьці Піна, якая ўпадае ў Прыпяць, была часткай значнага шляху паміж Балтыйскім і Чорным морамі.
Фота: budzma.org
3. Кафедральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, кляштар францішканаў (вул. Леніна, 16).
Сярод забудовы асноўнай турыстычнай вуліцы Пінска асабліва вылучаецца ансамбль былога кляштара францішканаў з касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У Пінску кляштар францішканаў быў заснаваны ў 1396 годзе, адным з першых у Беларусі. У 1730 годзе першапачаткова драўляны храм быў перабудаваны ў мураваны ў стылі барока, які мы можам пабачыць сёння.
Пінскі касцёл — адзін з трох у Беларусі, што мае ганаровы для каталіцкіх храмаў чын basilica minor, малой базілікі, які надае сам Папа Рымскі. Такі статус маюць яшчэ фарны касцёл у Гродне і касцёл у Будславе.
Фота: budzma.org
На працягу пяцідзесяці гадоў, пасля вяртання са сталінскіх лагераў, спадчынай францішканаў апекаваўся першы беларускі кардынал Казімір Свёнтак, які ў 2001 годзе аднавіў у Пінску семінарыю імя Тамаша Аквінскага, выпускніком якой быў і сам у 1939 годзе. Пахаваны Свёнтак у крыпце касцёла.
Фота: budzma.org
У 1817 годзе побач з касцёлам была ўзведзена трохузроўневая званіца. У 1930-я гг. пасля пажару яе зрабілі вышэйшай на адзін ярус. Сёння з-за ледзь прыкметнага ухілу мясцовыя называюць яе «пінскай Пізанскай вежай».
Фота: budzma.org
Фота: budzma.org
Пінская катэдра і кляштар — самы вялікі з захаваных барочных архітэктурных ансамбляў у Беларусі. Унутранае аздабленне храма ўражвае сваёй раскошай. Варта звярнуць увагу на сем алтароў, драўляны амбон і каля сямідзесяці скульптураў, аздобленых пазалотай.
Фота: budzma.org
Тут жа пабачым і «Пінскую Мадонну» аўтарства ўдзельніка паўстання 1863 года, выбітнага беларускага мастака Альфрэда Ромэра. Кажуць, што маляваў Ромэр яе з мясцовай гараджанкі яўрэйскага паходжання.
Фота: budzma.org
Яшчэ ў гэтай унікальнай бажніцы знаходзіцца незвычайны арган, другі па велічыні ў Беларусі пасля Будслаўскага і адзін з самых старажытных з дзейных, усталяваны тут у 1836 годзе. Корпус яго захаваўся ў першасным выглядзе, як і траціна з 1498 металічных і драўляных трубаў. Астатнія дададзены ў 1936 годзе, пасля рэстаўрацыі.
4.Палац Бутрымовічаў (Леніна, 44)
Першы мураваны жылы будынак ў Пінску ХVIII стагоддзя вылучаецца сярод забудовы па вуліцы Леніна і сёння. Закладзены ён быў як рэзідэнцыя сям’і вядомага дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай Мацея Бутрымовіча ў 1784 годзе па праекце Караля Шыльдгаўза. Рэзідэнцыя спалучыла ў сабе рысы барока і класіцызму.
Фота: planetabelarus.by
Пасля Мацея Бутрымовіча палац належаў ягоным нашчадкам, прадстаўнікам выбітных палескіх радоў Скірмунтам, Ордам. Вядома, што Напалеон Орда, выбітны мастак і музыка ХІХ стагоддзя, унук Мацея Бутрымовіча, пэўны час гасцяваў у рэзідэнцыі дзеда. На працягу сваёй гісторыі палац быў таксама рэзідэнцыяй каталіцкага біскупа, друкарняй, кінатэатрам і домам піянераў. З 2009 года тут месціцца мясцовы ЗАГС.
Фота: budzma.org
А ў левым крыле будынка пару гадоў таму адчыніўся філіял Музея Беларускага Палесся, прысвечаны прадстаўнікам мясцовай шляхты: Бутрымовічам, Ордам і Скірмунтам.
Фота: budzma.org
5.Кафедральны сабор Св. Барбары (Савецкая, 34)
Сённяшні галоўны праваслаўны храм Пінска — перабудаваны касцёл, які ўваходзіў у ансамбль кляштара бернардынцаў. Мураваны касцёл Міхаіла Арханёла быў пабудаваны ў 1770-я — 1780-я гады ў стылі барока. Пасля паўстання 1830 года касцёл перароблены ў царкву Св. Барбары.
Унутры варта звярнуць увагу на абраз Маці Божай Адзігітрыі Іерусалімскай ХVI стагоддзя і абразы ХVIІІ стагоддзя «Пакроў», «Маці Божая Замілаванне», «Тройца Старазапаветная» ды іншыя. На алтарнай сцяне храма можна заўважыць фрэскавы роспіс ХІХ стагоддзя.
6.Касцёл Караля Барамея (Кірава, 37)
Адзін з захаваных да нашых дзён касцёлаў ордэна камуністаў можна пабачыць у Пінску па вуліцы Кірава, колішняй Альбрэхтаўскай. У 1695 годзе манахаў камуністаў запрасілі сюды з Паўночнай Італіі. Камуністы былі свецкімі ксяндзамі ды займаліся выкладаннем навук і выхаваннем моладзі, якая вырашыла прысвяціць сваё жыццё святарству. Тут жа была пабудавана і семінарыя ордэну.
Фота: planetabelarus.by
Сучасны мураваны храм паўстаў у 1782 годзе ў стылі барока. Падчас Другой сусветнай вайны касцёл не быў пашкоджаны, і за Саветамі яму цудам пашчасціла не быць знішчаным, бо тут зрабілі канцэртную залу. Сёння будынак выкарыстоўваецца па тым жа прызначэнні. Патрапіць туды вольна амаль немагчыма, на ўваходзе сустракаюць супрацоўнікі ды настойліва прапануюць ці набыць квіток на канцэрт і вяртацца пазней, ці сыходзіць.
7.Царква Уваскрасення Славушчага (Горкага, 33)
Ёсць у Пінску і ўнікальны будынак напалову царквы, напалову кінатэатра. Вядома, што за савецкім часам у культавых будынках часта размяшчалі разнастайныя культурніцкія і не толькі ўстановы. Але гісторыя, калі з кінатэатра рабілі царкву, рэдкая. Першапачаткова на гэтым месцы быў драўляны дамініканскі касцёл, вядомы з 1667 года, які ў ХІХ стагоддзі быў перабудаваны ў мураваны храм у стылі класіцызм ды перададзены праваслаўнай царкве. За савецкім часам у 1950-я гг. падчас чарговага «добраўпарадкаваня» Пінска будынак знеслі і на ягоным месцы пабудавалі кінатэатар паводле праекта Зоі Брод пад назвай «Дружба». У 1994 годзе будынак быў перададзены праваслаўным вернікам. Да яго былі дабудаваныя вежы, купалы, а на месцы, дзе раней быў экран, з’явіўся ўваход у новую храмавую залу.
Фота: planetabelarus.by
Вандруйце разам з «Будзьма!».
ПЖ, Budzma.org